Вясной 2022-га Віцебская і Гродзенская вобласці павінны цалкам вызваліцца ад 920 тон непрыдатных пестыцыдаў, якія за дзесяцігоддзі работы ўтварыліся на айчынных сельгаспрадпрыемствах. Налета таксама возьмуцца і за ачыстку ад 500 тон пестыцыдаў Міншчыны. Небяспечную спадчыну пакрысе вывозіць на знішчэнне ў Германію польская кампанія Geocoma («Геакома»).
Атрутныя бочкі
Усяго ў краіне з часоў СССР засталося звыш 10 тысяч тон пестыцыдаў, у тым ліку стойкіх арганічных забруджвальнікаў (САЗ). У 17 раёнах Віцебскай вобласці на складах, самы вялікі з якіх — «Дзёрнавічы» на Полаччыне, назбіралася каля 800 тон ядахімікатаў. Пяць раёнаў (Дубровенскі, Аршанскі, Сененскі, Браслаўскі, Шаркаўшчынскі) ужо пазбавіліся ад небяспечнага пестыцыднага грузу. А на Гродзеншчыне 120 тон небяспечнага прадукту ўжо звезены ў адзін склад пад Навагрудкам. Яны перапакаваныя і чакаюць вывазу ў 2022 годзе.
Польская кампанія Geocoma («Геакома») працуе ў Беларусі паводле дагавора з Мінпрыроды па экалагічна бяспечным знішчэнні непрыдатных пестыцыдаў. Небяспечныя рэчывы вывозяцца на знішчэнне ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». Ён рэалізоўваецца ў краіне Мінпрыроды сумесна з Праграмай развіцця ААН у Беларусі, адзначыў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут:
— Дзякуючы праекту мяркуецца вырашыць праблему непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах сельгасарганізацый. Адходы будуць знішчаны экалагічна бяспечным спосабам — высокатэмпературным спальваннем.
Спецыялісты кампаніі пераўпакоўваюць, узважваюць і вывозяць пестыцыды на перапрацоўку ў Германію. На ўсіх гэтых этапах супрацоўнікам дапамагае служба МНС тых рэгіёнаў, дзе знаходзяцца склады пестыцыдаў.
Першыя дзве машыны па прыкладна 20 тон небяспечных адходаў з Віцебскай птушкафабрыкі, Дуброўна, Оршы, Лепеля, Талачына паехалі ў Германію яшчэ ў верасні. Каля 18 тон, запакаваных у чарговую фуру, што адправілася ў шлях у кастрычніку, якраз і давялося ўбачыць. Гэта бочкі з непрыдатнымі ядахімікатамі са склада прадпрыемства «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс».
— Сваіх тут было 11 тон небяспечнага прадукту, да якога дадалі папярэдне прывезеныя пестыцыды з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Глыбоцкага раёна: «Мнюта», «Ламашы-Агра», «Глыбоцкі аграсэрвіс». А ў наступнай машыне, мяркуецца, паедуць пестыцыды з вялікага склада ў Дзярновічах, — расказала Дзіяна Парубін, асістэнт кіраўніка кампаніі Geocoma, якая адказвае за хімічны аналіз пестыцыдаў.
Прывёз — праверыў — спаліў
Планавалася, што пестыцыды з Беларусі будуць знішчаць на пяці нямецкіх заводах: Currenta, Remondіs SAVA, AVG, HІM і SUEZ. Аднак пакуль адходы адпраўляюцца толькі на два: AVG і Remondіs SAVA. Хоць спецыялісты Geocoma спадзяюцца неўзабаве атрымаць дазволы на вываз яшчэ на два прадпрыемствы: SUEZ і HІM — тады і работа пойдзе ўдвая хутчэй, падзяліўся Яраслаў Сурма, праектны дырэктар польскай кампаніі Geocoma:
— Для нас самае важнае — арганізаваць бяспечны правоз грузу і яго спальванне, а таксама вызваліць запланаваныя плошчы. Перад упакоўкай мы робім свой аналіз адходаў, аднак у Германіі перад утылізацыяй змесціва бочак таксама бярэцца на аналіз. І пратаколы першых тэстаў на спальванне ад папярэдняй фуры (якая з`ехала яшчэ ў верасні) таксама неўзабаве атрымаем — і згодна з імі зможам планаваць графік далейшай работы па абодвух заводах. Плануем адпраўляць дзве машыны на тыдзень.
Нямецкія прадпрыемствы скіраваны на аператыўную работу па прынцыпе «прывёз — праверыў — спаліў» і не зацікаўленыя складзіраваць небяспечныя пестыцыды на сваіх плошчах. Максімум — адзін-два тыдні, і іх спальваюць. Супрацоўнікі Geocoma мяркуюць, што далей справа пойдзе хутчэй, бо нямецкія эксперты ўжо будуць ведаць прыкладны састаў беларускіх пестыцыдаў і будуць падрыхтаваныя. Тым не менш, польскія спецыялісты заўважылі, што работа замаруджваецца доўгім працэсам сертыфікацыі і атрыманнем дазволаў.
Напакаваная ядавітымі бочкамі фура рушыла за мяжу, а ў Шаркаўшчыне засталіся тры пустыя склады з-пад пестыцыдаў. Іх далейшы лёс — хутчэй за ўсё, таксама быць знішчанымі, як і тое, што яны захоўвалі дзесяцігоддзямі.
Планы на заўтра
Частка пестыцыдаў захоўваецца таксама ў пяці падземных сховішчах Беларусі, тры з якіх — у Паставах, Верхнядзвінску і Гарадку — знаходзяцца ў Віцебскай вобласці.
— У рамках праекта адбываецца франтальнае даследаванне дадзеных сховішчаў, у выніку чаго будзе складзены план па ліквідацыі гэтых адходаў з разлікам фінансавых затрат, — заўважыў Дзяніс Каваленка, кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». — Найбольшую небяспеку для наваколля выклікаюць менавіта паверхневыя склады, вывазам пестыцыдаў з якіх цяпер займаюцца, таму з іх і пачалі.
Акрамя Віцебшчыны і Гродзеншчыны, пестыцыды застаюцца яшчэ на Міншчыне, Магілёўшчыне і на Гомельшчыне. Апошні склад у Чачэрскім раёне — гэта арганізаванае сховішча на пяць тысяч тон, якія будуць знішчацца ў Беларусі пасля будаўніцтва спецыялізаванага аб`екта.
Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 26 кастрычніка 2021
Ссылка на источник:
Пестыцыды пакуюць, вывозяць з Беларусі і спальваюць на спецыяльных заводах