Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з педагагічным актывам рэспублікі. У размове прынялі удзел больш за тысячу чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. У залу Нацыянальнага выставачнага цэнтра былі запрошаны выкладчыкі, кіраўнікі вышэйшых, прафесійна-тэхнічных, сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, настаўнікі школ.
«Я запрасіў вас сюды таму, што вы з’яўляецеся, на мой погляд, апорай нашай дзяржавы, — звярнуўся Прэзідэнт да прысутных на сустрэчы. — Замяніць вас няма кім. Вы і ва ўчастковых камісіях, і на перадавой, вы і выхоўваеце. Разам мы выхоўваем не толькі моладзь, але і наш народ».
Па словах Прэзідэнта, педагогі павінны стаць асобамі, якія фарміруюць меркаванне грамадства, і такімі ён іх лічыць.
«У апошні час з’явілася столькі асоб, якія фарміруюць меркаванне. Хто хайпуецца, хто посціцца ў інтэрнэце. А вас я лічу сапраўды людзьмі, якія фарміруюць меркаванне. Хто, калі не выкладчык ВНУ ці палітолаг (тут я бачу шмат палітолагаў, якіх я бачу ў сродках масавай інфармацыі), калі не дэпутаты, хто, калі не вы, сёння фарміруеце меркаванне нашага народа», — задаўся пытаннем ён.
«Сістэма адукацыі з’яўляецца важнейшай, стратэгічнай галіной краіны, а не сферай паслуг»
На думку Аляксандра Лукашэнкі, «сістэма адукацыі з’яўляецца важнейшай, стратэгічнай галіной краіны, а не сферай паслуг».
«Вы не проста навучаеце кваліфікаваных спецыялістаў, як бы пафасна гэта не гучала, вы выхоўваеце грамадзян нашай краіны, фарміруеце інтэлектуальную эліту грамадства», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Па словах Прэзідэнта, у савецкія часы ў аснову адукацыі была пакладзеная любоў да айчыны, імкненне сумленна працаваць, у тым ліку і за ідэю, што «ў апошнія часы не модна». Дзякуючы такой аснове Беларусь змагла вытрываць ліхія 90-я і стварыць незалежную дзяржаву. Менавіта на савецкай мадэлі наша краіна стварыла сваю суверэнную галіну адукацыі.
«Многія элементы савецкай адукацыі паспяхова выкарыстоўваюцца сёння і на захадзе, і на ўсходзе. Я маю на ўвазе перад усім вялікі Кітай, ды і Індыя не грэбуе пазычыць тое, ад чаго мы спрабавалі адмовіцца. І вы бачыце, якімі тэмпамі сёння развіваюцца гэтыя магутнейшыя дзяржавы свету», — заявіў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, як у свой час ва ўладзе ў краіне «варочалі „нацыянальна свядомыя“», якія нібыта змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць, і яны перш за ўсё ўварваліся ў сістэму адукацыі. «І вы памятаеце, што тады адбывалася. Стаўшы Прэзідэнтам, мне, ратуючы краіну, прыйшлося займацца і сістэмай адукацыі, — распавёў Аляксандр Лукашэнка. — Тады я ўлавіў тую нітку, якую трэба было падтрымаць. Я заявіў аб тым, што нам не трэба нічога ламаць і выдумляць, нам трэба ўдасканальваць тую сістэму адукацыі, якая ў нас ёсць, была і будзе. І нам з вялікай цяжкасцю ў большай ступені ўдалося вярнуцца да той сістэмы, якая была, удасканаліўшы яе, і, вядома, не адмовіцца ад новых парасткаў».
«Мы не толькі захавалі, але і прымножылі лепшыя традыцыі нашай вышэйшай школы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«У краіне рэалізуецца мадэль Універсітэт 3.0»
Сёння ў сучаснай Беларусі ёсць свае вучоныя, краіна самастойна развівае запатрабаваныя эканомікай кірункі, ВНУ могуць праводзіць прыкладныя даследаванні. Па дадзеных ПРААН па паказчыках сферы адукацыі Беларусь уваходзіць у трыццатку найбольш развітых краін свету. Беларусь павялічыла экспарт адукацыйных паслуг — адукацыю атрымліваюць на 20 тысяч больш замежнікаў, чым у першыя гады незалежнасці.
«Тое, што да нас паехалі вучыцца замежнікі, кажа пра многае. Гэта канкрэтны і важкі аргумент на карысць якасці адукацыі», — заўважыў Прэзідэнт.
У краіне развіваецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у ВНУ лабараторыі і адукацыйныя цэнтры працуюць сумесна з вядучымі сусветнымі кампаніямі.
«Нашы паказчыкі размеркавання і працаўладкавання выпускнікоў знаходзяцца на ўзроўні амаль 100 %. А ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х праблема накіравання на працу існавала», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт, у краіне рэалізуецца мадэль Універсітэт 3.0 (развіваецца на базе 8 ВНУ) — сімбіёз адукацыі, навукі і прадпрымальніцтва.
«Кожны студэнт будзе мець сваё месца ў інтэрнаце»
«На сённяшні дзень мы забяспечваем 89,5 % якія маюць патрэбу студэнтаў месцамі ў інтэрнаце. А ў асобных галінах набліжаемся да 100 %», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«У гэтым кірунку мы будзем рухацца і ў будучай пяцігодцы з інтэрнатамі для студэнтаў разбяромся. Кожны студэнт будзе мець сваё месца ў інтэрнаце», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы пра гонар — студэнцкую вёску ў Мінску, дзе «ўмовы пражывання на ўзроўні атэля, трохзоркавага, але атэля».
Да будучай уступнай кампаніі будуць распрацаваны новыя правілы паступлення ў ВНУ
Усе дасягненні, як пазначыў Прэзідэнт, сталі магчымымі, дзякуючы ўдумліваму, плаўнаму ўдасканаленню сферы адукацыі.
«Для нас было важна не звесці сістэму адукацыі да сферы паслуг, не накіраваць толькі на спагнанне прыбытку. І я лічу адным з нашых значных дасягненняў тое, што мы захавалі магчымасць для ўсіх абітурыентаў атрымліваць вышэйшую адукацыі па конкурсе бясплатна. Замацавалі гэта права ў Канстытуцыі», — падкрэсліў лідар.
Яго здзіўляе, што многія асобы ў палітыцы, якія ў свой час атрымалі бясплатную адукацыю, ратуюць толькі за платнае навучанне.
«Гэта значыць, што дзеці з працоўных сем’яў, нават таленавітыя і разумныя, проста не змогуць дазволіць сабе такую раскошу, як вышэйшая адукацыя. Маю адзначыць, што 90 працэнтаў у гэтай зале — такія ў свой час дзеці, якія атрымалі адукацыю такім чынам. І калі вярнуцца ў тое мінулае, як я часта сябе прывожу ў прыклад, кажучы пра сучаснае тэсціраванне, мы бы не сталі тымі, хто мы ёсць, вы б не сталі дактарамі навук, прафесарамі. А пра прэзідэнцтва мне і казаць няма чаго», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па меркаванні Прэзідэнта, Беларусі не падыходзіць мадэль многіх краін, дзе «супольнасць падзелена на эліту і працоўны клас, на тых, каму даступна і не даступна прывілегія вучыцца ва ўніверсітэтах».
«Вы ведаеце маю пазіцыю. У нас кожны, нават з самай глыбінкі, можа стаць студэнтам, калі мае веды і жаданне вучыцца. Гэтаму прынцыпу павінна адпавядаць і сістэма ўступных экзаменаў. Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а не толькі і не столькі вынік тэсціравання», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт і заявіў, што да наступнай уступнай кампаніі будуць распрацаваны новыя правілы паступлення ў ВНУ.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён як выкладчык ведае, што «вельмі важна размаўляць вочы ў вочы, бачыць чалавека».
«Сістэмай тэсціравання ў лепшыя ВНУ краіны мы адсякаем працавітую, здольную моладзь, бацькі якой не ўваходзяць у эліту нашай краіны, — сказаў лідар краіны. — Сама сістэма не дае магчымасці паступіць у ВНУ рабятам з сельскіх школ, дзе выкладанне яшчэ крыху ніжэй, чым у буйных гарадах і Мінску, дзе няма такога распаўсюджанага рэпетытарства».
Па словах Прэзідэнта, выкладчыкі ўмеюць разгледзець у абітурыенце будучага грамадзяніна і патрыёта, за тэсціраваннем пры ўсіх яго станоўчых якасцях гэтага не бачна.
«Таму ўзяўшы лепшае з мінулай сістэмы паступлення ў ВНУ, тэсціравання, якое мы ўжо прайшлі, шышкі набілі, пастаўлена задача перад Міністэрствам адукацыі (гэта і задача вам) — да наступнай уступнай кампаніі стварыць новыя правілы паступлення ў ВНУ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што навацыі будуць шырока абмяркоўвацца, а работа будзе праходзіць у рамках стварэння Кодэкса аб адукацыі.
«Заробкі педагогаў давядуць да 150 працэнтаў ад сярэдняга па краіне»
Прэзідэнт паведаміў, што на працягу будучай пяцігодкі заробкі педагогаў давядуць да 150 працэнтаў ад сярэдняга па краіне.
«Імкнемся ўсяляк падтрымліваць вас, у тым ліку матэрыяльна. Пачата паэтапнае павышэнне зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу. На працягу будучай пяцігодкі мы абавязкова давядзем заработную плату ў вас да 150 % ад сярэдняй па краіне», — заявіў Прэзідэнт.
«Нам патрэбныя шырокапрофільныя спецыялісты, дзе IT — гэта звычайная кампетэнцыя»
Па яго меркаванні сёння навуковай супольнасці трэба знайсці адказ на пытанне, якой мы бачым адукацыю будучыні?
Новыя мадэлі часам зводзяць да інфармацыйных тэхналогій. «Але я прыхільнік простай ідэі — не зможа ні сёння, ні ў агляднай будучыні ні адзін айцішнік, нават самы прасунуты накарміць, абуць і адзець чалавека, — выказаўся Прэзідэнт. — Так, сучасныя тэхналогіі здольныя вывесці на новы ўзровень развіцця і сельскую гаспадарку, і вытворчасць у прамысловасці. Таму я заўсёды кажу, што навучанне IT-спецыяльнасцям само па сабе прагрэсіўна, але яно павінна быць на стыку рэальных галін. Нам патрэбныя шырокапрофільныя спецыялісты, дзе IT — гэта звычайная кампетэнцыя».
«Не будзем займацца сваімі дзецьмі мы, імі займуцца чужыя настаўнікі гэтага жыцця»
«Важна вучыць студэнтаў мысліць, рабіць самастойныя вывады, выходзіць за рамкі праграмы, самаадукавацца, але не губляць сувязь з дзяржаўнай ідэалогіяй».
У перыяд пандэміі на першы план выйшла дыстанцыйная адукацыя і, па словах Прэзідэнта, стала відавочна, у якіх установах гэта форма насіла фармальны характар. «Адны рабілі выгляд, што вучаць, а іншыя, што вучацца. Я думаю, усе зрабілі выснову аб сваёй гатоўнасці ці негатоўнасці ісці ў нагу з часам. Згодны, што дыстанцыйная адукацыя павінна стаць адным з дапаможных элементаў», — заявіў Прэзідэнт, але ён ўпэўнены, што аддаленая адукацыя не заменіць рэальныя лекцыі і заняткі ў аўдыторыях.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць якаснай працы з моладдзю ў навучальных установах. «Не будзем займацца сваімі дзецьмі мы — імі зоймуцца чужыя настаўнікі гэтага жыцця. І тады ў гісторыі незалежнай Беларусі, якую павінны працягнуць нашы дзеці, можам паставіць кропку. Нават тлустую», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«На жаль, у параўнанні з савецкім перыядам мы адкацілі назад у рабоце з моладдзю. Кожны ўніверсітэт, інстытут, факультэт павінен мець набор такіх механізмаў работы і альтэрнатыва віртуальнаму жыццю павінна быць цікавай. Мы гэта выправім», — сказаў Прэзідэнт.
«Вы ведаеце, што адбываецца з моладдзю, якая застаецца сам-насам з інфармацыйнай прасторай. Я шчыра кажу: там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі, замежныя ідэолагі, а часам і злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, гэта пытанне не толькі да бацькоў, але і да ўсіх нас, ўсёй сістэме нашай адукацыі», — падкрэсліў беларускі лідар.
Лукашэнка лічыць, што вельмі важна вучыць студэнтаў мысліць, рабіць самастойныя вывады, выходзіць за рамкі праграмы, самаадукавацца, але «не губляць сувязь з дзяржаўнай ідэалогіяй». «І не трэба баяцца гэтага слова. Пакажыце мне хоць адну краіну ў свеце моцную і самадастатковую, якая не надае гэтай тэме вялікае значэнне», — адзначыў ён.
У прыклад ён прывёў і ЗША, у якой гэтыя тэхналогіі не называюць ідэялогіяй, але імі пранізаны ўсе галіны жыццядзейнасці людзей.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 29 чэрвеня 2020
Ссылка на источник:
Прэзідэнт — педагогам: Вы з’яўляецеся апорай нашай дзяржавы