КНР займае выключнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі, гэта наш асноўны стратэгічны партнёр у азіяцкім рэгіёне. Такім чынам акрэсліў узровень супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч на цырымоніі адкрыцця Года рэгіёнаў Беларусі і Кітая. У межах гэтага глабальнага міждзяржаўнага праекта ў 2021—2022 гадах намечана правесці дзясяткі важных мерапрыемстваў. Чаму міжрэгіянальнае супрацоўніцтва стала новым пунктам росту ў адносінах Беларусі і Кітая, у эксклюзіўным інтэрв`ю «Звяздзе» распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн.
«Па дамоўленасці Сі Цзіньпіна і Аляксандра Лукашэнкі»
— Спадар пасол, якая галоўная мэта правядзення Года рэгіёнаў?
— Правядзенне Года рэгіёнаў Кітая і Беларусі ў гэтым і наступным годзе з`яўляецца важнай дамоўленасцю, дасягнутай Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам падчас тэлефоннай размовы сёлета ў студзені. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва становіцца ўсё больш важным складальнікам кітайска-беларускіх адносін. Мы рады адзначыць, што ўсе шэсць абласцей Беларусі і горад Мінск устанавілі пабрацімскія адносіны з адпаведнымі правінцыямі і гарадамі Кітая. Рэгіёны дзвюх краін актыўна ажыццяўляюць супрацоўніцтва і абмены ў сферах эканомікі і гандлю, навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры, медыцыны і аховы здароўя і дасягнулі шэрага выдатных вынікаў, адыграўшы незаменную ролю ў прасоўванні дзелавога ўзаемадзеяння, культурных абменаў і ўмацаванні сяброўства паміж дзвюма краінамі.
— Якія мерапрыемствы пройдуць у межах гэтага глабальнага міждзяржаўнага праекта?
— У рамках Года рэгіёнаў Кітай і Беларусь плануюць рэалізаваць больш за 100 разнастайных міжрэгіянальных праектаў супрацоўніцтва і абменаў з удзелам большасці правінцый і гарадоў Кітая, усіх 6 абласцей і сталіцы Беларусі, а таксама асноўных дзяржаўных ведамстваў дзвюх краін. Запланаваныя мерапрыемствы ўключаюць цырымоніі падпісання пагадненняў аб устанаўленні пабрацімскіх адносін, дзелавыя сустрэчы прадпрыемстваў, эканамічныя форумы, міжнародныя выстаўкі, форумы навукова-тэхнічных інавацый, культурныя фестывалі, тыдні музыкі, фотавыстаўкі, мерапрыемствы, якія прасоўваюць традыцыйную медыцыну, навуковыя семінары, абмены сродкаў масавай інфармацыі і іншыя мерапрыемствы.
У нас ёсць усе падставы меркаваць, што рэгіёны дзвюх краін будуць падтрымліваць канцэпцыю ўзаемнай выгады і прытрымлівацца мэты сумеснага падзелу вынікаў супрацоўніцтва, скарыстаюцца магчымасцю правядзення Года рэгіёнаў Кітая і Беларусі, каб надаць яшчэ большы імпульс міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву і зрабіць яго новым пунктам росту дзелавога ўзаемадзеяння дзвюх краін, а таксама ўнесці свой уклад у павышэнне якасці кітайска-беларускіх адносін.
— Як вы можаце ахарактарызаваць беларуска-кітайскае супрацоўніцтва на дадзеным этапе? Наколькі зносіны і абмен думкамі паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў па шэрагу ключавых пытанняў садзейнічаць далейшаму паглыбленню супрацоўніцтва?
— Дзякуючы стратэгічнаму кіраўніцтву і асабістаму клопату кіраўнікоў дзвюх дзяржаў кітайска-беларускія адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дынамічна развіваюцца. Сяброўства становіцца мацнейшым дзень пры дні. Двухбаковае супрацоўніцтва ў розных галінах працягвае паглыбляцца. Абодва бакі ўмацоўваць палітычны ўзаемадавер, цесна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных справах і цвёрда падтрымліваюць адзін аднаго па пытаннях, якія закранаюць карэнныя інтарэсы і важныя заклапочанасці нашых дзвюх краін. Кітайскі бок цвёрда падтрымлівае беларускі бок у абароне свайго дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай годнасці, процідзейнічае ўмяшанню знешніх сіл ва ўнутраныя справы Беларусі, выступае супраць неабгрунтаваных аднабаковых санкцый супраць Беларусі і паважае шлях развіцця, абраны беларускім народам у адпаведнасці са сваімі нацыянальнымі прыярытэтамі.
Дзелавое супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі дасягнула бліскучых поспехаў, пераадолела выклікі жорсткай пандэміі COVІD-19 і заняпад сусветнай эканомікі. Уражвае агульны аб`ём кітайска-беларускага тавараабароту, які са студзеня да верасня гэтага года дасягнуў 2,809 мільярда долараў ЗША, павялічыўшыся на 34,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Дасягнуты новы прагрэс у будаўніцтве Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, які стаў узорным праектам ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Паміж дзвюма краінамі наладжана ўражальнае культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва. У Беларусі функцыянуюць заснаваныя Кітаем шэсць інстытутаў Канфуцыя і Кітайскі культурны цэнтр у Мінску. Колькасць замежных студэнтаў, якія навучаюцца па абмене ў абедзвюх краінах, увесь час павялічваецца. Кітайска-беларускія дружалюбныя абмены становяцца ўсё больш шчыльныя.
Супрацьэпідэмічнае супрацоўніцтва адрозніваецца высокай эфектыўнасцю. Нашы краіны аказваюць адна адной медыцынскую дапамогу, а таксама абменьваюцца вопытам барацьбы з эпідэміяй. Урад Кітая бязвыплатна перадаў беларускаму боку тры партыі вакцын супраць COVІD-19 агульным аб`ёмам у 900 тысяч доз і неўзабаве перадасць чацвёртую партыю, што дае Беларусі надзейную гарантыю ў барацьбе з эпідэміяй і забеспячэннем бяспекі людзей, а таксама адлюстроўвае высокі ўзровень кітайска-беларускіх адносін і шчырае сяброўства паміж двума народамі.
Не так даўно першы намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў заўважыў, што «фактычна на новы этап мы ўжо выйшлі, рашэнне па замацаванні дэ-юрэ новага ўзроўню адносін — за Прэзідэнтам Беларусі і Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі». Я цалкам з гэтым згодны. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што абавязкова павысіцца якасць кітайска-беларускіх адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства, а супрацоўніцтва ў розных сферах адкрые новыя перспектывы развіцця.
«Аб`ём гандлю павялічыўся ў 87 разоў»
— Нашы краіны ў хуткім часе адзначаць 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Чым адметны гэты час? Якія вашы чаканні і бачанне далейшага развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва?
— Кітай — адна з першых краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі дыпламатычныя адносіны з ёй. Далейшае ўмацаванне супрацоўніцтва ў якасці ўсебаковых стратэгічных партнёраў зможа не толькі эфектыўна абараніць агульныя інтарэсы абодвух бакоў, але і аб`яднаць намаганні для абароны міжнароднай бесстароннасці і справядлівасці. 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю будзе адзначацца 20 студзеня наступнага года. За гэты час кітайска-беларускія адносіны вытрымалі выпрабаванне міжнароднай абстаноўкі, якая хутка змяняецца, а таксама ад пачатку і да цяперашняга моманту адрозніваюцца эфектыўнасцю і поўныя жыццёвых сіл.
Палітычныя адносіны дынамічна развіваюцца. За апошнія 30 гадоў колькасць візітаў прадстаўнікоў найвышэйшага ўзроўню ўлады дзвюх краін дзяржавы перавысіла шэсцьдзясят. Старшыня КНР Сі Цзіньпін двойчы наведваў Беларусь, 13 разоў сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які ў сваю чаргу 13 разоў наведваў Кітай або прысутнічаў на мерапрыемствах у КНР. Узровень кітайска-беларускіх адносін тройчы павышаўся: з «сяброўскіх адносін супрацоўніцтва» да «адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства» і ў выніку да «адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва». Абодва бакі стварылі дзейсныя механізмы ўзаемадзеяння, у тым ліку Кітайска-Беларускі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве, цесна ўзаемадзейнічаюць у міжнародных і рэгіянальных справах, абараняюць агульныя інтарэсы дзвюх краін і ўнеслі важны ўклад ва ўмацаванне рэгіянальнага і глабальнага міру і бяспекі.
Эканамічнае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю выходзіць на новы ўзровень. Аб`ём двухбаковага гандлю вырас з 33,9 мільёна долараў ЗША на момант устанаўлення дыпламатычных адносін да трох мільярдаў долараў ЗША, павялічыўшыся ў 87 разоў. Абодва бакі карыстаюцца магчымасцю сумеснага будаўніцтва «Аднаго пояса, аднаго шляху» для ўсебаковага павышэння ўзроўню супрацоўніцтва ў гандлі, інвестыцыях, навуцы і тэхналогіях, будаўніцтве інфраструктуры і іншых галінах. Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» стаў найбуйнейшым замежным аб`ектам такога тыпу, створаным кітайскімі прадпрыемствамі, і ўяўляе сабой сімвалічны і ўзорны праект супрацоўніцтва дзвюх краін у сумесным будаўніцтве «Аднаго пояса, аднаго шляху». Праект «БЕЛДЖЫ» па зборцы камплектуючых запоўніў прабел у вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Беларусі і дапамог вашай краіне рэалізаваць сваю мару па вытворчасці ўласных легкавікоў. Кітайскія электрапрыборы ўвайшлі ў тысячы дамоў Беларусі, а беларускія высакаякасныя малочныя і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты карыстаюцца вялікім попытам у жыхароў Кітая.
У галіне культурна-гуманітарных абменаў таксама адзначаецца заўважная дынаміка. Абодва бакі стварылі розныя платформы для эфектыўнага абмену і ўсталявалі сяброўскія каналы для сувязі паміж народамі, паспяхова арганізавалі Год турызму, Год адукацыі, а таксама неаднаразова праводзілі Дні культуры, Тыдні кіно, выстаўкі карцін. Усе гэтыя мерапрыемствы паглыбілі паразуменне і культурную інтэграцыю двух народаў. У 2018 годзе афіцыйна ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў, што непасрэдна аблегчыла і садзейнічала культурна-гуманітарным абменам паміж дзвюма краінамі. Канцэпцыя дружбы паміж Кітаем і Беларуссю, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, глыбока ўкаранілася ў сэрцах людзей нашых краін.
Кітайска-беларускае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва працягвае адкрываць новыя перспектывы. Па меры паглыблення адносін усё больш і больш кітайскіх правінцый і гарадоў накіроўваюць свае дэлегацыі ў Беларусь. Зараз устаноўлены 33 пары пабрацімскіх адносін па лініі гарадоў і абласцей. Падчас дзяржаўнага візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь у 2015 годзе ў Мінску паспяхова адбыўся Кітайска-Беларускі міжрэгіянальны бізнес-форум. Рэгіёны і прадпрыемствы дзвюх краін скарысталіся гэтай магчымасцю і падпісалі 25 дакументаў аб супрацоўніцтве на агульную суму амаль сем мільярдаў долараў ЗША. Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў вывучэнні новых мадэляў і новых праектаў супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі расце з кожным днём. Год рэгіёнаў Кітая і Беларусі надасць новы імпульс паглыбленню ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.
Кітайска-беларускае супрацьэпідэмічнае супрацоўніцтва працягвае дэманстраваць новыя яскравыя моманты. На фоне працяглай і неадступнай эпідэміі COVІD-19 у гэтыя два гады ўзаемадзеянне Кітая і Беларусі ў сумеснай барацьбе з ёй стала ключавым напрамкам супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Акрамя аказання гуманітарнай дапамогі ў выглядзе супрацьэпідэмічных матэрыялаў і вакцыны, а таксама абмену вопытам барацьбы з эпідэміяй, пра якія я распавёў, ёсць яшчэ два важныя моманты кітайска-беларускага супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Па-першае, гэта аказанне падтрымкі навукова-абгрунтаванаму даследаванню паходжання віруса і сумеснае супрацьстаянне палітызацыі дадзенага пытання. У адказ на палітычныя маніпуляцыі ЗША пад маркай даследавання паходжання віруса і іх заахвочванне і выкарыстанне разведачна-абгрунтаванага даследавання паходжання віруса Беларусь шляхам такіх спосабаў, як накіраванне ліста Генеральнаму дырэктару СААЗ і публічную заяву Міністэрства замежных спраў, неаднаразова публічна заяўляла аб супрацьстаянні палітызацыі пытання віруса і разам з Кітаем рашуча абараняе глабальнае супрацоўніцтва навукова-абгрунтаванага даследавання паходжання віруса і сусветную згуртаванасць у барацьбе з эпідэміяй.
Другі важны момант заключаецца ў супрацоўніцтве ў распрацоўцы прэпаратаў кітайскай традыцыйнай медыцыны, якія маюць добрую эфектыўнасць у лячэнні COVІD-19. У жніўні гэтага года кітайская кампанія ТАА «Новаэра Біятэх» і Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Рэспублікі Беларусь падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, зрабіўшы першы крок у сумеснай распрацоўцы і вытворчасці Кітаем і Беларуссю спецыяльных прэпаратаў для лячэння COVІD-19. Цяпер пры падтрымцы і садзейнічанні Пасольства КНР і Міністэрства аховы здароўя распрацаваная дадзенай кампаніяй капсула «Цын`і», якая валодае добрай эфектыўнасцю ў лячэнні COVІD-19. Яна ўжо атрымала дзяржаўную рэгістрацыю прэпарату і дазвол на вытворчасць, выдадзены Міністэрствам аховы здароўя, а таксама была прадстаўлена ў Кітаі на чацвёртым Кітайскім міжнародным імпартным ЭКСПА ў Шанхаі. Мы спадзяёмся, што вытворчасць капсул «Цын`і» будзе запушчана ў найбліжэйшы час у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку і ўнясе актыўны ўклад у барацьбу з эпідэміяй у Беларусі і суседніх краінах.
Прычына, па якой за 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін кітайска-беларускія адносіны набылі такую моцную жыццяздольнасць, у тым, што іх развіццё адпавядае фундаментальным інтарэсам двух народаў і доўгатэрміновым патрэбам Кітая і Беларусі ў стабільнасці і развіцці, а таксама прынесла адчувальныя выгады абодвум бакам. Мінулыя 30 гадоў
сталі сведкамі вялікіх дасягненняў у сацыяльна-эканамічным развіцці і нацыянальным будаўніцтве дзвюх краін, а таксама стабільнага развіцця кітайска-беларускіх адносін. За 30 гадоў нашы краіны сталі насамрэч блізкімі братамі, добрымі партнёрамі, супрацоўніцтва якіх прыносіць узаемную выгаду, а таксама сталі добрымі сябрамі, якія часта бываюць адзін у аднаго ў гасцях. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што народы Кітая і Беларусі будуць ісці поплеч і адкрыюць наступны залаты этап двухбаковых адносін.
«Дружалюбнаму народу — шчаслівага жыцця!»
— Спадар пасол, мы ведаем, што вы працуеце ў Беларусі ўжо цэлы год, прарабілі вялікую работу па паглыбленні беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Аднак праз эпідэмію і па іншых прычынах, напэўна, у вас не было магчымасці наведаць розныя куткі Беларусі. Калі з`явіцца такая магчымасць, якія месцы ў нашай краіне вы хацелі б наведаць у першую чаргу?
— Так, час ляціць незаўважна, у імгненне вока праляцеў год з таго моманту, як я прыехаў працаваць у Беларусь. За гэты год мы разам з беларускімі сябрамі з усіх колаў актыўна ўзаемадзейнічалі і працавалі, сталі сведкамі ўзгодненых намаганняў дзвюх краін на міжнароднай арэне, актыўнага развіцця кітайска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва насуперак негатыўным сусветным тэндэнцыям, а таксама шчырай узаемадапамозе і ўзаемападтрымцы двух народаў у эпідэміі.
Для мяне мінулы год быў вельмі адметны. Я даведаўся яшчэ больш пра Беларусь, і ў мяне стала больш беларускіх сяброў. Беларусь — прыгожая краіна з унікальнай гісторыка-культурнай спадчынай. Беларускі народ працавіты, мудры, вельмі ветлівы і прыязны. Мне вельмі цікава ўсё больш даведвацца пра гэтую краіну і яе народ. Я шчыра спадзяюся, што ў найбліжэйшай будучыні ў мяне будзе магчымасць пабываць ва ўсіх шасці абласцях і буйных гарадах Беларусі, асабіста стаць сведкам новых поспехаў, новага развіцця і новых змен у беларускім грамадстве, эканоміцы і жыцці народа, а таксама пазнаёміцца з адметнымі беларускімі традыцыямі.
У заключэнне я хацеў бы праз газету «Звязда» і яе чытачоў перадаць прывітанне вялікай колькасці беларускіх сяброў, а таксама пажадаць брацкай Беларусі працвітання, а дружалюбнаму народу — шчаслівага жыцця!
— Шчыры дзякуй! Нашым кітайскім братам — найлепшыя пажаданні міру і дабрабыту, разам мы здольныя на новыя перамогі!
Аўтар: Мікалай Літвінаў
Звязда, 9 лістапада 2021
Ссылка на источник:
Се Сяаюн: Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва стала новым пунктам росту ў адносінах Беларусі і Кітая