СКРЫТЫ КЛАНДАЙК ТУРЫЗМУ
Беларусь стала больш зарабляць на турызме. Прычым не ў апошнюю чаргу за кошт іншаземцаў, якія толькі за першыя пяць месяцаў гэтага года пакінулі ў Сінявокай на 38,4 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2009 года. Услед за звычайнымі візіцёрамі паехалі і інвестары, узяўшыся асвойваць перспектыўныя праекты, так ці інакш звязаныя са сферай турызму. У прыватнасці, расійскія бізнесмены будуюць аб`екты побач з нацыянальным паркам "Браслаўскія азёры", у Мінску да чэмпіянату свету па хакею 2014 года за кошт замежных інвестараў плануецца пабудаваць каля дзясятка атэляў, а ў наступную пяцігодку пачнецца будаўніцтва забаўляльных курортаў, дзе ініцыятывы прыватных кампаній вельмі спатрэбяцца. Дырэктар дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму
Віктар Янкавенка расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб будучым Браслаўскіх азёр, турфірмах-бракаробах і перспектывах страхавой абароны турыста.
- Віктар Архіпавіч, як развіваецца беларуская туріндустрыя ў гэтым годзе?- У Беларусі ўпэўнена расце экспарт турыстычных паслуг. Так, за першыя 5 месяцаў гэтага года экспарт турпаслуг вырас на 38,4 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнуў $44,8 млн. Гэта адбылося ў многім за кошт узросшых на $5,8 млн. продажаў пуцёвак для іншаземцаў, а таксама паслуг гасцініц, не ўключаных у туры: на іх было патрачана на $4,7 млн. больш, чым за пяць месяцаў мінулага года.Пры гэтым на 42,8 працэнта вырас імпарт турыстычных паслуг, склаўшы $13,5 млн. Садзейнічала гэтаму павелічэнне колькасці камандзіраваных за мяжу.
У выніку ў сферы турыстычных паслуг склалася дадатнае сальда ў памеры $31,4 млн. (павелічэнне на 36,7 працэнта). Можна канстатаваць, што турыстычная індустрыя развіваецца і становіцца больш прывабнай для іншаземцаў. Акрамя таго, беларуская туріндустрыя з кожным годам усё больш канкурэнтаздольная ў цэнавай палітыцы.
- Павелічэнне адбылося за кошт санаторна-куротных устаноў?- Санаторна-курортныя ўстановы не панацэя. Гэты сегмент не адыгрывае вялікай ролі, паколькі ў беларускія санаторыі прыязджаюць у асноўным расіяне. А ў нас жа павелічэнне прыбыўшых іншаземцаў адбылося з заходніх краін. І тут маюць значэнне культурны, спартыўны і трансгранічны турызм. У Беларусі развіваюцца розныя віды турызму. Усе нацыянальныя паркі краіны прымаюць турыстаў, і туды едуць не ў санаторыі, а на базы адпачынку і ў паляўнічыя домікі. У Белавежскай пушчы ёсць сядзіба Дзеда Мароза, у Прыпяцкім нацыянальным парку - сафары-маршруты.
- А што плануецца зрабіць у нацыянальным парку "Браслаўскія азёры"?
- Цяпер будуецца вялікі комплекс побач з Браслаўскімі азёрамі. Узводзіцца ён на сродкі расійскіх інвестараў. Ёсць і іншыя праекты, якія знаходзяцца на розных стадыях рэалізацыі.
Акрамя гэтага, у бліжэйшыя гады ў Браслаўскім раёне плануецца добраўпарадкаваць пляж уздоўж гарадскога ўзбярэжжа возера Дрывяты, пабудаваць водагразелячэбніцу ў вёсцы Відзы-Лаўчынскія.
Браслаўскім азёрам пакуль не хапае сродкаў размяшчэння. Летам яны забіты турыстамі. Таму праекты па будаўніцтву гасцініц і баз адпачынку ў нацыянальным парку сёння вельмі перспектыўныя.
- У цэлым наколькі ў Беларусі адчуваецца недахват гасцініц?
- З гасцінічнай гаспадаркай праблему больш-менш вырашылі. Сёння ў кожным вялікім горадзе ёсць гасцініца, а то і некалькі. А яшчэ гадоў сем таму такое нельга было сказаць.
У некаторых гарадах павінна быць як мінімум дзве-тры гасцініцы. Напрыклад, для Нясвіжа адной гасцініцы яўна недастаткова. А калі размова ідзе пра горад, дзе практычна ніхто не бывае, то шмат атэляў там і не патрэбна.
- Далёка не ўсе беларускія гасцініцы, на жаль, вызначаюцца цэнавай даступнасцю. Прычым часта для грамадзян краіны і іншаземцаў дзейнічаюць розныя тарыфы. Як вы да гэтага ставіцеся?
- У беларускіх гасцініцах павінны быць устаноўлены адзіныя тарыфы для грамадзян краіны і іншаземцаў. Цяпер цэнавая палітыка ў гасцініцах поўнасцю залежыць ад уласніка. Я выступаю катэгарычна супраць таго, каб для беларусаў была адна цана, для рускіх - другая, а для палякаў - трэцяя. А чаму яны сябе так паводзяць? Таму што часта няма канкурэнцыі. Ды, уласна кажучы, ніхто і не едзе, хіба што па камадзіроўцы.
Выправіць сітуацыю можа ўзмацненне канкурэнцыі. Чамусьці атэль "Мінск" і гасцініцы ў нацыянальных парках маюць адзіныя тарыфы, а ў некаторых раённых цэнтрах аб гэтым нават не задумваліся. Прычым чым меншы горад і горшая гасцініца, тым большая розніца ў тарыфах для рэзідэнтаў і іншаземцаў.
- Наколькі ўзбударажылі турыстычны рынак апошнія інцыдэнты, калі ад дзейнасці мінскіх турфірм "РэстМаркет" і "Саўпольда" пацярпелі дзясяткі беларускіх турыстаў?- Апошнія інцыдэнты, калі ад дзейнасці мінскіх турфірм "РэстМаркет" і "Саўпольда" пацярпелі дзясяткі беларускіх турыстаў, негатыўна ўплываюць на ўвесь турыстычны рынак. Пяць гадоў у беларускай туріндустрыі такога не было. Бачыце, не вытрымала канкурэнцыі (пра былога дырэктара турфірмы "РэстМаркет" Марыну Кананенка, якая аб`яўлена ў міжнародны вышук. - Заўвага БЕЛТА), стала карыстацца раннім продажам па зніжаных цэнах, што ўжо наводзіла на пэўныя думкі.
Абедзве турфірмы ў другой палавіне чэрвеня, як толькі былі правераны скаргі, былі адразу пазбаўлены ліцэнзій. Адна з іх абяцае ўсё кампенсаваць, але ўсе рэальна разумеюць, што абяцанага можна доўга чакаць.
І ў далейшым турфірмы-бракаробы ў Беларусі будуць адразу пазбаўлены ліцэнзій. Зрэшты, парушэнне правіл ліцэнзавання аўтаматычна прыводзіць да пазбаўлення турфірмы ліцэнзіі, асабліва калі гэта датычыцца грубых парушэнняў.
- Што плануе зрабіць Міністэрства спорту і турызму, каб абараніць турыста ад такіх інцыдэнтаў?- Міністэрства спорту і турызму распрацоўвае стратэгію абароны спажыўцоў ад нядобрасумленных фірм. Па сутнасці, мы пачалі працаваць над увядзеннем фінансавай гарантыі. Яна прадугледжвае штомесячныя ўзносы з боку турыстычных фірм, якія будуць паступаць у страхавыя кампаніі.
Гэты праект абмяркоўвася з Міністэрствам фінансаў яшчэ да разгляду парламентам новай рэдакцыі закона аб турызме, які ўступіць у сілу 6 кастрычніка. Было прынята рашэнне, што наступным крокам будзе распрацоўка нарматыўна-прававога акта аб фінансавых гарантыях. Будзе гэта ўказ або пастанова - пакуль невядома. Але ясна адно: рабіць гэта трэба, паколькі з-за двух-трох нядобрасумленных кантор церпяць усе кампаніі.
Трэба адзначыць, што гэты турыстычны сезон мы адпрацуем па старых правілах, а ў наступным - пяройдзем да новых.
- А як будзе функцыянаваць сістэма страхавой абароны турыста з пункту гледжання звычайнага спажыўца? Напрыклад, куды ён зможа звярнуцца, калі турфірма не выканае сваіх абавязацельстваў?- У гэтым выпадку ён будзе звяртацца ўжо не ў суд, а ў страхавую кампанію, якая будзе кампенсаваць яму кошт пуцёўкі. Прычым для гэтага трэба, каб страхавыя кампаніі выпрацавалі правілы гульні: пры якіх выпадках, у якім памеры будуць ажыццяўляцца страхавыя выплаты, ці будзе ўлічвацца маральная кампенсацыя і інш.
Але ёсць і істотная праблема. Справа ў тым, што ў Беларусі многія тураператары прадаюць прадукты замежных кампаній. Сёння, напрыклад, абанкруцілася турэцкая кампанія Karya Tour, і многія беларускія фірмы ад гэтага пацярпелі. Дык вось, ці будуць нашы страхавыя кампаніі кампенсаваць кліентам кошт пуцёўкі, калі прагарэла не беларуская турфірма, а тураператар іншай краіны?
- У выпадку з турэцкай кампаніяй расходы леглі на плечы беларускіх тураператараў.- Яны правільна зрабілі. Паводле нашага закона аб турызме правы заўсёды заказчык. Сабе на страту, але кліенту трэба або вярнуць сродкі, або арганізаваць адпачынак. У адваротным выпадку тураператар больш страціць на судовых выдатках. Тым больш што цяпер кампанія можа прад`яўляць прэтэнзіі ўжо ў Турцыі, а не працаваць на два франты.
- Як хутка Міністэрства спорту і турызму прымае рашэнне аб пазбаўленні турфірмы ліцэнзіі?- Калі гэта грубае парушэнне, прапісанае ў 17-м дэкрэце і палажэнні аб ліцэнзаванні, то пры атрыманні дакументаў і іх пацвярджэнні мы адразу пазбаўляем арганізацыю ліцэнзіі. Але калі мы бачым, што парушэнне не грубае, то даём прадпісанне ўстараніць недахопы ў тэрмін ад 1 да 6 месяцаў. Пры паўторным парушэнні дзейнічаюць зусім іншыя правілы.
Дарэчы, самае грубае парушэнне для турфірмы - гэта абслугоўванне турыста без заключэння дагавора. Гэта значыць, што грошы не прабіты па касе і пакладзены ў кішэню, а турыст не абаронены. Другое грубае парушэнне - гэта калі турфірма ажыццяўляе дзейнасць па адрасе, які не названы ў ліцэнзіі.
- У кастрычніку на змену ваўчару прыйдзе тыпавы дагавор. Наколькі ён зможа гарантаваць якасць паслуг?
- Ні адзін дакумент не можа гарантаваць якасць паслуг. Усё залежыць ад канкрэтнай турфірмы. У Беларусі дзейнічае адна з самых моцных нарматыўных баз у сферы турызму. А ўсё таму, што ў нас усё дакладна прапісана. Адказнасць поўнасцю нясе турфірма, якая рэалізавала тур.
Атрымліваецца, што заўсёды вінавата турфірма, а не, скажам, "Белавія", якая затрымала рэйс. На жаль, адсутнасць канкурэнцыі сярод авіяперавозчыкаў у Нацыянальным аэрапорце Мінск перашкаджае таму, каб турфірмы заўсёды маглі своечасова выканаць свае абавязацельствы перад турыстамі.
У цэлым адмена турыстычнага ваўчара прынясе карысць абодвум бакам. Перавагі будуць перш за ўсё ў турыстаў, паколькі яны атрымаюць дагавор аплатнага аказання паслуг, які разглядаецца судамі і таварыствам абароны спажыўцоў. У сваю чаргу для турфірмы адмена ваўчара прывядзе да аблягчэння дакументаабароту.
- Новы закон аб турызме надзяляе турысцка-інфармацыйныя цэнтры юрыдычным статусам. Дзе і ў якой колькасці яны будуць адкрывацца ў Беларусі?- У бліжэйшыя пяць гадоў плануецца адкрыць па турысцка-інфармацыйнаму цэнтру ў кожным раёне Беларусі. У 2011 годзе такія цэнтры павінны з`явіцца ў большасці раёнаў, прывабных з пункту гледжання прыцягнення турыстаў. У некаторых раёнах трэба адкрыць адразу некалькі турысцка-інфармацыйных цэнтраў, напрыклад, у Камянецкім раёне, дзе дадатковы цэнтр было б лагічна стварыць у нацыянальным парку "Белавежская пушча".
Андрэй Асфура
БЕЛТА 2010
Ссылка на источник:
Скрыты кландайк турызму