ЗША і краіны міжнароднай кааліцыі вывелі войскі з Афганістана — «дэдлайн» быў вызначаны на 31 жніўня. Байцы «Талібана» ўвайшлі ў аэрапорт Кабула зранку ў аўторак. Шмат хто з іх былі ў кінутай амерыканскай экіпіроўцы, паведаміла Бі-бі-сі. Пасля таго як заходнія ваенныя пакінулі краіну, там засталіся тыя, хто дапамагаў міжнародным сілам, працаваў на іх або на ўрад, які зрынулі талібы. ЗША і іншыя краіны кааліцыі напярэдадні заявілі, што не змогуць эвакуіраваць усіх ахвотных, у прыватнасці, з-за сітуацыі ў аэрапорце Кабула і шчыльна перакрытых з-за пандэміі і тэрарыстычнай пагрозы сухапутных граніц. За сваю гісторыю Афганістан перажыў некалькі глабальных хваль міграцыі. Чым адметная цяперашняя шматтысячная плынь бежанцаў?
З хаосу ў нявызначанасць
Захоп талібамі Кабула спарадзіў праблему сусветнага маштабу. У Еўропе і Амерыцы вырашаюць, што рабіць з бежанцамі з Афганістана. Чаканая хваля вымушаных перасяленцаў з гэтай шматпакутнай краіны, як не без падстаў асцерагаюцца ў Еўрасаюзе, можа стварыць новы міграцыйны крызіс, параўнальны з тым, што не так даўно выклікалі бежанцы ад наступстваў «арабскай вясны», заўважыў еxpert.ru. Масавая эвакуацыя з Кабула пачалася ўжо 14 жніўня, калі талібы імкліва захапілі практычна ўсю краіну і стаялі каля Кабула. Генерал Кенэт Макензі, кіраўнік Цэнтральнага камандавання, які адказвае за амерыканскія ваенныя аперацыі ў рэгіёне, паведаміў, што за 17 дзён самалёты ЗША і іх саюзнікаў эвакуіравалі звыш 123 тысяч мірных жыхароў — у сярэднім больш чым 7500 грамадзянскіх асоб штодня.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў усе краіны прымаць бежанцаў з Афганістана і не дэпартаваць іх. «Наступныя дні будуць вырашальнымі. Свет глядзіць на нас. Мы не можам і не павінны пакідаць у бядзе народ Афганістана», — заўважыў генсек. Толькі з хаосу людзі трапілі ў поўную нявызначанасць: многія дагэтуль знаходзяцца на ваенных базах ЗША ў трэціх краінах і не ведаюць, што будзе з імі далей. Штаты паабяцалі прыняць 22 тысячы бежанцаў. Часовае рашэнне па іх размяшчэнні — лагер на тэрыторыі Форта МакКой, ваеннага гарнізона ў штаце Віскансін, а таксама аналагічны лагер Форт Бліс у Тэхасе.
План выглядаў бы рэалістычным, калі б ужо цяпер не было зразумела: больш за 88 тысяч афганцаў, якія супрацоўнічалі з ЗША ў Афганістане, падалі дакументы на атрыманне спецыяльных віз. Такую лічбу раней агучыў Бі-бі-сі прадстаўнік Дзярждэпа, прычым гэта не лічачы членаў іх сем’яў. Колькі людзей насамрэч апынецца ў ЗША — пытанне адкрытае. Справа ў тым, што Вашынгтон вядзе перагаворы аб размяшчэнні бежанцаў у трэціх краінах. Часова прыняць людзей, асабістыя справы якіх апрацоўвае ЗША, пагадзіліся Албанія, Канада, Калумбія, Коста-Рыка, Чылі, Косава, Паўночная Македонія, Мексіка, Польшча, Катар, Руанда і Уганда (і без таго самая вялікая па колькасці бежанцаў афрыканская краіна).
Піва замест бежанцаў
Вялікабрытанія гатовая прыняць да 20 тысяч бежанцаў з Афганістана. Прыярытэт будзе аддавацца жанчынам і дзецям, якія апынуліся ў сённяшнім Афганістане ў найбольш хісткім становішчы. «Гэтыя загалоўкі ў медыя — пра 20 тысяч чалавек — гучалі вельмі прывабна. Але калі ўчытацца, то становіцца зразумела, што ў першы год Брытанія прыме толькі пяць тысяч, а потым урад ацэніць сітуацыю і прыме далейшае рашэнне», — заўважыў іz.ru Махамад Азіф, кіраўнік афганскага фонду захавання правоў чалавека, які базіруецца ў Глазга.
Такую ж колькасць — 20 тысяч чалавек — вырашыла прыняць і Канада. Зрэшты, як сцвярджаюць мясцовыя журналісты, у рэальнасці гэтая лічба ўжо была прапісаная ў гадавым плане па прыёме ўсіх бежанцаў, а цяпер гэтыя квоты проста размеркавалі на карысць афганцаў. Тым жа чынам «схітравала» і Аўстралія, якая прапанавала тры тысячы месцаў у рамках сваёй гуманітарнай візавай праграмы. І, як пацвердзілі іz.ru ў прэс-службе аўстралійскага міністэрства замежных спраў і гандлю, агульная колькасць такіх віз для замежнікаў Канбера павялічваць не будзе.
Суседзі Афганістана — Пакістан, дзе, паводле інфармацыі ўпраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ), да канца мінулага года знаходзілася каля 1,5 мільёна афганцаў, і Іран, які ўжо прытуліў 780 тысяч перасяленцаў, — заявілі, што больш пускаць да сябе нікога не будуць. Турцыя, куды збеглі амаль 130 тысяч афганцаў і чый лідар Рэджэп Эрдаган прама заявіў, што краіна не стане «сховішчам мігрантаў у Еўропе», пачала ўдарнымі тэмпамі ўзводзіць сцяну на граніцы з Іранам, каб не пускаць бежанцаў.
Тым жа шляхам пайшла і Грэцыя (на канец мінулага года там ужо было звыш 41 тысячы афганцаў), усталяваўшы 40-кіламетровы плот і сістэму назірання на граніцы з Турцыяй, каб спыніць далейшы наплыў мігрантаў. Ніякага жадання прыняць бежанцаў не выказалі і іншыя краіны Еўрасаюза, у якім, паводле даных Statіsta, пастаянны або часовы прававы статус сёлета ў першым квартале атрымала каля сямі тысяч афганцаў.
Расследаванне, праведзенае газетай Bіld, паказала, што падчас эвакуацыі з Афганістана сваіх ваенных Германія адмовіла ў візах сотням афганцаў, якія працавалі з імі. Замест іх верталёты бундэсвера павезлі на радзіму 340 бутэлек віна і 65 тысяч бляшанак піва. Гэтую «піўную эвакуацыю» прэса назвала ганебнай. Германія абмежавалася прапановай вылучыць €100 млн тэрміновай фінансавай дапамогі міжнародным арганізацыям, якія будуць дапамагаць афганскім бежанцам у суседніх краінах.
А іншыя проста сказалі «не». Францыя вуснамі прэзідэнта Эмануэля Макрона заявіла, што Еўропе перш за ўсё трэба «абараніць сябе ад значных хваль нелегальных мігрантаў» з Афганістана. Аўстрыя зноў вылучыла ідэю стварыць цэнтры для бежанцаў за межамі ЕС, паабяцаўшы дэпартаваць усіх нелегалаў, нягледзячы на сітуацыю ў Афганістане. Адхрысцілася ад вялікай колькасці бежанцаў і Швейцарыя, выказаўшы гатоўнасць прыняць толькі 230 чалавек, якія працавалі са швейцарскімі арганізацыямі ў Афганістане.
«Цёплы» прыём
Еўрасаюз мае намер не дапусціць наплыву афганскіх бежанцаў. У заяве кіраўнікоў МУС краін ЕС па выніках экстраннай нарады ўказваецца, што абарону гэтым людзям варта забяспечыць у суседніх з Афганістанам краінах, паведаміла dw.com. Краіны ЕС не змаглі дамовіцца аб агульным падыходзе да прыёму бежанцаў, якія апынуліся ў небяспецы пасля захопу ўлады талібамі. Еўрасаюз не хоча браць на сябе ніякіх канкрэтных абавязацельстваў па гэтым пытанні. Еўрапейскія ўлады па прыкладзе ЗША шукаюць варыянты спыніць афганскую хвалю бежанцаў за межамі ЕС. З’явілася інфармацыя, што яны маюць намер прапанаваць краінам — суседзям Афганістана — фінансавую дапамогу ў памеры 600 мільёнаў еўра, каб тыя размясцілі ў сябе бежанцаў з гэтай дзяржавы. Пра гэта са спасылкай на афіцыйных асоб у Бруселі паведаміла Fіnancіal Tіmes.
— Сітуацыя застаецца нестабільнай. Любы буйны прыток бежанцаў, відавочна, запатрабуе ад міжнароднай супольнасці неадкладнай і ўстойлівай падтрымкі як Афганістана, так і яго суседзяў у духу падзелу адказнасці. Пашырэнне бяспечных шляхоў для бежанцаў у Еўропу, уключаючы перасяленне, таксама можа забяспечыць рэалістычныя і значныя альтэрнатывы незаконнаму ўвозу людзей і нерэгулярным перамяшчэнням у якасці кіраванага і доўгатэрміновага адказу, — адзначыў іz.ru прадстаўнік УВКБ ААН па справах ЕС Мэв Патэрсан.
У тым, што адбываецца на практыцы, пераканаўся на свае вочы прадстаўнік УВКБ ААН у Беларусі Мулусеу Мамо, які наведаў участак пагранічнай заставы «Русакі» Гродзенскай пагранічнай групы для азнаямлення з сітуацыяй, якая складваецца на граніцы. Пра гэта БелТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «Падчас мерапрыемства беларускі бок акрэсліў сваю пазіцыю, а таксама даў магчымасць пагутарыць з грамадзянамі Афганістана, якія знаходзяцца на лініі граніцы ўжо працяглы час, — адзначылі ў ДПК. — Замежнікі расказалі прадстаўніку УВКБ ААН, чаму яны пакінулі свае дамы ў Афганістане і навошта хочуць трапіць у краіны Еўропы, а таксама як польскі бок падманным шляхам даставіў іх да лініі граніцы, нягледзячы на іх спробу звярнуцца па сховішча ў Польшчы».
Мігранты вельмі абураныя тым фактам, што польскія вайскоўцы не дапускаюць да іх прадстаўнікоў еўрапейскіх СМІ і праваахоўных арганізацый для аказання дапамогі. Замежнікі адкрыта заявілі пра свой намер трапіць у краіны ЕС. «Раней беларускі бок неаднаразова заклікаў міжнародныя і гуманітарныя арганізацыі аб’ектыўна разабрацца з фактамі парушэнняў правоў чалавека і бежанцаў з боку еўрапейскіх краін, а таксама аказаць ім прававую і іншую дапамогу ў рамках выканання сваіх абавязацельстваў», — адзначылі ў ДПК.
Раней пагранічнікі заставы Бігосава Полацкага пагранатрада спынілі чарговую спробу незаконнага выцяснення мігрантаў з тэрыторыі Латвіі на тэрыторыю Беларусі. У прыватнасці, супрацоўнікі латвійскай Дзяржпагранаховы з прымяненнем фізічнай сілы на лінію дзяржграніцы даставілі 21 грамадзяніна Афганістана, з іх 11 дзяцей«, — расказалі ў ДПК. Мігранты растлумачылі пагранічнікам, што прыбылі ў Латвію ў пошуках лепшых умоў жыцця з мэтай далейшага руху ў Германію. Пасля затрымання латвійскімі пагранічнікамі яны ўтрымліваліся ў дрэнных умовах, лекамі і гарачым харчаваннем не забяспечваліся, нават просьба забяспечыць малаком маленькіх дзяцей засталася па-за ўвагай. Пасля, нягледзячы на заявы аб атрыманні статусу бежанца, падманным шляхам усю групу даставілі на граніцу з Беларуссю, заявіўшы, што Латвія бежанцаў не прымае і іх чакаюць аўтамабілі, якія адвязуць у Германію.
Толькі разам
Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў некалькі тэлефонных размоў: з Прэзідэнтамі Таджыкістана, Расіі і Узбекістана. Асноўная тэма кансультацый напярэдадні пасяджэння АДКБ, якое пройдзе 16 верасня ў Душанбэ, — сітуацыя ў Афганістане. А 16–17 верасня ў сталіцы Таджыкістана адбудзецца саміт ШАС. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Махмадшарыфам Хакдодам, усе суразмоўцы пагадзіліся з прапановай правесці кансультацыі па Афганістане па лініі АДКБ — ШАС і паглядзець, якую пазіцыю зойме па тэме ШАС.
— Калі пазіцыя ШАС і АДКБ будзе кансалідаванай, то мы з гэтай сітуацыяй справімся. Дапаможам і афганскаму народу пераадолець гэтыя цяжкасці. Калі на афганскай «скрыпцы» кожны будзе іграць па-свойму, быць бядзе. Гэта няпросты рэгіён. І пытанне не толькі ў Афганістане, няпростая сітуацыя і ў суседніх краінах, на Блізкім Усходзе. Радыкалізм сёння, на жаль, мае і аб’ектыўныя асновы і прычыны для такіх паводзін«, — заўважыў Прэзідэнт Беларусі.
Беларускі лідар упэўнены, што нагода для радыкалізму — умяшанне вядучых заходніх краін у гэтыя раёны, стварэнне там больш горшай сітуацыі, чым была. «І зразумела. Яны спарадзілі большы радыкалізм. Хто ў гэтым вінаваты? Яны і вінаватыя», — лічыць беларускі лідар.
Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 4 верасня 2021
Ссылка на источник:
Афганская хваля. Чаму разгарнуўся глабальны міграцыйны крызіс?