Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прагаласаваў на выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
«Вы - байцы бачнага фронту», - такімі словамі прывітаў кіраўнік дзяржавы членаў выбарчай камісіі.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёна Мінска, які размяшчаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
Па дадзенай акрузе на гэтых выбарах балатуюцца шэсць кандыдатаў.
___________________________________________________________
Пасля галасавання кіраўнік краіны адказаў на пытанні журналістаў беларускіх і замежных СМІ. Найбольш часта ўзнятыя тэмы закраналі, зразумела, палітыку, хаця пытанні былі самыя розныя: ад філасофскіх да шчыра правакацыйных. Размова доўжылася больш за гадзіну.
Па Канстытуцыі Прэзідэнт выведзены над галінамі ўлады і нясе адказнасць за кожную — судовую, заканадаўчую, выканаўчую.
«Гэта мае дзеці, і я павінен іх пялегаваць, утрымліваць у парадку. Але галоўнае — яны мусяць быць (калі пра дзяцей казаць) апранутыя, накормленыя, з адпаведнымі ўмовамі для працы. Сёння мы выбіраем парламент, і я думаю, як яны будуць апранутыя, дзе будуць працаваць, вобразна кажучы, хто будзе кіраваць гэтымі 14 пастаяннымі камісіямі. Гэта павінны быць падрыхтаваныя людзі», — адзначыў Александр Лукашэнка.
Для кіраўніка дзяржавы гэта сур’ёзнае практычнае пытанне. Ён падкрэсліў, што дзяржава падтрымлівае людзей з канструктыўным падыходам. І выказаў гатоўнасць да крытыкі за гэтыя словы.
«Вельмі шмат праблем, шмат задач, але галоўная задача ўсіх уладаў — захаваць дзяржаўнасць. Мы пабудавалі першую ў Беларусі суверэнную і незалежную дзяржаву, чаго ніхто не аспрэчвае. Так, застаюцца людзі, якія цягнулі назад і зараз перашкаджаюць развіццю дзяржавы», — адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт чакае, што выбраны парламент менавіта гэтыя падыходы ўвасобіць у законе. А астатнія праблемы — ад дарог да зарплаты — павінны вырашаць прафесіяналы ў адпаведных галінах. Ад дэпутатаў Аляксандр Лукашэнка чакае, што яны зробяць законы прасцейшымі, зразумелымі кожнаму, сучаснымі.
«Раздзяленне ўладаў — даўно ўстаноўленая практыка ў нашай краіне, і ў гэтым кірунку трэба рухацца», — падвёў вынік Прэзідэнт.
Што да якасцяў, якімі ён кіраваўся пры выбары кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дастаткова паглядзець на спіс. Калі чалавек, назначаны калісьці Прэзідэнтам, рабіў толькі добрае, ён заслугоўвае гонару быць выбраным, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
Спешка ў прыняцці новай Канстытуцыі недапушчальная
Закранулі журналісты і пытанне анансаваных зменаў у Канстытуцыі.
«Я нічога не абяцаў. Я заяўляў, што нам трэба ісці да гэтага, казаў, што мы пачнем над гэтым працаваць. Больш за тое, я абяцаў, што гэта будзе даручана класным, моцным спецыялістам Канстытуцыйнага суда», — нагадаў беларускі лідар.
З элементамі новай Канстытуцыі з пункту гледжання Канстытуцыйнага суда Прэзідэнт азнаёміўся. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што многія з прапаноў могуць быць узятыя за аснову на другім этапе, калі будзе сфармаваная больш шырокая група спецыялістаў, якія паспрабуюць напісаць галоўны закон у сырым выглядзе. Калі Прэзідэнт пагадзіцца з дакументам, ён будзе прадстаўлены грамадскасці.
«Вось такі прыкладна план. Залежыць не ад мяне. Канстытуцыю павінны прымаць людзі нашы, грамадскасць і перш за ўсё моладзь. Таму што вам жыць з гэтай Канстытуцыяй. Тэрміны я ніякія ставіць не збіраюся: мы будзем спакойна праходзіць усе этапы. Спешка добрая ведаеце калі... Тут яна недапушчальная, гэта сур’ёзнае пытанне — як будзе жыць і развівацца краіна ў будучыні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры падрыхтоўцы варыянтаў змяненняў патрабаванне Прэзідэнта да юрыстаў было жорсткае: прапановы мусяць быць персанальнымі. І асабістая адказнасць за лёс краіны, за ўласную будучыню прынесла плён.
«Здзівіла і ўзрадавала, што людзі не збіраюцца ламаць цяперашнюю Канстытуцыю, не чапляюць раздзелы, якія працуюць. А дзесьці кірункі, артыкулы прапанавалі змяніць. Адказнасць павінна быць за гэты дакумент», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
Ідзе інтэнсіўная праца над пытаннем візіта Прэзідэнта Беларусі ў Латвію
Латвійскія журналісты пацікавіліся, калі чакаць Аляксандра Лукашэнку.
Пазіцыя кіраўніка краіны прынцыповая: як толькі будзе падрыхтаваны план дзеянняў, спіс пытанняў для абмеркавання і, галоўнае, праекты вырашэння гэтых пытанняў, Аляксандр Лукашэнка неадкладна паедзе ў Латвію. Такім жа падыходам ён кіраваўся падчас візіту ў Аўстрыю, які б негатыў ні шукалі некаторыя СМІ ў пошуках «гарачанькага».
«Ніякіх турыстычных паездак. Карысць нейкая мусіць быць для краіны. Трэба паехаць у Латвію і вырашаць там нейкія пытанні, каб прасунуць нашыя адносіны. З суседняй краінай шмат такіх пытанняў, якія пойдуць на карысць і вам, і нам. Я бачу імкненне латвійскага боку прыняць з візітам Прэзідэнта як прадстаўніка беларускага народу, вельмі гэта цаню», — адзначыў Прэзідэнт.
Зараз ідзе інтэнсіўная праца над гэтым пытаннем, можна меркаваць, што ў першым ці ў пачатку другога квартала наступнага году бакі будуць гатовыя.
«Людзі скажуць: ён прыехаў, і ёсць нейкі вынік. Гэта для мяне галоўнае як для народнага прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
«Перыяд да ўборкі ўраджаю магчыма адвесці пад прэзідэнцкую выбарчую кампанію»
Запыталі журналісты пра дату будучых у 2020 годзе прэзідэнцкіх выбараў. «Апошні тэрмін — канец жніўня», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. «Лета — усе ў водпусках», — адзначылі карэспандэнты. Але Прэзідэнт растлумачыў сваю пазіцыю. Па-першае, трэба падвесці вынікі гэтай выбарчай кампаніі. Па-другое, хто сапраўды хоча паўдзельнічаць у галасаванні, прыедзе ці перанясе падарожжа.
«Зімой — будзе неразумна пасля гэтых выбараў адразу назначыць чарговыя. І апазіцыя нас пачне дзяўбсці», — працягнуў кіраўнік краіны.
Ён звярнуў увагу, што звычайна пасля кампаніі ідзе спад палітычнай актыўнасці і апазіцыя будзе да іх не гатова «і скажа, што Лукашэнка нас вывеў са строю і праводзіць гэтыя выбары для сябе».
Потым, паводле слоў Прэзідэнта, у апазіцыі пойдзе пад’ём, але перасцярог яе ад «вясенняга абвастрэння». Затым адзначым 75-годдзе Перамогі, Дзень Незалежнасці, пасяўную. Перыяд, які застанецца да ўборкі ўраджаю, магчыма адвесці пад выбарчую кампанію.
Але Прэзідэнт прызнаўся, што пакуль не займаўся гэтым пытаннем: «Я пакуль так думаю, а то будзеце мяне потым папракаць, што я паабяцаў. Я проста разважаю. Але вы не спяшайцеся ў водпуск».
«Які водпуск, калі ў краіне будзе прэзідэнцкая кампанія», — адказалі журналісты.
___________________________________________________________
Лукашэнка пра намер балатавацца: Я за гэтае крэсла не трымаюся, але сваю кандыдатуру прапаную
Прэзідэнт пракаментаваў намер балатавацца на маючых адбыцца выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2020 і 2025 гадах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трымаецца за гэты пост, але лічыць для сябе абавязковым прапанаваць сваю кандыдатуру, «а людзі зробяць выбар».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова адказваў на пытанні з нагоды свайго намеру балатавацца на будучых прэзідэнцкіх выбарах. «Калі людзі мяне не падтрымаюць на нейкіх выбарах, я на іх не пакрыўджуся. Я ўжо папрацаваў прыстойную колькасць гадоў, — сказаў ён. — Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не».
Калі грамадзяне цэняць стабільнасць, спакойнае, упэўненае развіццё дзяржавы, яго суверэнітэт — гэта значыць, тую палітыку, якая праводзіцца цяперашнім Прэзідэнтам, то яны самі павінны ініцыяваць яго вылучэнне.
«Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Але калі буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, вядома, буду перажываць. Але, тым не менш, вы павінны маю кандыдатуру адкінуць на выбарах. І я паабяцаў, што сінімі пальцамі за крэсла трымацца не буду. Паверце, гэта не зусім мяккае крэсла», — заўважыў ён.
___________________________________________________________
Аляксандр Лукашэнка членам выбарчых камісій: Ахову ад мяне атрымаеце жалезную
Вітаючыся з членамі выбарчай камісіі на сваім участку, Прэзідэнт назваў іх «байцамі бачнага фронту».
«Яны сёння на перадавой. Гэта іх час — час выбраў іх. Лёс у іх такі. Трэба вытрымаць. Я ж не скарджуся, калі на мяне ўсе шышкі валяцца. Цэбар бруду вылілі — абсалютнай хлусні. Я цярплю, не даю ім нагоды перайсці да другога этапу. Дакладна так і з імі (членамі выбарчых камісій ) — іх спрабуюць выцягнуць, шантажыраваць, справакаваць на нешта. Але яны малайцы», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Па стане на ўчарашні вечар задакументавана шэсць выпадкаў падобных парушэнняў. Вінаватыя будуць несці адказнасць па законе, як толькі скончыцца выбарчая кампанія, упэўніў Прэзідэнт. Напярэдадні ён даручыў міліцыі і спецслужбам жорстка спыняць парушэнні такога кшталту, асабліва калі пачынаюць трэціраваць сям’ю — расклейваць лістоўкі і пагражаць жыццю старшыні ці членаў выбарчай камісіі.
«Ахову яны ад мяне атрымаюць жалезную. Вось тут я ні на кога глядзець не буду. Калі камусьці гэта не спадабаецца... Вы мяне ведаеце не першы год — я вельмі хутка магу растлумачыць сітуацію ў краіне і заклікаць да адказу падобных людзей. Як толькі яны пяройдуць чырвоную рысу», — перасцярог Прэзідэнт.
І нагадаў аб галоўным: сёлетнія выбары — рэпетыцыя перад асноўнай палітычынай кампаніяй наступнага году.
«Яны мацаюць (на плошчах, недзе на выбарчых участках), давяць на нашых людзей — настаўнікаў, урачоў, інжынераў і іншых, якія сядяць тут... У іх маса праблем. Іх пачынаюць „на зуб спрабаваць“. Паспрабавалі. Бачаць, што не атрымаецца. Мы сваю краіну нікому не аддадзім. Гэта наша краіна, і мы яе і нашых людзей будзем абараняць, як належыць па законе», — паабяцаў беларускі лідар.
___________________________________________________________
Прэзідэнт аб ураджайнай кампаніі: Год быў не ідэальны, але добры
Была магчымасць і ў карэспандэнта «Звязды» задаць пытанне Прэзідэнту. Дзень выбараў у парламент супаў са святам працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Як Аляксандр Лукашэнка ацэньвае вынікі іх працы ў гэтым годзе і якія рэзервы для росту гэтай галіны ён бачыць?
«Год быў добрым. Не ідэальным, добрым», — сказаў лідар краіны. Ён працягнуў, што нават зараз праца на палях не скончана. Для задзелу на будучы ўраджай трэба перапахаць глебу, каб не рабіць гэтага ўвесну. 2019 сельскагаспадарчы год выдаўся лепшым, чым папярэдні. Але... прыйшлося Прэзідэнту прымаць і жорсткія рашэнні: «Да прыкладу, нікуды не годны такі падзёж жывёлы, маладняка, 80 тысяч галоў. Гэта ж недапушчальна. Хай гэта і невялікія грошы, калі перавесці ў мяса, але і немалыя. Яны для нас не залішнія».
Шмат зроблена для аднаўлення і пабудовы базы сельскай гаспадаркі, ферм, машынных двароў, зернятокаў, дарог, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Задача дасягнуць збору зерневых разам з рапсам звыш 9 мільёнаў тон крыху не выканана, дацягнулі толькі 9. Паўплывала засуха, але ўрадзіла кукуруза.
«Дай, бог, каб і будучы год быў не горш. Будзе лепш, спрацуем і лепш. Вось прададзім на 5 мільярдаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Запыт на нашу прадукцыю расце. Калі Расія артачыцца: будзем, не будзем пакупаць, — ну калі ласка. Мы пад 200 % паставілі на кітайскі рынак. У Эміратах я быў, яны зацікавіліся і інвестуюць у нашу сельскую гаспадарку», — акрэсліў вектары экспарту Прэзідэнт.
Ён падзякаваў сялянам, папрасіў іх дацярпець і годна скончыць гэты працоўны год, перайсці да зімоўкі жывёлы.
У бліжэйшыя часы Прэзідэнт зоймецца пытаннямі гаспадаркі ў Віцебскай вобласці, якую ён назваў крытычнай зонай земляробства. «Калі я пачынаю думаць аб вырашэнні пытанняў сельскай гаспадаркі заўтра, цяжка становіцца. Прэзідэнт Беларусі — гэта не цар, які сядзіць і спачывае на лаўрах. Даводзіцца займацца шматлікімі пытаннямі: ад выбараў, за якія вы мяне дзяўбаеце многія, да таго ж, як вас накарміць», — падкрэсліў лідар краіны.
___________________________________________________________
Прэзідэнт: Мы з расіянамі адзін народ
Журналісты чэшскіх СМІ запыталі, з кім Прэзідэнту зараз прасцей знаходзіць агульную мову: з амерыканцамі ці расіянамі?
Прэзідэнт прызнаўся, што з расіянамі прасцей весці перамовы: размаўляем на адной мове, думаем і разважаем аднолькава, і з імі заўсёды было камфортна. «Мы з імі сябры. Канешне ж, мы розныя краіны. У нас ёсць свае мэты, свае задачы, — паведаміў кіраўнік краіны.
Ён адзначыў, што з-за вялікай колькасці пытанняў, якія да гэтага часу не вырашаны, ствараецца ўражанне, што «ў нас напружанка з Расіяй шалёная». «Але гэтае напружанне характэрна толькі брацкім краінам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што ЗША ніколі нічога не патрабавалі ад яго. Раней быў актуальны тэзіс: вырашайце, беларусы, ці Захад, ці Усход, ці з намі, ці з імі? Зараз пытанне знята.
Акрамя таго, паводле яго слоў, беларускую армію Паўночна-атлантычны альянс характарызуе як самую мабільную, дысціплінаваную, баездольную ў СНД. Расія перавышае па аб’ёмах і наяўнасці ядзернай зброі.
«Але мы ніколі нікому не пагражалі. І ніколі не будзем пагражаць. З нашай тэрыторыі пагроз ніколі не будзе. Толькі адэкватныя, сіметрычныя адказы», — запэўніў Прэзідэнт і адзначыў: «Расіі не трэба хвалявацца, што амерыканцы «нас захапілі ў клешчы і пацягнулі на Захад».
«З Лукашэнкам Беларусь ніхто на Захад не паташчыць. Я ведаю сваю ролю, сваё месца, ведаю, як мяне і нас у цэлым там ацэньваюць. Але я не магу дазволіць, каб мы былі адыходным дваром ні ў Еўропы, ні ў Усхода», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі ЕС і ЗША не прызнаюць гэтыя выбары, ён будзе «вельмі расчараваны ў іх ангажаванасці, але гэта іх выбар».
«У Беларусі няма такіх цесных дамоў з НАТА, як у Расіі. Няма, на жаль, у нас і пагаднення з ЕС, якое мае Расія. Таму, калі ў усходняй суседкі ўзнікаюць пытанні, што Беларусь рухаецца на Захад, — мы толькі ідзём па іх слядах» — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
Мажарытарная сістэма сябе не зжыла
Журналісты нагадалі, што з 1996 года беларускія выбары не прызнаюцца міжнароднымі арганізацыямі. Вядома, Прэзідэнт перажывае, як успрымуць нашы выбары і на Захадзе, і на Усходзе.
«Але я з гэтай нагоды „парыцца“ не прывык. Я перажываю за тое, каб нашы выбары былі праведзены згодна з нашымі законамі і Канстытуцыяй. Чарговы раз кажу: мы выбары праводзім для сваёй краіны, для свайго народу, каб было лепш у нас. Праводзім так, як мы гэта разумеем. Калі грамадству не падабаецца, як гэта Прэзідэнт арганізоўвае, яго перавыберуць праз паўгода. І я пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца не буду, калі вы адмовіце мне і ўладзе ў цэлым у даверы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі сур’ёзна ставяцца да рэкамендацый міжнародных аб’яднанняў і бюро. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пастаянна распавядае, якія былі прэтэнзіі і як мы іх улічылі. Узгадаў кіраўнік дзяржавы і пытанне смяротнага пакарання, якое зноў прагучала падчас яго афіцыйнага візіту ў Аўстрыю і наконт якога выпрацаваны план, па якім праца ідзе ў спакойным рэжыме, ці магчымыя змяненні выбарчага заканадаўства.
«Прапануюць нам змешаную ці прапарцыянальную сістэму, каб увогуле адысці ад народу на выбарах. Я упэўнены, што мажарытарная сістэма сябе не зжыла. Многія ад прапарцыянальнай ужо вярнуліся да змешанай, заўтра — да мажарытарнай. І калі паставіць перад народам гэтае пытанне, ён падтрымае гэты пункт гледжання», — лічыць Прэзідэнт.
Ён выказаў і катэгарычнае «супраць» штучнага стварэння палітычных партый. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што партыі павінны фарміравацца самі, на месцы, заслужыўшы давер народу.
Што да інвестараў, якія нібыта не захочуць працаваць пры «нелегітымным» парламенце, лічбы кажуць самі за сябе. Сёлета больш за сем мільярдаў знешніх інвестыцый ужо атрымана. А да канца года, па словах Аляксандра Лукашэнкі, будзе больш за восем.
«Інвестару патрэбны клімат — нармальны інвестыцыйны клімат. У Аўстрыі я гэта адчуў. Я ім прапанаваў, як калісьці амерыканцам: калі баіцеся, давайце мы вашы праекты падвядзем пад аўстрыйскае заканадаўства. Я маю права падпісаць указ, дэкрэт і даць ім поле дзейнасці, як Аўстрыя. Калісьці амерыканцы сказалі: не-не-не, толькі не амерыканскія законы! Дакладна так і аўстрыйцы кажуць: па вашых законах», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што цікавы патрэбны праект дзяржава заўсёды падтрымае, і прывёў у прыклад «Вялікі камень», Парк высокіх тэхналогій.
___________________________________________________________
Ніводны дакумент не будзе зацверджаны і падпісаны, калі ён супярэчыць Канстытуцыі
Падчас размовы з Прэзідэнтам журналісты выказалі хваляванне пэўнай часткі насельніцтва з нагоды паглыблення інтэграцыі з Расіяй.
«Ніводны дакумент не будзе зацверджаны і падпісаны, калі ён супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам жыцця нашага грамадства. А самы галоўны прынцып — гэта суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы. Не трэба ніякай канспіралогіі, тут усё адкрыта», — абазначыў пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.
У Беларусі выпрацаваная пазіцыя: калі не будуць вырашаны прынцыповыя пытанні — па пастаўках вуглявадародаў, па адкрыцці рынкаў для беларускіх тавараў, зняцці бар’ераў — ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаныя.
У знешнім гандлі наша краіна працуе з прафіцытам, а дэфіцыт гандлю з Расіяй складае амаль дзевяць мільярдаў долараў штогод. Гэтыя грошы трэба зарабіць на расійскім рынку, дзе выбудаваныя бар’еры, а даводзіцца браць грошы з прыбытку з іншых рынкаў. Так, у Беларусі з Расіяй не будзе «гандлёвых войн», як у Кітая і ЗША. Але становішча ненармальнае, прызнаў Прэзідэнт.
«Калі ты ўступаеш у нейкае аб’яднанне, разлічваеш, што з кожным месяцам, з кожным годам будзе лепш. Але не горш, чым дагэтуль. А нам штогод падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы пастаянна ў эканоміцы нешта губляем, губляем і губляем. Каму патрэбны такі саюз?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Беларусь у эканоміцы ні на што не прэтэндуе і нічога не просіць. Але патрабуе роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання і грамадзян.
«Такі саюз мы заўсёды будзем вітаць. Я не меншы патрыёт, чым вы», — звярнуўся да журналістаў Прэзідэнт.
___________________________________________________________
Прэзідэнт растлумачыў, чаму не паехаў 1 верасня ў Польшчу
Яшчэ адно пытанне ад прадстаўнікоў замежных СМІ тычылася адносін Беларусі і Польшчы. Яе Прэзідэнт назваў адной з самых блізкіх да нас краін, і калі штосьці не атрымалася, ў тым віна польскіх палітыкаў. Беларусь заўсёды была адкрыта для партнёрства і аснова для стасункаў ёсць, лічыць Лукашэнка.
«Вы ведаеце, пад чыю дудку пляша Польшча часам. Але гэта моцная дзржава, якая мае сваю пазіцыю ў Еўрасаюзе. Мы гэта цэнім. Калі вы хочаце з намі супрацоўнічаць, калі ласка, давайце. Толькі не хлусіце ніколі палякам, што мы тут з Расіяй ствараем альянс, каб высунуць танкі супраць вас. Ніколі гэтага не будзе ні ў адносінах да вас, ні ў адносінах да Украіны», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка назваў грубай памылкай, што на мерапрыемствы да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны ў Польшчы не быў запрошаны Уладзімір Пуцін. Беларусы, расіяне, украінцы і іншыя рэспублікі адыгралі значную ролю ў вызваленні Польшчы ад нацызму. Але наш лідар не прыехаў па іншых прычынах: «Я лічу, што збірацца па гэтай прычыне кіраўнікам краін, палітычныя ачкі на гэтым нажываць нельга. Святое. Я недалюбліваю такія мепрыемствы».
___________________________________________________________
Сілай людзей не ўтрымаеш
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў цяперашні час практычна не існуе сцен і бар’ераў для перамяшчэння і зносін людзей. «Часам асаблівых людзей хочацца затрымаць на радзіме, каб яны прынеслі карысць. Але дзяржава не мае такога права», — падкрэсліў ён.
Няправільна перашкаджаць, калі хтосьці жадае паехаць на працу за мяжу, у некаторых сферах, як навука, без міжнародных кантактаў наогул немагчыма развівацца, канстатаваў ён.
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў навіну пра тое, што ў Польшчы актыўна прымаюць на працу урачоў з-за мяжы. «Нядаўна самі польскія урачы абурыліся, што замежнікаў шмат прыязджае. Палічылі. Аказваецца, там слёзы — каля 200 беларускіх урачоў сярэдняга персаналу туды з’ехалі. А колькі вярнуліся...» — заўважыў Прэзідэнт.
«Свет зараз такі глабальны. Усе перамяшчаюцца туды-сюды. Дзе будзе ўтульней, там людзі і спыняцца. Я шкадую часам пра гэта, але гэтаму супрацьстаяць нельга. Сілай не ўтрымаеш», — падвёў вынік беларускі лідар.
___________________________________________________________
Ніводны расіянін не можа паскардзіцца, што ў Беларусі яго пакрыўдзілі
На пытанне, ці гатовая Беларусь назваць дакладныя лічбы па кошце ўзбраення і абароны, Прэзідэнт адзначыў: «У абаронным складніку самія вялікія траты – агульная сістэма проціпаветранай абароны. Ад Чорнага мора да Балтыкі мы бачым усё, і ў Расіі на гэтым напрамку нічога няма», - нагадаў ён.
Калісьці Аляксандр Лукашэнка задаволіў просьбу Расіі аб сумеснай сістэме проціпаветранай абароны.
«Мы ў іх грошай не прасілі. Але калі яны пачалі выстаўляць рахункі на прыродны газ і іншую сыравіну, правялі падаткавы манеўр і кажуць, што мы нахлебнікі… Добра, давайце будзем лічыць, плаціць адно аднаму. Калі яны хочуць. Я лічу – гэта не наш шлях. Мы родныя, мы блізкія, беларусы і расіяне, нам няма чаго дзяліць», - упэўнены беларускі лідар.
Дарэчы, некалькі гадоў таму расійскі бок з гэтымі лічбамі азнаёмілі – атрымалася, што ніхто нікому не вінен. А зараз сітуацыя ячшэ абвастрылася. Пры гэтым, перакананы кіраўнік Беларусі, нашы ваенныя будуць абараняць і Расію, таму калі ўзбраенне і атрымаюць або ў дар, або ў арэнду, расіяне гэта зразумеюць.
Таксама Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніводны расіянін не можа паскардзіцца, што ў Беларусі яго пакрыўдзілі, як і беларусы – на расіян.
___________________________________________________________
Пра Каліноўскага і Курапаты
Прэзідэнт Беларусі падчас размовы з журналістамі выказаўся пра ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі.
«Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі, там было вельмі шмат нюансаў. І я нашых палітыкаў і вучоных засцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не ўдарыліся ў нейкую палітыку», — сказаў Прэзідэнт.
Што тычыцца перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што іх чапаць не трэба. «Гэта мая пазіцыя. Пахавалі чалавека — няхай ён там спакойна ляжыць».
Праблему памяці аб Каліноўскім ён параўнаў з пытаннем Курапатаў, якія, на яго думку, таксама спрабуюць палітызаваць, маўляў, «вось там Сталін усіх расстрэльваў». «Прыйдуць заўтра камуністы да ўлады — яны будуць казаць, што там расстрэльвалі іншыя, у тым ліку і фашысты. Калі вы мяне прымусілі акунуцца ў гэтую праблему, я дастаў усе архівы, якія ў нас ёсць, і ўбачыў, што не ўсё там адназначна: хапала і тых, і іншых. І хопіць уцягваць грамадства ў гэтую дыскусію: людзі ўжо наеліся. Таму я вырашыў гэтыя могілкі, дзе пахаваныя людзі, якіх нявінна забілі (усё роўна, кім), абгарадзіць, прывесці ў парадак, каб не выгульвалі там сабак і каб тыя, хто туды хоча прыйсці памянуць людзей, маглі памянуць», — распавёў кіраўнік дзяржавы.
«Я хачу, каб гэтыя праблемы не раз’ядноўвалі, а аб’ядноўвалі народ», — падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
«Пытанне мовы ў нас вырашана раз і назаўжды»
Журналісты задалі пытанне: «Ці будзе з цягам часу павялічвацца роля беларускай мовы ў грамадстве?»
Прэзідэнт не выключыў, што роля беларускай мовы будзе ўзрастаць. «Яна ўжо павялічваецца. Але пытанне мовы ў нас вырашана раз і назаўсёды — у нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
___________________________________________________________
Прэзідэнт назваў «смехам» пытанне, што ў яго на стале ўжо ляжыць спіс 110 дэпутатаў
Прэзідэнт назваў «смехам» пытанне, што ў яго на стале ўжо ляжыць спіс 110 дэпутатаў, якіх абяруць у нядзелю. Ён нагадаў: у мінулым складзе парламенту было некалькі адкрытых апазіцыянераў улады і тых, хто думае інакш, чым кіраўнік краіны.
«Вы што хочаце сказаць, што яны былі ў спісах 110 у дзеючы парламент? Не! Так, мы падтрымліваем некаторых людзей. І на месцах людзей вылучаюць і падтрымліваюць, і працоўныя калектывы ў гэтым удзельнічаюць, а ў іх моц немалая. Але гэта не значыць, што мы будзем навязваць вам гэтыя кандыдатуры», — адказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што народ, калі жадае захаваць суверэнітэт, павінен абіраць парламент, які будзе працаваць у яго інтарэсах.
«Мы будзем выбіраць парламент такі, які будзе працаваць у вашых інтарэсах, калі вы хочаце захаваць галоўнае — суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Калі вы хочаце, каб гэты кавалак зямлі заставаўся заўсёды наш, для вашых дзяцей», — рэзюмаваў прэзідэнт.
Варвара Марозава
Марыя Дадалка
Звязда, 17 лістапада 2019
Ссылка на источник:
Аляксандр Лукашэнка: Галоўная задача ўсіх уладаў — захаваць дзяржаўнасць