Вясна не толькі каляндарная, але і кліматычная дае падставы абмяркоўваць у Палацы Незалежнасці правядзенне сёлетніх палявых работ. Прэзідэнт Беларусі паставіў перад аграрыямі задачу вырасціць не менш як 9 мільёнаў тон збожжа, 700 тысяч тон рапсу, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў, каб забяспечыць перапрацоўчыя прадпрыемствы агракомплексу сыравінай, а жывёлагадоўлю — кармамі. Але гэта сяўба асаблівая, мяркуе Аляксандр Лукашэнка, і тлумачыць чаму.
«Сяўба для Беларусі летась важная як ніколі. Мы праводзім яе на фоне гарачага канфлікту ля нашых паўднёвых межаў. А таксама ва ўмовах вялізарнага санкцыйнага ціску на Расію як галоўны рынак нашай краіны і галоўнага саюзніка — пастаўшчыка сыравіны, беспрэцэдэнтнага росту коштаў ва ўсім свеце на вуглевадароды, угнаенні і харчаванне», — сказаў кіраўнік краіны.
Акрамя таго, па яго словах, пагаршае ўмовы пасяўной кампаніі засушлівае надвор’е.
«Збожжа сёння — гэта практычна новае золата ці нафта. Магчыма, нават будзе і даражэй. І паколькі адзін з асноўных сусветных пастаўшчыкоў (Украіна) наўрад ці зможа правесці паўнавартасную сяўбу, цэны будуць расці і далей. У самых бедных краінах планеты ААН ужо прадказвае голад. Безумоўна, галоўнае — перш за ўсё наша ўласная харчовая бяспека. Мы павінны забяспечыць усім неабходным беларускі народ. Свой народ мы, як і заўсёды, цалкам забяспечым айчыннымі прадуктамі», — упэўнены Прэзідэнт.
Але галоўнае для аграрыяў яшчэ і закласці стабілізацыйныя фонды. У Беларусі ёсць для гэтага ўсё неабходнае, мяркуе ён, — ворныя землі, айчынныя ўгнаенні, селекцыйнае насенне, сельскагаспадарчая тэхніка, сучасныя перапрацоўчыя заводы, людзі, якія ўмеюць працаваць.
Пры такіх рэсурсах нельга забываць і пра нарошчванне экспарту, звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка. За 2021 год ён вырас больш чым на 17%, у грашовым выражэнні склаў амаль 7 мільярдаў долараў.
«Сёлета неабходна перавысіць гэтыя паказчыкі. Гэта каля 17% у агульным аб’ёме нашых замежных паставак. У мінулым годзе мы адпраўлялі прадукцыю ў 110 краін. Гэта рэкордны паказчык. Але ў Беларусі дастаткова рэзерваў і для далейшага росту экспарту, — канстатуе кіраўнік краіны. — Не было б шчасця ды няшчасце дапамагло. Для сяльгасвытворчасці — вельмі добры момант, нарасціўшы вытворчасць, паправіць фінансавы стан».
У гэтым сезоне, ставіць задачу Прэзідэнт, аграрыям неабходна вырасціць 9 мільёнаў тон збожжа, 700 тысяч тон рапсу і 5 мільёнаў тон цукровых буракоў. «На гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Буракі, як хлеб, соль і іншыя некалькі харчовых пазіцый — стратэгічны тавар. Вы бачыце, як за цукар зараз ідзе барацьба. На шчасце, толькі ў магазінах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На думку кіраўніка краіны, цяпер галоўнае — правядзенне палявых работ з жорсткім захаваннем галіновых рэгламентаў. Для гэтага трэба ўзмацніць запыт за тэхналагічныя і арганізацыйныя парушэнні, аператыўна выяўляць і ўстараняць недахопы.
«Расхлябанасць, мужыкі, скончылася. Неабходна зрабіць усё, што толькі магчыма зрабіць зараз для таго, каб у час укінуць зярнятка ў зямлю. Вільгаці не хапае, таму тэмпы пасяўной павінны падвоіцца. Дзесяць дзён і ўсё — мы павінны пасеяць», — заклікаў Прэзідэнт.
На ўзроўні ўрада, дадае ён, прыняты ўсе рашэнні па пытаннях фінансавання, забеспячэння палівам, падрыхтоўцы тэхнікі для правядзення пасяўной. «Усё, што неабходна было зрабіць з цэнтра, — зроблена. Засталося дакладна выканаць свае задачы на месцах. Але, як мне дакладаюць, некаторыя рэгіёны сёння прабуксоўваюць. У першую чаргу ёсць пытанні па тэхніцы. У прыватнасці, адзначаюцца нізкія тэмпы падрыхтоўкі энерганасычаных трактароў. Напрыклад, каля 80% у Віцебскай вобласці. У чым цяжкасці? Калі будзе завершаны рамонт? Гэта пытанне не толькі па трактарах, але і па камбайнах і зернесушыльных комплексах. Потым часу рамантаваць не будзе», — кажа кіраўнік краіны.
Падкрэслівае ён праблему не толькі рамонту тэхнікі, але і ўкамплектаванасці механізатарамі. Папоўніць іх штат Аляксандр Лукашэнка прапануе за кошт студэнтаў, часовых працаўнікоў з іншых рэгіёнаў.
«Сёння таксама хачу пачуць, якую дапамогу аказваюць сельгасвытворцу нашы машынабудаўнікі. Як мне на месцах дакладваюць, і Гомсельмаш, і МТЗ, і МАЗ папрацавалі ў гэтым плане і дапамаглі з рамонтам энерганасычанай тэхнікі ў вызначаных губернатарамі цэнтрах», — сказаў Прэзідэнт.
Наступная праблема — нізкія тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў. Тут каманда неабходна ад прэм’ер-міністра.
«Хапае ж калію. Мы яго здабываем колькі заўгодна. Але не ўвесь прадаем. Аддайце сялянам. Хай яны створаць і праз хлеб, іншыя прадукты калій прададзім. А азот увесь павінен быць у іх у гаспадарках. Без азоту не будзе ўраджаю. Тое ж самае і фосфар. У нас тры заводы і яны працуюць. Хай у гэты перыяд забяспечаць усім неабходным», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Найбольшую занепакоенасць выклікае ў яго становішча спраў у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Менавіта там неабходны прарыў. «Таму аглоблі ў рукі — і на заводы. Забірайце мінеральныя ўгнаенні. Як толькі будзе магчымасць — уносьце ўгнаенне ў глебу. Падкарміце своечасова азімыя. Не падкорміце — не атрымаеце ўраджай. У бліжэйшы час пройдзе дождж, снег — вільгаць будзе», — мяркуе Прэзідэнт.
Яшчэ важныя пытанні па тэме сустрэчы — забеспячэнне насеннем, сродкамі аховы раслін і палівам.
Па словах кіраўніка краіны, насенне, якое не ствараюць у Беларусі, закупалі на працягу года ў Расіі. Пастаўкі ідуць у тэрміны. Ёсць запасы і паліва, дадае Прэзідэнт, і іх варта выкарыстоўваць.
Аляксандр Лукашэнка просіць паведаміць па кожным з пералічаных момантаў, бо нават сельская гаспадарка «дае глебу» для рознага чыну фэйкаў і інфармацыйных атак.
«У выхадныя дакладваюць мне, чытаю: страшнай зброяй для нас стала насенне цукровых буракоў (Прэзідэнт каментуе выказванні, што Еўропа не дасць закупіць зерня для пасадкі. — „Зв.“). Недасведчаныя людзі толькі могуць паверыць у гэтыя фэйкі. Насенне рыхтавалі ўсю восень і зіму. І яно гатова. Засталося нейкую колькасць па цукровых бураках завезці з Расіі. Яны сёння ажыццяўляюць пастаўкі», — звяртае ўвагу Прэзідэнт.
Ён дадае, што насенне для цукровых буракоў куплялі заўсёды, але верагодна можам нешта ствараць і самастойна.
«Я спецыяльна папрасіў даць інфармацыю пасля гэтых фэйкаў па цукровых бураках. Я праблем не бачу. А стаўлю задачу дадаткова высеяць да пяці мільёнаў, каб атрымаць ураджай цукровых буракоў. Гэта вялікія грошы», — канстатуе Прэзідэнт.
Просіць ён падцягнуць дысцыпліну на вёсцы і ў аграгарадках. «Сяўба — гэта імгненне. Тыдзень, другі — скончылі. Гэта проста, каб штурхнуцца пасля зімоўкі і падрыхтавацца да працы на працягу года», — рэзюмаваў тэму Аляксандр Лукашэнка.
Першым з дакладам на нарадзе выступіў нядаўна прызначаны міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла. Ён расказаў, што пасеяць яравыя неабходна на плошчы 2 мільёны 266 тысяч гектараў і паклапаціцца аб азімых, якія займаюць 1 мільён 900 тысяч гектараў.
«Азімыя збожжавыя культуры знаходзяцца ў задавальняючым стане. Пашкоджанняў не адзначана. Пад запланаваныя пасяўныя плошчы па рэспубліцы сфарміраваны асноўны і страхавы фонды насення яравых зернавых і збожжа-бабовых культур», — паведаміў міністр.
Каментар у тэму
Ужо пасля журналістам Ігар Брыло паўтарыў, што асноўная задача для аграрыяў — правесці ў тэрмін вясенне-палявыя работы і нарыхтаваць 9 мільёнаў тон збожжа.
«Наша асноўная задача — у кароткія тэрміны атрымаць угнаенне з нашых заводаў, паставіць іх у вобласці, каб працэнт забяспечанасці азотам, каліем, фосфарам быў высокі і была магчымасць падкарміць культуры», — сказаў Ігар Брыло.
Па яго словах, для пасяўной неабходна 35 тысяч чалавек механізатараў, не хапае 3 тысяч працаўнікоў. Іх плануюць заахвочваць з прамысловых прадпрыемстваў і вучэбных устаноў.
Адзначыў Ігар Брыло, што некаторыя віды насення паступаюць нам па імпарце, асноўныя пастаўкі ідуць добра, але адчуваецца недахоп невялікай колькасці насення кукурузы.
«Самае галоўнае, што гэта невялікі працэнт. Асноўнае — наша, беларускае. Насеннем гэта пасяўная кампанія забяспечана», — запэўніў кіраўнік ведамства.
Засеяць паля ён ад імя аграрыяў паабяцаў на працягу 10 дзён. Пачнуць у канцы сакавіка — пачатку красавіка, але ўсё залежыць ад надвор’я і наколькі хутка сыдзе з палёў вільгаць.
«У прынцыпе, можна сказаць, што мы гатовы да правядзення вясенне-пасяўной кампаніі», — рэзюмаваў міністр.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 22 сакавіка 2022
Ссылка на источник:
Аляксандр Лукашэнка: Свой народ мы цалкам забяспечым айчыннымі прадуктамі