Прадстаўнікі апазіцыйнага руху Беларусі актыўна заклікалі грамадзян да агульнанацыянальнай стачкі, што ў выніку з гэтага выйшла?
З сярэдзіны кастрычніка некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі рыхтаваліся да правядзення забастоўкі. Была названа дата – 1 лістапада.
Старшыня Беларускага аб`яднання працоўных Сяргей Дылеўскі заклікаў жыхароў краіны не выходзіць на працу. А забастоўку ён вырашыў аб`явіць у сувязі з тым, што ўлады не выконваюць патрабаванні: не вызваляюць палітзняволеных, не павышаюць зарплаты, не вядуць перамовы з апазіцыйнымі сіламі аб правядзенні новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.
Sputnik цэлы дзень маніторыў сітуацыю ў Telegram-каналах, а таксама трымаў сувязь з работнікамі буйных беларускіх прадпрыемстваў, каб ведаць рэальную карціну таго, што адбываецца на вытворчасцях.
Карэспандэнты пабывалі на адным са старэйшых заводаў Беларусі РУП "Белмедпрэпараты", які зараз працуе разам з урачамі на перадавой пандэміі і выпускае вакцыны ад каронавіруса. Спыталі там у работнікаў, ці гатовы яны не выходзіць на працу з-за палітыкі і што не так у аб`яўленай забастоўцы?
Забастоўка не адбылася
Страйку не было. Зрэшты, гэта сумненні не выклікала. У колах саміх апазіцыянераў па гэтым пытанні ўзніклі рознагалоссі. Заклікі не выходзіць на працоўныя месцы і заставацца дома назвалі заўчаснымі і галаслоўнымі, якія ў выніку прывядуць да страты даверу з боку людзей.
На "Белмедпрэпаратах" у Мінску раніцай 1 лістапада ўсё спакойна. Як адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства, усе супрацоўнікі прыйшлі на свае працоўныя месцы.
Пытаемся на вуліцы ў жанчыны, якая спяшаецца на працу: "Пра забастоўку чулі?". Кажа, што не і задаецца пытаннем: "Якая забастоўка нам патрэбна? Мне дваіх дзяцей гадаваць, хто мне грошаў дасць?"
На самім прадпрыемстве многія супрацоўнікі аб забастоўцы ўсё ж чулі. Але не больш за тое. Гавораць, у іх тут ніхто не бастуе, усе калегі на месцах.
"Баставаць некалі"
Юлія Чашкова працуе на прадпрыемстве 25 гадоў. Цяпер яе пасада – хімік першай катэгорыі ў лабараторыі аддзела кантролю якасці прадукцыі. Паводле яе слоў, у рабоце галоўнае – адказнае выкананне ўскладзеных абавязкаў. А баставаць папросту няма калі.
"Як чалавек узроставы, пажылы, разумееш з гадамі, што ёсць у жыцці больш важныя рэчы. Выхаванне дзяцей. Абарона сям`і, здароўя. Маё асабістае меркаванне – я б не пайшла на забастоўку", – адзначае Юлія Францаўна.
Ад працы ў яе аддзеле шмат у чым залежыць здароўе людзей, кажа суразмоўніца. Усе медпрэпараты на вытворчасці павінны адпавядаць усім патрабаванням якасці і бяспекі.
"Мы не можам сабе гэта дазволіць – не працаваць. Вы самі разумееце, якая сітуацыя зараз эпідэміялагічная, патрабуецца стаўленне сур`ёзнае да выпуску лекаў. І здароўе нацыі куды важней", – выказваецца супрацоўніца прадпрыемства.
Стратэгічная вытворчасць
На "Белмедпрэпаратах" аддзел кантролю якасці прадукцыі ў літаральным сэнсе стратэгічны. Не толькі таму, што тут правяраюць бяспеку тавара. У лабараторыях працуюць у літаральным сэнсе "адзінкавыя супрацоўнікі", якіх вельмі складана кімсьці замяніць.
У падпарадкаванні ў Алесі Ільюшэнак, начальніка мікрабіялагічнай лабараторыі, 20 калег. Гэта мікрабіёлагі, а таксама іх асістэнты. Ад іх залежыць бяспека лекаў. А яшчэ – імідж прадпрыемства. Бо, прапусціўшы няякасны медпрэпарат, можна пазбавіцца яшчэ і львінай долі рынку. Як-ніяк, а капіталізм і ў Беларусі. Ды і са здароўем людзей не жартуюць.
"У нашай лабараторыі мы праводзім кантроль зыходных кампанентаў, дапаможных матэрыялаў, гатовых лекавых сродкаў, праводзім мікрабіялагічны маніторынг участкаў і цэхаў прадпрыемства. А таксама чыстых памяшканняў сваіх лабараторый. Праводзім уваходны кантроль і іншае", – кажа Алеся Ільюшэнак.
"Грошы з неба не падаюць"
Супрацоўнікі разумеюць высокую адказнасць працы, падкрэслівае яна ў размове.
"Ды і грошы з неба не падаюць, іх трэба зарабляць, і як вы бачыце, мы працуем штатна", – дадае супрацоўніца прадпрыемства.
На ўмовы працы жанчына не скардзіцца. Наадварот, у дзяржкампаніі ёсць маса плюсаў, гаворыць яна.
"Прафесійны рост, развіццё і рэгулярнае навучанне. Нас і на курсы адпраўляюць у розныя краіны, а прыбытак стабільны", – кажа Алеся Ільюшэнак.
Вядучае прадпрыемства краіны
Адзначым, што "Белмедпрэпараты" – адно з вядучых фармацэўтычных прадпрыемстваў краіны. Сёння тут працуюць больш за 2,5 тысячы чалавек. А лекавых найменняў тут вялікая колькасць – больш за 350.
Характэрна, што вытворчасці размешчаны не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах: у Лідзе і Скідалі.
А вырабленыя лекі пастаўляюць больш як у тры дзясяткі краін.
На "Белмедпрэпаратах" аддзел кантролю якасці прадукцыі ў літаральным сэнсе стратэгічны.
А яшчэ на "Белмедпрэпаратах" вырабляюць лекі ад каронавіруса. У тым ліку тут жа разліваюць расійскія вакцыны "Спутник V". Раней пра аб`ёмы вытворчасці вакцыны гаварыў генеральны дырэктар дзяржпрадпрыемства "Белмедпрэпараты" Сяргей Бяляеў. Паводле яго слоў, "Спутник V" на існуючых магутнасцях можна выпускаць у штомесячным аб`ёме ў 500 тысяч доз.
І трэба адзначыць, што зараз, у пік пандэміі, расійская вакцына беларускага разліву паўсюдна даступна насельніцтву. Прычым вакцынацыя бясплатная.
У рэспубліцы дзейнічае больш за 850 пунктаў. Прышчэпачныя кабінеты ёсць у медустановах, а таксама ў гандлёвых цэнтрах, на рынках, станцыях метро.
Меркаванне кіраўніцтва
"Маё асабістае стаўленне да забастовак вельмі негатыўнае", – кажа гендырэктар прадпрыемства Сяргей Бяляеў.
Паводле яго слоў, забастоўка пазбаўляе людзей працы і грошаў, але ёсць і куды больш важныя фактары.
"Акрамя эканамічных аспектаў, у нас ёсць маральныя абавязацельствы перад краінай і грамадзянамі, таму наш калектыў не разглядае нават такую магчымасць (баставаць)… У нас у гэтым плане ўсё спакойна. Усе цэхі працуюць у штатным рэжыме", – запэўнівае кіраўнік РУП "Белмедпрэпараты".
У каментары Сяргей Бяляеў адзначае, што баставаць увогуле не мэтазгодна работнікам любых фабрык і заводаў, бо гэта не вырашэнне той ці іншай праблемы. Наадварот, можна "пакласці" цэлую галіну і атрымаць яшчэ большыя праблемы.
"Мы працуем па складаных прэпаратах, якія ў большасці сваёй не вырабляюцца ў краіне больш нідзе. І гэта не толькі прэпараты ад каронавіруса, але і анкалагічныя лекі, прэпараты для лячэння цукровага дыябету", - звяртае ўвагу субяседнік.
"Забастоўка – калі есць няма чаго"
Многія мінакі на вуліцах Мінска, у якіх мы спыталі меркаванне аб забастоўцы, адказалі прыкладна так: "Кожны мае права рабіць тое, што лічыць патрэбным. Але калі спыняць прадпрыемствы – хто будзе кампенсаваць страты?". Хтосьці выказаў меркаванне, што забастоўкі – "гэта калі есць няма чаго, а ў Беларусі сітуацыя ўсё ж іншая".
На канец дня ў інфаполі краіны спакойна – аб забастоўцы навін няма.
Страйк і санкцыі
Тое, што забастоўкі не будзе, здаецца, разумелі і прадстаўнікі апазіцыі. Як-ніяк, а забастоўку ўвязвалі з санкцыямі. А пакуль сур`ёзнага ўплыву ад эканамічных абмежаванняў няма – і гэта прызналі ўсе бакі.
Гэта таксама адна з прычын, чаму заклікі да забастоўкі выглядаюць па меншай меры смешна.
Санкцыі калі і падзейнічаюць, дык на новыя кантракты. Наступствы выключаць нельга, але гэта можа адбыцца ў пачатку наступнага года, і тое не факт, лічаць эканамісты. Урад не сядзіць склаўшы рукі, шукае альтэрнатыўныя шляхі збыту тавараў. Не распальвае сітуацыю і сусветны рост спажывецкіх цэн, на чым Беларусь ужо зараз зарабляе больш, чым у мінулым годзе.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што вырашаць існуючыя праблемы забастоўкамі падчас пандэміі і закрытых рынкаў – сабе ў шмат разоў даражэй. Як ні круці, спыніць вытворчасці – гэта страты, а запусціць – яшчэ большыя страты для эканомікі.
Ссылка на источник:
А ці была забастоўка? Што адбывалася на прадпрыемствах Беларусі 1 лістапада