Захоўваць свае зберажэнні ў доларах нявыгадна і нават небяспечна. Бо такім чынам можна падвергнуцца наступствам інфляцыі. Пра гэта заявіў амерыканскі мультымільярдэр і вынаходнік, уладальнік кампаній SpaceX і Tesla Ілан Маск у сваім паведамленні ў Twіtter.
Як вядома, сёлета ЗША захліснула рэкорднае «цунамі» інфляцыі. Рэзкі рост цэн прывёў да ўзрушэння і палярызацыі грамадства. На фоне такіх падзей Маск патлумачыў, што долар канчаткова страціў давер — амерыканская валюта вельмі ненадзейная. У гэтай сітуацыі «лепш мець фізічныя рэчы, напрыклад дом, або акцыі кампаній, якія, на вашу думку, робяць добрыя прадукты», растлумачыў бізнесмен.
У глабальным кантэксце «бакс» можа страціць свае пазіцыі галоўнай сусветнай валюты з-за інфляцыі, абмежавальных мер у адрас Расіі і сітуацыі на рынках, заявіў эканаміст, прафесар Тэхнічнага ўніверсітэта Дортмунда Хенрык Мюлер у калонцы для Spіegel. Чаму да долара няма даверу?
Залаты стандарт
У ліпені 1944-га ў багата ўбранай бальнай зале на курорце ў Нью-Гэмпшыры сабраліся 730 дэлегатаў з 44 дзяржаў, удзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі. Падзея ўвайшла ў гісторыю як Брэтан-Вудская канферэнцыя. У выніку была распрацавана новая манетарная сістэма. У яе аснове — глабальная канцэпцыя, якая паставіла сусветныя валюты ў залежнасць ад амерыканскага долара. Дэкларавалася, што яго заўсёды можна будзе абмяняць на золата, якое захоўваецца ў ЗША.
У самым пачатку канферэнцыі тады яшчэ малавядомым брытанскім эканамістам Джонам Мейнардам Кейнсам у якасці альтэрнатывы была прапанавана штучная валюта банкор (bancor). Згодна з агучанай канцэпцыяй яго курс павінен быў вызначацца ў адносінах да золата, а курсы ўсіх сусветных валют вылічваліся б у банкорах.
Таксама Кейнс прапанаваў стварыць Міжнародны разліковы саюз, праз які павінны былі рэгулявацца ўзаемныя запазычанасці цэнтрабанкаў.
Але гэтыя прапановы былі адрынуты амерыканскай дэлегацыяй, якая выступіла за арыентаваны на ЗША доларава-залаты стандарт, у адпаведнасці з якім на працягу наступных амаль трыццаці гадоў суверэнныя валюты мелі розную вагу ў адносінах да долара і абменьваліся (хоць і нячаста) самімі ўрадамі на рэальнае золата па курсе $35 за унцыю. Але, на думку многіх эканамістаў, ужо ў той час адпаведная прывязка была дастаткова слабая.
Гэтая праблема дасягнула свайго апагею, калі амерыканская адміністрацыя выдаткавала вялізныя сродкі на праграму «Вялікае грамадства» прэзідэнта Ліндана Джонсана і на вайну ў В`етнаме.
Пасля такіх крокаў Вашынгтона дзяржавы пачалі сумнявацца ў надзейнасці абяцанняў Штатаў абменьваць валюту на золата па іх патрабаванні. Тады ўпершыню на гарызонце замаячыў прывід амерыканскага дэфолту, адзначыў plusworld.ru.
У лютым 1965-га прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь прама заявіў аб намеры кінуць выклік долараваму дамінаванню. Ён падкрэсліў, што не можа ўявіць ніякага іншага стандарту для грашовай сістэмы, акрамя золата. Пасля гэтага Францыя адправіла ў ЗША лінкор з доларамі, каб забраць свае зберажэнні ў каштоўным метале. Вашынгтон у выніку быў вымушаны выканаць свае абавязанні. Гэты абмен заняў амаль цэлы год.
У звязцы з нафтай
У 1971 годзе прэзідэнт Рычард Ніксан абвясціў аб адмене залатога забеспячэння долара, заявіўшы, што ЗША больш не будуць выконваць адпаведную прывязку нацыянальнай валюты. Пасля настала дзесяцігоддзе разбуральнай для амерыканскай эканомікі інфляцыі, і на працягу 1970-х была цалкам ліквідавана ўся Брэтан-Вудская грашовая сістэма.
ЗША змаглі стабілізаваць долар толькі за кошт рэзкага павышэння ставак у спалучэнні з вынаходлівай «схемай нафтадолара». Гэтаму дапамог ваенна-эканамічны саюз амерыканцаў з Саудаўскай Аравіяй, у якім ЗША гарантавалі саудаўцам ваенную абарону ў абмен на выключнае доларавае нафтавае цэнаўтварэнне ў спалучэнні з пераразмеркаваннем прыбытку ў казначэйскія аблігацыі ЗША. Шмат у чым дзякуючы гэтай схеме ў свеце на нейкі час была адноўлена вера ў долар, згубленая ў выніку дэфолту Ніксана.
Іншыя інструменты таксама паспрыялі ўмацаванню «бакса» на замежных рынках. Так, ЗША перанакіравалі свой «танны» знешні доўг на ваенныя выдаткі і абвясцілі сябе гарантам, які забяспечвае сусветную энергетычную і харчовую бяспеку, абараняючы гандлёвыя шляхі з дапамогай свайго ваенна-марскога флоту. Таксама ўстанаўленню Вашынгтонам сваіх правілаў дапамагло тое, што яны ўзялі пад кантроль такія міжнародныя фінансавыя інстытуты, як Міжнародны валютны фонд (МВФ), які выкарыстоўваецца для кароткатэрміновага крэдытавання ўрадаў розных краін, і Сусветны банк — для доўгатэрміновага фінансавання праектаў развіцця. Акрамя таго, Злучаныя Штаты дазволілі сваім рынкам каштоўных папер стаць глабальнай скарбонкай для ўкладчыкаў па ўсім свеце.
Сёння памер каштоўных папер, якія публічна гандлююцца ў ЗША, значна перавышае іх долю ў сусветным валавым унутраным прадукце. Паводле даных Fіnbold, летась на Злучаныя Штаты прыпадала больш за палову адноснага аб`ёму сусветнага фондавага рынку. Для разумення гэтага дамінавання можна прывесці параўнанне з Японіяй, якая займае другое месца ў свеце і кантралюе ўсяго 7,4 працэнта. У доларах ЗША праводзіцца таксама большая частка міжнародных гандлёвых аперацый за межамі краіны.
Казначэйскія аблігацыі Штатаў пачалі лічыцца глабальным безрызыковым ашчадным інструментам для суверэнных дзяржаў. Такім чынам, і ў адсутнасць прывязкі да золата долар квітнеў як дамінантны сродак міжнародных разлікаў. Аднак бліжэй да 2014-га ўсё змянілася. Купля замежнымі дзяржавамі пазык Вашынгтона пачала стагніраваць. Нягледзячы на тое, што ў 2018-м замежныя пакупкі казначэйскіх аблігацый узраслі, яны нават блізка не паспявалі за шалёным ростам дзярждоўгу ЗША.
Замежныя дзяржавы, якія доўгі час падтрымлівалі статут Штатаў, ахвотна купляючы іх доўг, набывалі ўсё менш і менш новых абавязкаў, пазіраючы на неадэкватныя дзеянні амерыканскага кіраўніцтва на знешняй арэне, заўважыў plusworld.ru. У выніку доля замежнай уласнасці ў даўгу ЗША зменшылася з 34 працэнтаў у 2015-м да 24 працэнтаў напрыканцы мінулага года.
У 2015-м тагачасны прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з папярэджаннем аб небяспецы для доларавай сістэмы (у кантэксце аднабаковых абмежаванняў супраць Ірана), якую могуць прадстаўляць адвольныя санкцыі. «Мы не можам дыктаваць знешнюю, эканамічную і энергетычную палітыку кожнай буйной дзяржаве свету. Нам прыйшлося б адрэзаць такія краіны, як Кітай, ад амерыканскай фінансавай сістэмы. А паколькі яны з`яўляюцца найбуйнейшымі пакупнікамі нашага доўгу, такія дзеянні могуць выклікаць сур`ёзныя збоі ў нашай уласнай эканоміцы і, дарэчы, узняць міжнародныя пытанні аб ролі долара як сусветнай рэзервовай валюты», — заявіў Барак Абама.
Час юаня
Цяперашні прэзідэнт Джо Байдэн не пачуў папярэджання свайго колішняга боса. Спачатку ЗША захапілі актывы афганскага цэнтральнага банка, якія захоўваліся ў Нью-Ёрку. Не задаволіўшыся гэтым, Байдэн абрынуў на Расію фінансавую «ядзерную бомбу», захапіўшы ўсе замежныя рэзервы Цэнтрабанка РФ. Як адзначаюць эксперты, вынікам такіх дзеянняў з`яўляецца поўны падрыў даверу да амерыканскай валюты.
Заснавальнік Mobіus Capіtal Partners Марк Мобіус заявіў, кітайскі юань зрушыць долар і зойме месца асноўнай рэзервовай валюты.
Фінансіст растлумачыў, што ў юаня больш за ўсё шанцаў, таму што залатыя рэзервы краіны пастаянна растуць. «Кітайскі юань на сёння, мабыць, самая перспектыўная валюта ў свеце. Яна рэальна ўжо цяпер мацнейшая, чым долар ЗША. Думаю, юань у найбліжэйшыя гады ператворыцца ў ключавую валюту, таму што эканамічная моц Кітая па аб`ёмах вытворчасці ў рэальным сектары эканомікі пераўзыходзіць эканамічную моц ЗША і Еўрасаюза. КНР вырабляе больш за палову стальнога пракату на планеце, кожны трэці аўтамабіль, рознае абсталяванне. Тое, што Беларусь, Расія і краіны Усходу будуць абапірацца на кітайскі юань, абсалютна правільна», — адзначыў БелТА эканаміст, магістр палітычных навук, выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Віктар Саевіч.
Як вядома, з 18 сакавіка ў гандлёвай сістэме ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа»
з`явілася магчымасць ажыццяўлення аперацый з кітайскай валютай.
Днямі стала вядома, што Саудаўская Аравія абмяркоўвае з Паднябеснай магчымасць продажу нафты за юані замест долараў, піша WSJ. Перагаворы, па звестках газеты, выкліканы разладам у адносінах паміж Эр-Рыядам і Вашынгтонам. Продаж Кітаю нафты за юані, паводле інфармацыі крыніц, можа аслабіць пазіцыі долара на сусветным рынку нафты, а таксама падтрымаць курс кітайскай валюты. У той жа час, на думку экспертаў, апытаных выданнем, такое рашэнне можа прывесці і да паслаблення саудаўскага рэала. На фоне гэтых паведамленняў юань падскочыў да максімумаў, адзначае Bloomberg са спасылкай на інфармацыю Dow Jones.
Як вядома, на мінулым тыдні лідары ААЭ і Саудаўскай Аравіі адмовіліся абмяркоўваць з Байдэнам нарошчванне нафтаздабычы. Як адзначае WSJ, пасля таго, як два лідары блізкаўсходніх краін адмовіліся размаўляць з кіраўніком Белага дома, яны правялі тэлефонныя перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Новыя цэнтры
Цяперашняя сітуацыя змяняе расклад сіл, прыводзячы да ўтварэння і ўзмацнення новых блокаў з суверэнных краін з фрагментаванымі фінансавымі рынкамі ўзамен глабальных фінінстытутаў, якія прасоўвае ЗША, падкрэсліў прафесар Хенрык Мюлер. «Ядзерныя» санкцыі Захаду стратэгічна набліжаюць крах амерыканацэнтрычнай валютнай сістэмы. Яна пакуль не развальваецца, але крышыцца. Трэснула, як люстэрка, якое ўпала. Напэўна, ужо цяпер цэнтральныя банкі па ўсім свеце пераглядаюць рызыкі ўкладанняў у долары і еўра», — мяркуе першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Эксперт» Аляксандр Івантэр. Ён лічыць, што варта «павялічваць долю разлікаў у гандлі з краінамі за перыметрам санкцый у нацыянальных валютах. Толькі калі раней гэта быў амаль акадэмічны пасыл, доўгатэрміновая мэта, то цяпер гэта імператыў практыкі».
У пачатку лютага прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на перагаворах са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам абмеркаваў пашырэнне ўзаемных разлікаў у нацыянальных валютах. Зараз на долю такіх разлікаў у двухбаковым тавараабароце прыпадае ўжо больш за 20 працэнтаў. У пачатку гэтага тыдня правялі перагаворы ўрадавыя дэлегацыі Беларусі і Расіі. Сярод рашэнняў, якія прыняты па выніках сустрэчы, — адмова ад долара ў разліках за энергарэсурсы. Цяпер яны будуць рабіцца ў расійскіх рублях.
На месца аднапалярнай мадэлі сусветнай эканомікі, дзе пануюць ЗША, прыходзіць шматпалярная, лічыць турэцкі аналітык Мехмет Алі Гюлер. Свой прагноз ён агучыў у газеце Cumhurіyet. «Інстытуты старога ліберальнага парадку, такія як адзіная валюта (долар), адзіны банк (Сусветны банк), адзіная фінансавая ўстанова (МВФ), адзіная банкаўская сістэма (SWІFT), зменяцца, калі ў гэтых інстытутах павысіцца вага новых цэнтраў, прытым новыя цэнтры створаць альтэрнатывы гэтым інстытутам», — перакананы Гюлер. На яго думку, гэта будзе не адзіная змена ў расстаноўцы сіл на сусветнай арэне. Вашынгтону давядзецца змірыцца са стратай дамінавання.
Даслоўна
«Будзем хутка змагацца, каб лішні расійскі рубель быў у кішэні ці юань»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў перспектыве на валютным рынку Беларусі будуць больш запатрабаваны расійскія рублі і юані, таму што менавіта Расія і Кітай выступаюць у якасці асноўных гандлёвых партнёраў краіны.
Таму ў цяперашнім становішчы Аляксандр Лукашэнка раіць людзям не «бегаць па «завуголлі», каб дзесьці набыць долары. «Ну, выменялі, нахапаліся. Цяпер гэты долар ужо паціху пачынае асядаць. Бо нікому не патрэбны. Асабліва ў сувязі з гэтымі санкцыямі, якія ўведзены супраць нас», — канстатаваў ён.
«Напэўна, будзем хутка змагацца, каб лішні расійскі рубель быў у кішэні ці юань. Таму што з гэтымі краінамі мы ў асноўным будзем гандляваць», — заўважыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што краіна зможа пераадолець санкцыі Захаду, і разлікі замежных сіл на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне не апраўдаюцца. «Нічога з гэтага не атрымаецца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 20 сакавіка 2022
Ссылка на источник:
Шалёныя «баксы». Чаму да долара няма даверу