Прэзідэнт Беларусі заслухаў даклад аб сітуацыі на спажывецкім рынку Беларусі
Пачынаючы размову, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым у гандлі становішча цярпімае, але тым не менш пажадаў пачуць ацэнку сітуацыі на спажывецкім рынку і прагноз развіцця рынку, асабліва ў плане цэнаўтварэння.
«Асаблівую ўвагу прашу звярнуць на тавары першай неабходнасці, на сацыяльна значныя тавары, без якіх людзі абысціся не могуць — асабліва ва ўмовах эпідэміі. Я не аднойчы звяртаў увагу на тое, што мы не павінны сузіраць і спакойна назіраць за тым, дзе неабгрунтавана растуць кошты. Мы мусім вывучаць сітуацыю, аналізаваць і, калі трэба, выпраўляць яе», — нагадаў дзяржаўныя падыходы Аляксандр Лукашэнка.
Што да разважанняў наконт рынку, які нібыта ўсё адрэгулюе, усе дарослыя людзі, якія нямала папрацавалі ў рынку, разумеюць, што рынак рэгулюе далёка не ўсё і не заўсёды. Але зараз выпадак асаблівы, працягнуў Прэзідэнт.
«І паглядзіце: вельмі прасунутыя ў рынкавых адносінах краіны хуценька і граніцы закрылі, Расія нават паліва забараніла ўвозіць на ўнутраны рынак. Там рэгулявалі кошты, забаранялі вываз сродкаў аховы ўрачоў, масак, рэспіратараў, дэзынфікуючых сродкаў і гэтак далей», — адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік краіны звярнуў увагу: сёння сама сітуацыя пацвердзіла правільнасць падыходу, што бачыць улада павінна ўсё. Сёння сітуацыя такая, што проста назіраць недастаткова, трэба ўмешвацца ў працэсы ва ўнутраным спажывецкім рынку пры неабходнасці, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч далажыў кіраўніку дзяржавы, што праца па забеспячэнні спажывецкага рынку і кантролі коштаў выбудавана ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта. Галоўнае — сёння, нягледзячы ні на што і, перш за ўсё, знешнія выклікі, сітуацыя па таварным забеспячэнні і коштах на ўнутраным спажывецкім рынку кіруемая, прагназуемая і ў цяперашні час стабільная, падкрэсліў кіраўнік МАРГ. Ён зазначыў, што цяпер няма ні дэфіцыту, ні ажыятажу.
Уладзімір Калтовіч нагадаў журналістам аб прагнозным паказчыку інфляцыі ў 5% па выніках году. У студзені-лютым эканоміка знаходзілася на запланавай траекторыі, у сакавіку і красавіку на становішча паўплывала агульная сітуацыя на знешніх рынках і змяненне спажывецкіх пераваг.
«Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разам з урадам аператыўна рэагавала на гэтую сітуацыю, і сёння па маі дэфліруем, і спадзяемся, што па выніках мая ўвойдзем у запланаваную траекторыю інфляцыі», — адзначыў Уладзімір Калтовіч.
Падчас дакладу Прэзідэнт звярнуў увагу на няўхільнае выкананне патрабаванняў да цэн на сацыяльна значныя тавары, якія людзі купляюць часцей за ўсё. Упершыню за час свайго існавання МАРГ прыняла рашэнне жостка адрэгуляваць цэны на трыццаць таварных груп.
«Мы пакуль прынялі рашэнне прыпыніць павышэнне запланаваных тарыфаў на адукацыю (разам з Міністэрствам адукацыі), транспарт, сувязь. Калі мы ўваходзім у запланаваны трэнд інфляцыі і сітуацыя захоўваецца нармальнай, то мы — за тое, каб гэтыя тарыфы былі павышаныя», — пракаментаваў міністр. Што можна павышаць, можа стаць зразумела па выніках чэрвеня. У выпадку «пагранічнай» сітуацыі да гэтага пытання вернуцца ў чацвёртым квартале.
Гандлёвыя аб’екты будуць прыпыняць дзейнасць у выключных выпадках
Уладзімір Калтовіч пагадзіўся, што ў другой палове сакавіка і першай палове красавіка адчувалася пэўная турбулентнасць з пастаўкамі асобных груп тавараў. Пры гэтым міністр звярнуў увагу, што некаторыя тавары складаюцца ў тым ліку з «крытычнага» імпарту. Што да харчавання, то больш за 45 працэнтаў тавараў вырабляюцца ў Беларусі ў недастатковай колькасці альбо не вырабляюцца ўвогуле.
«І вядома, нам цяжка ўплываць на знешнія рынкі як з наяўнасцю таварнага рэсурсу, так і з коштам на яго. У нас кошты на лімоны амаль не адрозніваліся ад іншых краін, хаця былі ніжэй», — прывёў прыклад міністр.
Кіраўнік ведамства нагадаў, што МАРГ атрымала права прыпыняць дзейнасць гандлёвых аб’ектаў. Яно будзе выкарыстоўвацца ў выключных выпадках, практыка папярэджвання і перасцярогі ўжываецца ў тым ліку і ў коштавым рэгуляванні.
«Мы працуем з бізнесам, бізнес у нас сацыяльна адказны, ён вельмі чуйна рэагуе на сітуацыю, якая мяняецца, і на просьбы ўлады. Просьбы ўлады — гэта просьбы людзей. На жаль, калі ў сакавіку адсутнічаў у дастатковай колькасці рэсурс па некаторых відах круп, імбіру, лімону, часнаку, гэта было вельмі кароткі перыяд — але мы ўбачылі, хто ёсць хто. Пры праверках убачылі, што некаторыя гандлёвыя сеткі, імпарцёры фарміравалі завышаныя чаканні ад рэалізацыі тавараў», — расказаў Уладзімір Калтовіч.
Тады МАРГ разам з Камітэтам дзяржкантролю хутка адрэагавала і ўрэгавала сітуацыю без выкарыстання адміністрацыйных санкцый.
У сэканд-хэндах забароняць прадаваць новыя рэчы
У Прэзідэнта зайшла размова і аб выкананні параметраў Дактрыны нацыянальнай бяспекі ў частцы забеспячэння рынку харчаваннем. Згодна з Дактрынай, рынак мусіў быць забяспечаны таварамі айчаннай вытворчасці на ўзроўні 80–85 працэнтаў. Пакуль гэта лічба складае каля 76 працэнтаў.
Міністр падкрэсліў, што праверкі маюць мэтай не выключэнне паставак замежных тавараў, а забяспечэнне раўных ўмоў доступу на рынак.
Уладзімір Калтовіч пагадзіўся, што ў бягучай сітуацыі выйграў анлайн-гандаль. Міністр прагназуе, што сітуацыя не вельмі зменіцца пасля пандэміі — наадварот, яна атрымае развіццё ў Беларусі і ў свеце. У сувязі з гэтым узнікае задача забяспечыць канкурэнцыю на дадзеным рынку.
«Хутчэй за ўсё, мы вызначым фармат дыскаўнтара, паколькі ён адрозніваецца ад звычайнага рознічнага гандлю. Гэты від карыстаецца попытам. Калі казаць пра сэканд-хэнды, міністэрства падрыхтавала для грамадскага абмеркавання пастанова, у якой прапануецца ў такіх крамах забараніць рэалізацыю новых тавараў», — дадаў Уладзімір Калтовіч.
Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 26 траўня 2020
Ссылка на источник:
Лукашэнка: Мы не павінны спакойна назіраць за тым, як неабгрунтавана растуць цэны