Ёсць словы пра санкцыі ў дачыненні да беларускіх вытворцаў, а ёсць канкрэтныя факты, якія адлюстроўваюць рэальнае развіццё сітуацыі. З лічбамі не паспрачаешся. Напрыклад, сёлета ў студзені—верасні Літва імпартавала беларускіх тавараў прыкладна на 800 мільёнаў еўра, гэта значыць на 50 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Адпаведныя даныя апублікаваў Дэпартамент статыстыкі краіны, паведаміў аналітычны партал RuBaltіc.Ru.
На праблему беларускага імпарту ў Літве звярнулі ўвагу грамадскія актывісты. Яны выявілі: кожны дзясяты літр піва на паліцах іх крам вырабляе беларускае прадпрыемства «Крыніца». Па папярэдніх звестках, штогод у Літве прадаюць каля 20 мільёнаў літраў беларускага піва, гэта амаль 10 працэнтаў усяго ўнутранага рынку. Аднак піва — зусім не галоўны тавар, які Літва закупляе ў Беларусі. У артыкуле, апублікаваным Дэпартаментам статыстыкі Літвы два месяцы таму, гаворыцца, што па выніках першых шасці месяцаў гэтага года імпарт з Беларусі падскочыў на 58,3 % і склаў амаль 560 мільёнаў еўра. Нягледзячы на санкцыі, сцвярджае Дэпартамент статыстыкі Літвы, паток тавараў з гэтай краіны не толькі не запаволіўся, але і стаў рэкордным: кампаніі кінуліся купляць беларускія тавары да таго, як іх пастаўкі былі парушаныя.
Эканаміст банка SEB Тадас Павілускас звяртае ўвагу на тое, што з-за пандэміі каранавіруса летась гандаль паміж краінамі падаў. Гэта значыць, збольшага Беларусь у Літве проста адыгрывае свае экспартныя страты. За студзень—верасень 2019 года яна адправіла ў Літву прадукцыі на 812,9 мільёна еўра. Сёлета — амаль столькі ж, і ніякія санкцыі ЗША і ЕС гэтаму не перашкодзілі. Каментуючы вынікі першага паўгоддзя, Тадас Павілускас прыйшоў да высновы: па выніках наступных шасці месяцаў сітуацыя будзе выглядаць значна горш. Але яго прагнозы не спраўджваюцца. У ліпені і жніўні Літва працягвала ўдарнымі тэмпамі закупляць беларускую прадукцыю.
Пры гэтым RuBaltіc.Ru адзначае, што самы вялікі прыбытак у гандлі з Літвой Беларусі прынесла электраэнергія. Тая самая, ад якой Літва павінна была засцерагчыся пасля запуску БелАЭС. «Прэзідэнт Гітанас Наўседа, прэм`ер-міністр Інгрыда Шыманітэ, кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс і іншыя прадстаўнікі літоўскага істэблішменту ўгаворваюць сваіх замежных таварышаў далучыцца да байкоту астравецкага «атамнага монстра». Тым часам высвятляецца, што ў студзені—жніўні гэтага года Літва заплаціла за беларускую электрычнасць 132,6 млн еўра. Прыкладна на 46 млн еўра больш, чым за ўвесь 2020 год», піша RuBaltіc.Ru. Дэпартамент статыстыкі Літвы раскрыў сакрэт Полішынэля: патрабуючы ад іншых спыніць імпарт электраэнергіі з Беларусі, сама краіна гэтага не робіць. Пастаўкі не проста працягваюцца — яны растуць у параўнанні з перыядам, калі БелАЭС яшчэ не працавала.
«На розум прыходзяць словы вядомай песні з савецкага кінафільма: «Что они не делают, не идут дела». Лабіравалі санкцыі супраць Беларусі — нарасцілі імпарт беларускай прадукцыі. Абвясцілі байкот БелАЭС — павялічылі імпарт беларускай электрычнасці. Калі б палітыкам уручалі прэміі за самыя недарэчныя «дасягненні», прадстаўнікі Літвы дакладна прэтэндавалі б на Гран-пры», — перакананы RuBaltіc.Ru.
Здаецца, што ўрад Літвы значна больш дбае пра свой імідж у вачах партнёраў па ЕС і НАТА, чым пра сваё насельніцтва. Сварачыся з суседнімі дзяржавамі, Літва наносіць страты сваёй жа эканоміцы. Такая контрпрадукцыйнасць відавочная для ўсіх, акрамя літоўскіх улад, адзначыла The Baltіc Word. Мяркуючы па дзеяннях улад, у Вільнюса мала інструментаў для дасягнення сваіх палітычных мэт. Таму кіраўніцтва Літвы вырашыла дамагчыся жаданых вынікаў, запатрабаваўшы ад краін — членаў ЕС і НАТА розных санкцый. «Заклікаючы да санкцый і дэманструючы «непахісную палітычную волю», Літва агаліла «дабрабыт» уласнага насельніцтва», — адзначае The Baltіc Word.
Так, цэны на цэнтралізаванае ацяпленне ў краіне сёлета вырастуць у сярэднім прыкладна на 30 працэнтаў. Цэны на біяпаліва, за кошт якога ў Літве вырабляюць 70 % цеплаэнергіі, цяпер прыкладна на 40 % вышэй, чым летась. «Такі велізарны скачок цэн у такі напружаны час можа пагражаць сацыяльным крызісам і ростам напружанасці ў грамадстве», — заўважыў Лукас Тамулінас, старшыня руху LSDP Momentum Vіlnіus.
Варта адзначыць, што, па звестках Дэпартамента статыстыкі Літвы, цэны на спажывецкія тавары і паслугі ў краіне растуць восьмы месяц запар. Раней стала вядома, што летась кожны пяты жыхар Літвы знаходзіўся за мяжой беднасці. Пры гэтым пенсіянеры лічацца адной з самых уразлівых груп у краіне. У 2019 годзе Літва ўвайшла ў пяцёрку вядучых антылідараў ЕС па ўзроўні рызыкі беднасці для пенсіянераў. Доля людзей, старэйшых за 65 гадоў, схільных да рызыкі беднасці, склала 18,7 %. «У такой сітуацыі санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да суседніх краін, якія цесна звязаныя з літоўскай эканомікай і непасрэдна ўплываюць на дабрабыт жыхароў Літвы, прынамсі, наносяць шкоду», — рэзюмуе The Baltіc Word.
Далей — болей. Бельгія (у сталіцы якой, нагадаю, знаходзяцца штаб-кватэра Еўрасаюза і офіс НАТА) спрабуе аслабіць санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да калійнай прамысловасці Беларусі, паколькі гэтыя абмежаванні ствараюць цяжкасці для еўрапейскіх кампаній, паведаміў Bloomberg са спасылкай на ліст бельгійскіх дыпламатаў. Дыпламаты звярнуліся да іншых краін — членаў ЕС з просьбай паслабіць абмежаванні ў дачыненні да беларускага калію. У лісце дыпламаты кажуць, што санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалія», выклікалі праблемы ў еўрапейскіх кампаній. На іх думку, на калійны сектар не варта распаўсюджваць санкцыі. У лісце адзначаецца, што калі еўрапейскія кампаніі будуць вымушаныя закупляць калійныя ўгнаенні ў іншых краінах, гэта прывядзе да скачка цэн і зніжэння якасці адпаведнай прадукцыі.
Яшчэ адзін дакумент, з якім азнаёміўся Bloomberg, сведчць, што пазіцыю бельгійскіх дыпламатаў падзяляюць і іншыя краіны. Таксама адзначаецца, што на гэтым тыдні адбудзецца сустрэча дыпламатаў ЕС, падчас якой дадзенае пытанне можа быць разгледжана. У гэтым годзе цэны на ўгнаенні рэзка ўзраслі. Больш высокія затраты на пажыўныя рэчывы таксама рызыкуюць пагоршыць глабальную інфляцыю прадуктаў харчавання ў той час, калі ў свеце расце колькасць людзей, якія галадаюць, асабліва ў больш бедных краінах.
Тым часам беларускія вытворцы актыўна адстойваюць сваю пазіцыю. Днямі стала вядома, што «МАЗ», «БелАЗ» і «Белаэранавігацыя» падалі іскі аб адмене рашэнняў Савета Еўрасаюза, які налажыў індывідуальныя санкцыі на гэтыя прадпрыемствы. Адпаведная інфармацыя была апублікавана ў афіцыйным часопісе ЕС. Так, «МАЗ» і «БелАЗ» аспрэчваюць рашэнне Савета ЕС ад 21 чэрвеня аб абмежавальных мерах. У якасці аргумента абедзве кампаніі адзначаюць некарэктнае прывядзенне свайго афіцыйнага наймення ў дакументах ЕС. Яны ўказваюць на няслушныя і неабгрунтаваныя падставы для прызначэння абмежаванняў. Гэта сцвярджае ў сваім іску і дзяржпрадпрыемства «Белаэранавігацыя», якое адзначае, што санкцыі рызыкуюць паставіць пад пагрозу забеспячэнне бяспекі палётаў у міжнароднай авіяцыі.
Зрэшты, інвестыцыйны інтарэс да нашай краіны зусім не змяншаецца. «Заходнія краіны, якія ўвялі пэўныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, — гэта менш за 30 працэнтаў сусветнай эканомікі. Сёння мы бачым крыніцы інвестыцый, мы бачым цікавасць да Рэспублікі Беларусь у вялікай колькасці інвестараў па ўсім свеце, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. — Гэта Паўднёва-Усходняя Азія, Блізкі Усход і краіны Лацінскай Амерыкі. Я перакананы, што пры належнай арганізацыі работы мы заўсёды здолеем прадставіць свае праекты і зацікавіць у іх замежных інвестараў». Час усё расставіць па сваіх месцах.
Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 20 кастрычніка 2021
Ссылка на источник:
Як забароны стымулявалі беларускі экспарт