Фэйкі, постпраўда, маніпуляцыйныя тэхналогіі — гэтыя тэрміны, раней вядомыя толькі спецыялістам сферы масавых камунікацый, апошнім часам увайшлі ў штодзённы парадак навін і размоў у грамадстве. Магчымасць атрымліваць дакладную, аб`ектыўную і актуальную інфармацыю сёння стала не зразумелай рэчаіснасцю, а хутчэй прывілеем. Інфармацыі шмат — з разнастайных крыніц, для рознага кола чытачоў. Таму «медыяадукаванасць» магчыма разглядаць як яшчэ адну дысцыпліну для навучання не толькі маладога пакалення, але і людзей сярэдняга ўзросту. Выказаць свае думкі на гэты конт аглядальнік «Звязды» папрасіла палітычнага аналітыка Аляксандра Шпакоўскага.
— Як аўдыторыі лавіраваць у свеце інфармацыі, каб выбудоўваць свой погляд на працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве?
— У сучасным інфармацыйным свеце чалавеку вельмі цяжка арыентавацца ў навінавых патоках, якія часта нясуць вельмі ангажаваную альбо адкрыта выдуманую сэнсавую нагрузку. Яшчэ ў 2016 годзе, па версіі Оксфардскага слоўніка, словам года стала «постпраўда» (post-truth), якое азначае сітуацыю, калі «аб`ектыўныя факты менш важныя для фарміравання грамадскай думкі, чым зварот да эмоцый і асабістых перакананняў».
Па сутнасці справы, так званыя фэйкі (лжывыя паведамленні), прыёмы маніпуляцыі масавай свядомасцю заўсёды прысутнічалі ў грамадска-палітычным жыцці чалавецтва, аднак развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій істотна аблягчыла іх распаўсюджванне на максімальна шырокую аўдыторыю.
Акрамя таго, магчымасць атрымання «імгненных ведаў» шляхам пошукавых запытаў у сеціве абясцэньвае само значэнне інфармацыі і ўсебаковай адукацыі, а чалавек з кліпавым мысленнем становіцца лёгкай здабычай маніпулятараў.
Таму выхадам у гэтай сітуацыі з`яўляецца шматграннае развіццё асобы з дзяцінства ў сям`і і школе, прывіццё чалавеку навыкаў параўнальнага аналізу, ведаў у вобласці інфармацыйнай гігіены. Уяўляецца, што без гэтага ў грамадстве, якое, на думку многіх даследчыкаў, існуе ў эпоху постпраўды, выжыць у якасці «чалавека разумнага» практычна немагчыма.
— Сёння для многіх, асабліва для моладзі, асноўны пастаўшчык навін — сацсеткі. Наколькі трэба ім давяраць, як не трапіць у пастку іх тэндэнцыйнасці ў падачы інфармацыі?
— Па звестках беларускага інтэрнэт-правайдара «Белтэлекам», толькі 4 працэнты грамадзян нашай краіны ва ўзросце 16—24 гадоў не маюць асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках. Аднак гэта не значыць, што тыя маладыя людзі не карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі зусім.
На цяперашнім этапе можна казаць пра тое, што сацыяльныя сеткі з`яўляюцца прасторай асабістага жыцця і найважнейшым каналам атрымання навін пра навакольны свет і нашу краіну для беларускай моладзі. Гэты факт не з`яўляецца сакрэтам для рознага роду дэструктыўных сіл, крыміналітэту, а таксама апанентаў беларускай дзяржавы. Таму ў сацыяльных сетках існуе нямала віртуальных супольнасцяў экстрэмісцкага толку.
Пры гэтым толькі за кошт блакавання дэструктыўных рэсурсаў і супольнасцяў немагчыма дасягнуць мэты абароны грамадства ад ілжывай і негатыўнай інфармацыі ў сацыяльных сетках. Акрамя развіцця навыкаў інфармацыйнай гігіены і параўнальнага аналізу, пра што было сказана вышэй, таксама неабходна мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па выкрыцці фэйкаў і прасоўванні ўласнага пазітыўнага кантэнту з прыцягненнем шырокага кола канструктыўных і здаровых сіл нашага грамадства.
Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі на сённяшні дзень з`яўляюцца прасторай барацьбы за свядомасць моладзі, таму ўсе магчымыя сілы і сродкі павінны быць кінутыя менавіта на дадзены кірунак, гэта ключавое пытанне будучага развіцця Беларусі.
— Якімі крыніцамі інфармацыі вы карыстаецеся штодня?
— Як палітычны аналітык на працягу дня я вывучаю некалькі дзясяткаў айчынных і замежных крыніц інфармацыі, у тым ліку друкаваныя і электронныя СМІ, тэлебачанне, меркаванні калег у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Дарэчы пра тэлеграм-каналы: рэкамендую чытаць або аўтарскія, альбо ведамасныя блогі, каналы інфармацыйных агенцтваў і зарэгістраваных СМІ. У гэтым выпадку аўтары нясуць адказнасць за інфармацыю, а рознага роду ананімныя «інсайдары», як паказвае практыка, у асноўным дэзынфармуюць сваю аўдыторыю з рознымі мэтамі і нярэдка з`яўляюцца праектамі спецслужбаў альбо паліттэхнолагаў, якія спрабуюць такім чынам маніпуляваць людзьмі.
— Асноўнае патрабаванне да журналістыкі, якое існавала заўсёды, — аб`ектыўнасць. Як працаваць журналістам у сучасным свеце адпаведна гэтаму прынцыпу з улікам таго, што ўладальнікі СМІ заўсёды імкнуцца падаць неабходны ім погляд на падзеі?
— У Рэспубліцы Беларусь існуе ўнікальны дакумент — Кодэкс прафесійнай этыкі журналіста, дзе артыкул 2 так і называецца: «Праўдзівасць і аб`ектыўнасць». Вядома, рэдакцыя любога СМІ спрабуе праводзіць пэўную інфармацыйную палітыку, а журналісты ў гэтай сітуацыі выконваюць даручэнні работадаўца. Аднак заўсёды існуюць «чырвоныя лініі», якія паважаючы сябе рэдактар і журналіст пераступаць не мае ні маральнага, ні законнага права.
Трэба разумець, што там, дзе пачынаюцца паклёп, абразы, заклікі да фізічнага гвалту, усякая свабода слова і журналістыка заканчваюцца. Ніякай індульгенцыі ад адказнасці перад законам у такога роду «журналістаў» няма і быць не можа.
Таму адказ просты: нягледзячы на асабістыя перакананні, у сваёй дзейнасці журналісту трэба кіравацца заканадаўствам, Кодэксам прафесійнай этыкі і агульначалавечымі маральнымі прынцыпамі.
— Ці існуюць, на ваш погляд, у нашай краіне крыніцы інфармацыі, якія максімальна аб`ектыўна асвятляюць падзеі, што адбываюцца ў Беларусі?
— Такія крыніцы ёсць, і іх нямала, у тым ліку ваша газета. На мой суб`ектыўны погляд, менавіта дзяржаўныя СМІ ў гэты няпросты палітычны перыяд, у якім знаходзіцца наша краіна, імкнуцца да максімальна карэктнага асвятлення бягучай сітуацыі — без злоснага ганення, канфрантацыйнага тону і навешвання ярлыкоў.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 1 верасня 2020
Ссылка на источник:
Шпакоўскі: Там, дзе пачынаюцца паклёп і абразы, усякая свабода слова і журналістыка заканчваюцца