Паводле ацэнак экспертаў, у найбліжэйшае дзесяцігоддзе Польшча пазбавіцца прыкладна мільёна сваіх жыхароў, а да 2100-га палякаў стане менш на 10 мільёнаў (з цяперашніх амаль 38 мільёнаў). Пры гэтым некаторыя прагнозы выглядаюць яшчэ больш змрочнымі, а заклікі прыцягваць у краіну мігрантаў не дапамогуць вырашыць праблему, заўважыў папулярны польскі грамадска-палітычны штотыднёвік Do Rzeczy. Справа ў тым, што польскім жанчынам зараз бліжэй вобраз эмансіпаванай кар`ерысткі, які ім навязвае сучасная культура, а зусім не шматдзетнай маці, падкрэсліваецца ў рэдакцыйным артыкуле. Чаму вымірае Польшча?
Несуцяшальныя прагнозы
Дэмаграфічны крызіс — адна з найбольш сур`ёзных праблем, з якой сутыкнулася ў апошні час Польшча. Усе прагнозы сыходзяцца на тым, што колькасць насельніцтва будзе зніжацца, а грамадства працягне «старэць». З нагоды агульнага адмоўнага трэнду ілюзій у экспертаў няма, адрозніваюцца толькі ацэнкі ў дачыненні да хуткасці гэтых працэсаў, адзначае Do Rzeczy.
Апублікаваныя вынікі даследаванняў Еўрастата выглядаюць вельмі несуцяшальнымі. Паводле прагнозу, мала таго, што ўжо да 2100 года палякаў застанецца менш чым 30 мільёнаў — да гэтага часу доля пенсіянераў адносна колькасці грамадзян працаздольнага ўзросту ў Польшчы будзе самая высокая ў Еўропе, паведаміла Do Rzeczy.
А ў артыкуле, апублікаваным уплывовым медыцынскім часопісам The Lancet, прагнозы выглядаюць яшчэ больш апакаліптычнымі: эксперты прадказваюць, што да 2100 года насельніцтва Польшчы скароціцца ледзь не ўтрая — да 13—15 мільёнаў чалавек. «Гэта трагедыя, канцэпцый па прадухіленні якой няма ні ў адной палітычнай сілы. Так адбываецца таму, што ўсе прадстаўнікі палітычнага класа належаць ужо да сучаснага свету, у цэнтры якога знаходзіцца не сям`я, а вызвалены індывід. Да такога свету належыць і польскае грамадства», — падкрэслівае Do Rzeczy.
Як адзначаюць эксперты, корань праблемы заключаецца ва ўстаноўках і нормах сучаснага грамадства. Статыстычныя даныя выглядаюць несуцяшальнымі: нягледзячы на кароткачасовыя ваганні, у цэлым натуральны прырост насельніцтва ў Польшчы паказвае адмоўныя значэнні. Do Rzeczy нагадвае, што прынятыя польскімі ўладамі крокі па змяненні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне не прынеслі станоўчых вынікаў. «Калі «Грамадзянская платформа» (PO), як здаецца, цалкам ігнаравала гэтую праблему, то партыя «Права і справядлівасць» (PіS), прыйшоўшы да ўлады ў 2015 годзе, прапанавала ў якасці прадэмаграфічнай ініцыятывы праграму 500+ (штомесячная дапамога ў памеры 500 злотых на другое і кожнае наступнае дзіця, а з 2019 года — на ўсіх дзяцей — Рэд.), — адзначаецца ў артыкуле Do Rzeczy. — Тэзісы аб «маральнай рэвалюцыі» прыдумалі ўжо постфактум. З вопыту мінулых гадоў відавочна тое, пра што шмат хто ўжо даўно казаў: сацыяльныя выплаты дапамагаюць перамагчы на выбарах, але не гарантуюць вырашэння самай сур`ёзнай праблемы, з якой сутыкнулася Польшча».
Як паведамляюць СМІ, Міністэрства сям`і, працы і сацыяльнай палітыкі краіны мае намер накіраваць 600 тысяч злотых (прыкладна 135 тысяч еўра) на тое, каб разабрацца, чаму, нягледзячы на запуск праграмы 500+, дэмаграфічная сітуацыя ў Польшчы не палепшылася. Але той факт, што ўлады глядзяць на крызіс толькі праз прызму сацыяльных выгод, дэманструе поўнае неразуменне тэмы, падкрэслівае Do Rzeczy. З пункту гледжання выдання, фінансавая і сацыяльная падтрымка, безумоўна, таксама важныя, аднак карані праблемы ў іншым.
Жанчыны і мігранты
Гэтыя негатыўныя змены звязаныя, у першую чаргу, з жанчынамі. Цяпер, асабліва ў вялікіх гарадах, мацярынства стала лічыцца функцыяй, што супярэчыць ідэалу моцнай, эмансіпаванай жанчыны, якая імкнецца да самарэалізацыі, адзначаецца ў артыкуле Do Rzeczy. Безумоўна, існуюць і выключэнні. Аднак у Польшчы намецілася агульная выразная тэндэнцыя: жанчыны нараджаюць усё менш дзяцей і ва ўсё больш сталым узросце, канстатуе Do Rzeczy.
Прычым такая тэндэнцыя назіраецца не толькі ў Польшчы — яна мае глабальны характар, падкрэслівае выданне: «Захад старэе, Еўропа вымірае. Папа Францыск, мабыць, цалкам справядліва назваў наш кантынент бясплоднай, стомленай і пазбаўленай жыццёвых сіл пажылой жанчынай». Прырост насельніцтва можна назіраць толькі ў тых краінах, якія вырашылі абзавесціся новымі жыхарамі з ліку мігрантаў. Аднак гэта «шлях найменшага супраціўлення», які дзейсны толькі на першы погляд, папярэджвае Do Rzeczy.
Прыклад іншых краін паказвае, што непазбежным следствам наплыву мігрантаў становіцца дэстабілізацыя агульнай абстаноўкі. У прыватнасці, доўгі час амерыканцаў лічылі «ўзорным прыкладам палітычнай нацыі» — аднак апошнія падзеі ў ЗША выразна паказалі, якую важную ролю там працягваюць адыграваць расавыя і этнічныя прыкметы, адзначаецца ў артыкуле Do Rzeczy. Праблемы, якія, здавалася б, удалося вырашыць шмат дзесяцігоддзяў назад, раптоўна зноў паўсталі з падвоенай сілай, падрываючы асновы дзяржавы, падкрэслівае штотыднёвік: «А пра Францыю ці Германію можна, мабыць, нават і не згадваць». Між тым польскае грамадства ўжо і так расколатае, а ідэя аб тым, што паратункам ад дэмаграфічнага крызісу стане стварэнне новага блока, проста абсурдная, перакананы Do Rzeczy: «Мільёны мігрантаў не ўвальюцца ў шэрагі палякаў».
Пенсія залежыць ад дзяцей?
Як заўважыла Gazeta Wyborcza, Польшчы насамрэч пагражае дэмаграфічная катастрофа, паколькі дзяцей нараджаецца мала. Каэфіцыент нараджальнасці ў гэтай краіне цяпер складае 1,43 — штогод з`яўляецца на свет 380 тысяч чалавек. Па словах кіраўніка Польскага фонду развіцця Паўла Борыса, неабходна, каб гэты паказчык быў не менш чым 2,1 — 600 тысяч чалавек. «Мы павінны біць трывогу! З наступнага дзесяцігоддзя ў Польшчы пачынаецца дэмаграфічная катастрофа. Грамадства моцна старэе», — папярэдзіў польскі эксперт, спасылаючыся на даныя ААН.
Адным з магчымых рашэнняў Фонд развіцця лічыць суаднясенне функцыянавання пенсійнай сістэмы з колькасцю дзяцей. Гэта значыць, чым больш іх у вас, тым большую пенсію вы можаце атрымаць. Паводле адной з ідэй урадавых спецыялістаў па дэмаграфіі, дзеці, якія працуюць, маглі б ахвяраваць 1 працэнт заробку сваім бацькам.
Пакуль у Польшчы толькі абмяркоўваюць магчымыя шляхі вырашэння найважнейшага пытання, але меркаванні экспертаў ужо падзяліліся. Напрыклад, дэмограф Лодзінскага ўніверсітэта прафесар Пётр Шукальскі лічыць, што для бацькоў пажаданая любая падтрымка. Таму перавод узносаў ці іншыя рашэнні, якія павялічваюць пенсію, могуць разглядацца як падзяка бацькам і сігнал аб тым, што варта мець дзяцей, таму што гэта будзе ўзнагароджана.
Але спрэчная ідэя ўрада выклікае і рэзкую крытыку. «Мы не можам стварыць адзіны крытэрый для вызначэння пенсійных правоў і ўзроўняў для ўсіх людзей, якія маюць або не маюць дзяцей. Многія людзі, якія жадаюць стаць бацькамі, не могуць мець дзяцей. Чаму яны павінны быць пакараныя?» — заўважыла прафесар Ірэна Катоўская, дэмограф з Варшаўскай школы эканомікі.
Польскія спецыялісты па дэмаграфіі адзначаюць, што колькасць насельніцтва краіны падае сёмы год запар. Паказчыкі смяротнасці — каля 11 чалавек на тысячу — лічыцца рэкорднымі. У апошні раз такая сумная статыстыка ў Польшчы адзначалася з 1946 па 1952-гі год, калі высокую смяротнасць называлі «рэхам вайны».
На мяжы калапсу
Тым часам Польшчу захіснула другая хваля пандэміі каранавіруса. Хуткасць распаўсюджвання інфекцыі ўстанавілася на вельмі высокім для краіны ўзроўні ў 3-5 тысяч хворых у дзень. Урад Польшчы не выключае магчымасці ўвядзення ў рэспубліцы рэжыму надзвычайнай сітуацыі з-за эпідэміі каранавіруса. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на прэм`ер-міністра Польшчы Матэуша Маравецкага. «Калі сітуацыя будзе абвастрацца, спатрэбяцца новыя меры, мы не выключаем такіх магчымасцяў», — адзначыў кіраўнік польскага ўрада.
«Мы бачым, што галоўным выклікам, які чакае нас восенню, з`яўляецца эскалацыя колькасці захварэлых. Несумненна, захаванне гэтай тэндэнцыі азначае экспанентны рост колькасці захворванняў, чаго мы хочам пазбегнуць», — заявіў міністр здароўя Польшчы Адам Нядзельські. Ён адзначыў, што польскі ўрад мяняе стратэгію барацьбы з пандэміяй каранавіруса, паведаміла Польскае радыё. На думку Нядзельскага, гэта павінна прадухіліць калапс сістэмы аховы здароўя.
У краіне павінна быць павялічана колькасць бальнічных ложкаў, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і персаналу, які будзе займацца інфіцыраванымі пацыентамі. «Само абсталяванне не лечыць, койкі не лечаць, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх самі не дзейнічаюць. Таму мы таксама будзем працаваць над тым, каб медыцынскі персанал у значна большай ступені ўключыўся ў барацьбу з пандэміяй, пераводзячы частку гэтага персаналу з яго цяперашніх задач на задачы, звязаныя збарацьбой з COVІD-19», — адзначыў Нядзельскі.
Раней прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Войцэх Андрусевіч заяўляў, што ў бліжэйшыя дні «мы будзем мець справу з дастаткова вялікай колькасцю смерцяў». На думку генерала Гжэгажа Гелерака, дырэктара Ваенна-медыцынскага інстытута ў Варшаве, існуе рэальная рызыка калапсу сістэмы аховы здароўя ў Польшчы. Такое развіццё падзей чакае рэспубліку пры значным павелічэнні колькасці заражэнняў каранавірусам, пра што папярэджваюць прагнозы, паведаміў Dzіennіk.
«Калі прагнозы аб значным пашырэнні распаўсюджвання каранавіруса спраўдзяцца, я апасаюся, што з улікам сённяшніх праблем з наяўнасцю бальнічных ложкаў сістэма аховы здароўя стане неэфектыўная», — заўважыў генерал Гелерак. Эксперт таксама заявіў, што рэальная карціна эпідэміі не супадае з той, якая прадстаўлена статыстыкай. «Абсалютна згодны з тым, што названую ў статыстыцы Міністэрства аховы здароўя колькасць інфіцыраваных варта памножыць на дзесяць. Гэта наблізіць нас да рэальных маштабаў праблемы, з якой мы маем справу сярод насельніцтва», — адзначыў генерал. Паводле яго слоў, дынаміка заражэнняў сведчыць пра тое, што ўжо ў найбліжэйшы час у Польшчы за суткі хворых будзе фіксавацца ў паўтара-два разы больш.
На думку галоўнага ўрача ўніверсітэцкай клінікі ў Кракаве Канстанціна Шулдшынскага, сістэма аховы здароўя Польшчы знаходзілася на мяжы сваіх магчымасцяў яшчэ да пандэміі. «Калі мы прысвецім усе нашы рэсурсы і час каранавіруса, паўстане новая праблема — сістэма перастане лячыць іншых пацыентаў», — падкрэсліў Шулдшынскі.
Хваля пратэстаў
Як заўважыў Матэуш Маравецкі, цяперашняя дынаміка заражэнняў азначае тое, што колькасць захварэлых «будзе падвойвацца прыкладна кожныя тры дні». Адпаведна з гэтым уводзяцца жорсткія абмежаванні. Прэм`ер-міністр Польшчы абвясціў, што ўся краіна з 10 кастрычніка апынецца ў «жоўтай зоне». Гэта азначае, сярод іншага, што грамадзяне абавязаны насіць ахоўныя маскі ў грамадскіх месцах: у крамах, аўтобусах і нават на вуліцы. Таксама з 10 кастрычніка ў «чырвонай зоне» — з яшчэ больш строгімі абмежаваннямі — знаходзяцца 32 паветы і шэсць гарадоў.
Лакдаўн пагаршае і без таго, мякка кажучы, складаную эканамічную сітуацыю ў краіне. Эканоміка Польшчы, услед за іншымі краінамі ЕС, пагрузілася ў рэцэсію — першую за амаль 30 гадоў. «Гэтая рэцэсія прыходзіць у такі момант, калі ўлада рабіла стаўкі на сацыяльныя праграмы, каб выйграць выбары. Урад паабяцаў і даў людзям вельмі шмат грошай», — адзначыў экс-прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі.
Вядома, увядзенне абмежаванняў выклікала масавыя пратэсты, якія прайшлі па ўсёй краіне. Пра гэта паведаміў польскі інфармацыйны партал RMF FM. У Варшаве мітынгоўцы, не згодныя з узмацненнем жорсткасці абмежаванняў, выйшлі на Замкавую плошчу. Дэпутат Канфедэрацыі свабоды і незалежнасці Гжэгаж Браўн, выступаючы перад прысутнымі, заявіў, што, на яго думку, санітарны рэжым быў уведзены ўрадам незаконна. «За маскай ілжывага клопату пра наша здароўе і бяспеку з многімі палякамі адбываецца трагедыя, у пацыентаў сур`ёзна абмежаваны доступ да ўрачоў», — паскардзіўся адзін з пратэстоўцаў на акцыі ў Гданьску.
Днямі на маштабную акцыю пратэсту ў Варшаву з усёй Польшчы з`ехаліся тысячы фермераў. Аграрыі нязгодныя з законам, які разглядаецца ў парламенце. Яго рэалізацыя, на думку фермераў, пазбавіць сродкаў для існавання тысячы дробных вытоворцаў. Як тут не працытаваць Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку: «Тое, што палякі хайпуюць сёння на Беларусі — пачакайце тыдзень і вы ўбачыце, што будзе ў Польшчы».
Пётр Дунько
Звязда, 15 кастрычніка 2020
Ссылка на источник:
Чаму вымірае Польшча?