У гісторыі мастацкага пісьменства ёсць паняцце вандроўныя сюжэты. Назва гаворыць сама за сябе: адны і тыя ж калізіі апрабуюцца ў творчай практыцы розных часоў і народаў. Нярэдкім у літаратуразнаўстве з’яўляецца перамяшчэнне з артыкула ў артыкул набору ключавых цытат, пры гэтым сувязь з поўным тэкстам арыгінала, на жаль, можа быць амаль страчана.
У арсенале дасведчаных у мастацтве слова ёсць і фігура ўмаўчання — стылістычны прыём, пры якім думка наўмысна перарываецца ў разліку на фантазію і здагадку чытача.
Першым водгукам на «Жалейку» стаў артыкул Ядвігіна Ш., апублікаваны ў газеце «Минское эхо» 9 ліпеня 1908 года. Тэкст ніколі не перадрукоўваўся. У энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986) ахарактарызаваны надзвычай сцісла: «...вельмі супярэчлівы паводле асноўных палажэнняў» (Іван Чыгрын).
Праблема ў тым, што ні вандроўнасць, ні замоўчванне ў гэтым выпадку не дапамогуць нават у агульных рысах пазнаёміцца з першакрыніцай. Толькі метад дэ візу — архіўная праца навобмацак.
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). 1894 г. З прыватнага збору Івана Лявіцкага.
У кагорце абраных
Асоба пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага; 1869–1922) лучыць розныя генерацыі беларускіх літаратараў. Калі б лёс п’есы «Злодзей» (1892) склаўся ўдала, то яе аўтар мог быць у ліку пачынальнікаў новай беларускай драматургіі. Пальму першынства ўтрымаў раман «Золата» (1920), які стаіць у шэрагу дэбютнай нацыянальнай апрабацыі буйных эпічных жанраў.
Не закранаючы аспекты творчых сыходжанняў з іншымі прадстаўнікамі маладой беларускай літаратуры, адзначым непасрэдную сувязь Ядвігіна Ш. праз «поціск рукі». Яго настаўніцай была дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла. Дачка самога літаратара Ванда Лявіцкая перапісвалася з Максімам Багдановічам, выйшла замуж за грамадска-культурнага дзеяча Язэпа Лёсіка (дзядзька Якуба Коласа, на год малодшы за пляменніка). Хросным бацькам унукаў Ядвігіна Ш. быў Янка Купала.
Аўтар «Жалейкі» ў лістах да Браніслава ЭпімахаШыпілы неаднаразова згадваў старэйшага калегу. Напрыклад, у карэспандэнцыі з Акопаў ад 5 чэрвеня 1912 года чытаем: «Напісаў у двух актах камедыю, каторую чытаў пану Лявіцкаму, і ён сказаў, што напісана дарэчы. Камедыя называецца „Паўлінка“, напісана прозай, з шляхоцкага жыцця».
Пра ролю старэйшага калегі ў сваім жыцці паэт расказаў і ў лісце да Льва Клейнбарта ад 11 студзеня 1929 года:
«В период 1904–1906 гг., не помню именно в котором точно году, я познакомился с Ядвигиным Ш. (жили мы по соседству). Это было для меня большое событие, т. к. я впервые столкнулся с человеком, который не только писатель, которого печатают, но и пишет по-белорусски. С Ядвигиным Ш. я очень сблизился. Он мне много рассказывал о не знакомых мне до того времени писательских делах и т. п. Человек он был с высшим образованием (правда, университета из-за революционных дел не окончил), притом очень интересным и остроумным собеседником».
Мінск губернскі, багемны і правінцыйны
Уладзімір Конан у кнізе «Праблемы мастацтва і эстэтыкі ў грамадскай думцы Беларусі пачатку ХХ ст.» (1985) звязваў час існавання «Минского эха» (1908–1909) з перыядам крызісу ліберальнай прэсы. Новыя газеты «саступалі сваім папярэдніцам па ідэйна-палітычным, навуковым і мастацкім узроўні публікуемых матэрыялаў».
Штодзённае выданне на чатырах старонках — «Минское эхо» — было заснавана сужэнствам Світычаў: Надзеяй Сямёнаўнай (рэдактар) і Уладзіславам Станіслававічам (выдавец). Світычы ўжо мелі практыку арганізацыі выдавецкай справы ў Кіеве (газета «Киевские отклики») і Екацярынаславе (газета «Приднепровский край»).
Зыходнай праблемай усебаковага аналізу «Минского эха» сёння з’яўляецца адсутнасць газеты ў вядучых кніжніцах, архівах і музеях Беларусі. Нумар, у якім апублікавана рэцэнзія Ядвігіна Ш. на «Жалейку» Янкі Купалы, не стаў выключэннем. Аўтару гэтых радкоў удалося атрымаць сканаваную копію экзэмпляра, што захоўваецца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква).
Са старонак газеты ад 9 ліпеня 1908 года (№ 34) на нас глядзіць невялікі горад пачатку ХХ стагоддзя. Усе асноўныя ўстановы сканцэнтраваны на некалькіх вуліцах. У адрасах, акрамя нумара дома, указваецца і яго ўласнік. Кантора і рэдакцыя газеты «Минское эхо» размяшчаліся ў Архіерэйскім завулку, доме Пратасевіча № 5.
Першая і палова апошняй старонкі аддадзены камерцыйнай рэкламе. Усё да паслуг і патрабавальнай багемнай публікі, і звычайнага паспалітага люду. Электрабіяграфічны тэатр (сінематограф) Рыхарда Штрэмера завабліваў брутальна-сентыментальным рэпертуарам: «Сумленне доктара», «Тры спакусы сатаны», «Імяніны татухны», «Што гаворыць лісце?» і інш. У «Акварыуме» на Юр’еўскай, 17 даваліся штодзённыя канцэрты «У царстве гукаў» з удзелам польска-рускага куплетыста Альшэўскага, а таксама «рознахарактарнай» капэлы. На свае прадстаўленні клікаў цырк А.Дэвінье. Спрэс паслугі рэпетытараў, дактароў, гравёраў і ювеліраў.
Тэхнічны прагрэс не стаяў на месцы. Зубалячэбны кабінет Самуіла Батвінніка ў доме Шнітмана на Губернатарскай вуліцы рабіў спецыяльную прапанову: штучныя зубы на золаце і каўчуку, фарфоравыя і залатыя пломбы.
На другой і трэцяй старонках допісы канцэнтраваліся ў рубрыках «Рэха мясцовага жыцця», «Маленькі фельетон», «Па слядах цыклона (Барысаў)» і інш. У «Тэлеграмах», паводле інфармацыі Пецярбургскага тэлеграфнага агенцтва, давалася сціслая інфармацыя пра падзеі ў Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі, а таксама ў Бамбеі, Капенгагене, Бялградзе, Канстанцінопалі.
Асаблівую цікавасць выклікае аповесць «Стары малітоўнік» У.С.Ілліча-Світыча, якая друкавалася з працягам і мела падзагаловак «З часоў польскага паўстання 1863 г. у Паўночна-Заходнім краі».
Матэрыялы чацвёртай старонкі, акрамя рэкламных, размеркаваны па рубрыках «Замежныя дробязі», «Розныя рознасці». Тут і расклад руху цягнікоў, вывераны па пецярбургскім часе. Праз Мінск ішлі чыгуначныя шляхі, якія злучалі Лібаву, Вільню і Ромны, Крэмянчуг; Брэст, Варшаву і Смаленск, Маскву.
Калегіяльная стрыманасць
Рэцэнзія Ядвігіна Ш. на Купалаў зборнік змешчана ў рубрыцы «Бібліяграфія». Адмысловай назвы не мае. Як практыкуецца ў афармленні тэкстаў такога жанру, прыведзены выхадныя звесткі кнігі. Публікуем рэцэнзію поўнасцю ў перакладзе на беларускую мову.
«Лепш быць першым у вёсцы, чым другім у Рыме», — вось першае, навязлівае, уражанне пры чытанні новаспечанага даволі аб’ёмістага (152 стар.) томіка беларускіх вершаў Янкі Купалы пад агульным загалоўкам «Жалейка».
І, калі мары беларусаманаў, — уваскрэсіць і даць літаратурную абалонку паміраючаму беларускаму дыялекту, — наканавана ажыццявіцца, то паміж піянерамі гэтай ідэі адно з першых месцаў зойме бясспрэчна Янка Купала.
Мы ўстрымаемся пакуль ад дэталёвай ацэнкі па сутнасці і тэндэнцыйнасці большасці вершаў «Жалейкі»*: яны былі пісаныя ў тыя гады, калі ў нашай пакутлівай радзіме занадта хутка чаргаваліся то асляпляльныя бляскі, то чорныя цені, што не магло не адбіцца ні на спагадлівасці, ні на ўспрымальнасці паэта наогул, а тым больш народнага.
Жыццё беларуса занадта манатоннае і мы не павінны таму быць асабліва патрабавальныя ў разнаколернасці яго народнага паэта.
Мы дазволілі сабе толькі выказацца за захаванасць чысціні асаблівасцей беларускай гаворкі і тым больш у паэзіі, якая пражывае ў народзе больш доўгія чым проза гады.
Такім класічным узорам служыць верш Янкі Купалы «Саха» (стар. 12).
Трэба быць не толькі знаўцам беларускага дыялекта, але і даравітым паэтам, каб пры спалучэнні слоў гэтай сякернай (няхай прабачаць мне беларусы!) мовы з’явіўся даволі лірычны верш.
Такіх вершаў у «Жалейцы» чытач знойдзе нямала.
Колькасць памылак у выданні цалкам зразумелая і выбачальная, папера неблагая, шрыфт выразны, віньетка такая, што можна было на вокладку выкарыстаць і лепшую, больш трывалую паперу.
Ядвігін Ш.
* Як нам удалося даведацца, нямала матэрыялу падрыхтавана паэтам ўжо для другога тома. Будзем спадзявацца, што ў ім даравітасць і погляды паэта выступяць больш выразна, больш рэльефна.
Верш «Саха», вылучаны рэцэнзетам з 96 твораў, сабраных пад вокладкай «Жалейкі», датуецца 1905–1907 гадамі. У творчай спадчыне класіка беларускай літаратуры лічыцца ўзорам ранняй лірыкі, для якой характэрна этнаграфічная дэталізацыя, архаічная каларыстыка.
Для нагляднай ілюстрацыі архітэктонікі верша прывядзём некалькі строф:
Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш свет цэлы,
Сама ж век худая.
Вяровак, жалеза,
А дрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
З цябе быў у полі. <...>
Ты, сошка, худая,
Я пан твой — араты,
Век бедны, галодны,
Хоць пан наш багаты.
У 13 строфах аўтар услаўляе важную прыладу сялянскай працы, іранізуе з нагоды свайго «панавання» над ёй. Заўважнае таксама гучанне матываў сацыяльнай несправядлівасці, аптымістычных нотак («Мы ж гора забудзьма, // Запейма а громка»; «На ўсе каб староны, // Як гром, гул разнёсся...»).
Замест вердыкту
Крытычны водгук Ядвігіна Ш., акрамя таго, што моцна дысануе з вядомымі характарыстыкамі беларускай класікі, адкрывае новую старонку ў канцэптуальных падыходах да гісторыі нацыянальнага пісьменства. Праблемамі сталення, на нашу думку, можна назваць агульную практыку, калі перадрукоўваліся і збіраліся пад адной вокладкай выключна спагадлівыя водгукі. Такім чынам гісторыка-літаратурны працэс у яго рэтраспектыўным бачанні пазбаўляўся дынамікі, складанасці, аб’ектыўнага ўсведамлення праблем, з якімі сутыкаліся і архітэктары нацыянальнага будаўніцтва, і яго песняры.
Пры публікацыі рэцэнзіі Ядвігіна Ш. у перакладзе на беларускую мову мы маем справу з адным з аспектаў феномену вяртання, калі пры спробе гістарычнай рэканструкцыі на самай справе спараджаецца новы канструкт разгляду мінуўшчыны ў яе сувязі з сучаснасцю.
Рэцэнзент пачатку ХХ стагоддзя прапанаваў свой тэкст перыядычнаму выданню, дзе той быў чужародным, адзіным, прысвечаным маладой беларускай літаратуры. Можам меркаваць, Ядвігін Ш. у пэўнай ступені ішоў канфармісцкім шляхам, улічваў рэдакцыйна-выдавецкую практыку выдання і запыты чытацкай аўдыторыі. Але, магчыма, менавіта гэты востра-крытычны, правакацыйны допіс паклікаў да жыцця дзве хваласпеўныя рэцэнзіі Уладзіміра Самойлы, яшчэ аднаго апекуна Янкі Купалы. Пра гэта будзе наша наступная публікацыя.
Мікола Трус, кандыдат філалагічных навук
Ссылка на источник:
Хто напісаў першы водгук на «Жалейку» Янкі Купалы?