Па даных анкетавання, каля паловы дзяцей і падлеткаў сядзіць за камп’ютарам у выхадныя больш за тры гадзіны, 18% — больш за дзве гадзіны. Каля 40% тры гадзіны і больш гуляюць у камп’ютарныя гульні. Пры гэтым пакутуе зрок, постаць, развіваюцца залежнасць і псіхічныя расстройствы, агрэсія і нават суіцыдальныя паводзіны. Ці можна мінімізаваць гэтыя рызыкі і як зрабіць так, каб дзіця асвойвала лічбавыя тэхналогіі і разам з тым не страціла фізічнае і псіхічнае здароўе, расказалі спецыялісты.
Удар па вачах
У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.
Пры гэтым, як адзначае загадчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Алена ГУЗІК, ва ўзросце ад 5–9 да 15–17 гадоў расце колькасць хвароб цэнтральнай нервовай, касцёва-мышачнай, эндакрыннай сістэм, захворванняў вока, псіхічных і расстройстваў паводзін.
У дашкольнікаў па выніках прафілактычных аглядаў парушэнні зроку за 15 гадоў павялічыліся больш чым у два разы, асабліва ў гарадскіх дзяцей. Бацькі павінны ўлічваць, што істотна ўплывае на здароўе нізкая рухальная актыўнасць, парушэнне структуры харчавання і рэжыму сну.
— Даследаванне, якое праводзілі нашы спецыялісты, паказала, што ў вучэбныя дні каля трэці дзяцей з 5 да 11 класа спяць сем гадзін і менш, а ў выхадныя дні гэта лічба складае 7,5%, — кажа Алена Гузік.
Адным з аспектаў, які сёння вызначае здароўе дзяцей і падлеткаў, з’яўляюцца гаджэты.
— Першае, з чым мы сутыкаемся, — вымушаная працоўная поза. Калі мы чытаем папяровую кнігу, гэта адлюстраваны тэкст. Калі чытаем на смартфоне, гэта экран, які свеціцца. Да таго ж кніга — гэта чорна-белая гама, а на экране — розныя адценні колеру, і воку заўсёды неабходна да гэтага адаптавацца, — пералічвае загадчык кафедры. — Калі працуем з тэлефонам, нашаму воку варта моцна напружвацца. Кантрасны фон экрана таксама з’яўляецца фактарам рызыкі для зроку. Эвалюцыйна так склалася, што мы пераважна глядзім удалячынь. Калі ж працуем з камп’ютарам ці тэлефонам, нашым вачам дастаткова доўга даводзіцца напружвацца, бо мы глядзім перад сабой. За кошт пералічаных фактараў развіваюцца розныя парушэнні зроку.
Дарэчы, ужо з 2000-х гадоў, калі камп’ютары і іншыя гаджэты пачалі атрымліваць шырокае распаўсюджанне, у еўрапейскім рэгіёне парушэнні зроку ў дзяцей павялічыліся на 30–40%, а ў Паўднёва-Усходняй Азіі — аж да 70%. І спецыялісты прагназуюць, што ў найбліжэйшыя 10 гадоў колькасць парушэнняў зроку павялічыцца яшчэ на 50%.
— Калі літара ў кнізе — суцэльнае адлюстраванне, то на экране — кропкавае. І гэта дадатковы фактар рызыкі, як і мірганне экрана. Пры рабоце з экранам ёсць дадатковы сіні колер, які аказвае неспрыяльнае ўздзеянне і павышае рызыку ўзроставай дэгенерацыі сятчаткі. Акрамя таго, сіні колер блакуе ў вячэрні час выпрацоўку мелатаніну, што парушае наш начны сон, цыркадныя рытмы. Таму за гадзіну да сну не рэкамендуецца карыстацца тэлефонам. Ёсць, дарэчы, кам’ютарныя праграмы, якія падаўляюць сіні колер, у вячэрні час іх можна выкарыстоўваць, — дадала Алена Гузік.
Выбраць гаджэт правільна
Калі выбіраеце прыстасаванне для дзіцяці сярод камп’ютара, ноўтбука, планшэта ці тэлефона, варта выбраць камп’ютар, бо гэта вялікі экран і зручнае працоўнае месца, а значыць, меншы фактар рызыкі для касцёва-мышачнай сістэмы і зроку. Калі пры чытанні стаіць выбар паміж камп’ютарам і электроннай кнігай, то лепш аддаць перавагу апошняй. Школьнікам не рэкамендуецца выкарыстоўваць смартфоны ў вучэбных мэтах — лепш няхай гэта будуць камп’ютар ці ў абмежаванай колькасці планшэт.
Яшчэ адзін важны момант — святло. Ні ў якім разе нельга працаваць у цемры.
— Падлеткі любяць уначы пасядзець у тэлефоне, як, зрэшты, і дарослыя. Гэта дадатковая нагрузка на зрок. Калі дзіця працуе на камп’ютары, то святло мусіць падаць не ззаду і не спераду, а збоку, каб не было блікаў. І гэта павінна быць агульнае асвятленне, — рэкамендуе загадчык кафедры.
Што датычыцца рэжыму заняткаў, то ён мусіць быць наступны. Ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў агульны экранны час не павінен перавышаць больш за дзве гадзіны ў дзень, у старэйшых за 12 гадоў — 3,5 гадзіны. У 6–8 гадоў рэкамендуецца працаваць на камп’ютары 10 хвілін, пасля чаго рабіць 30-хвілінны перапынак. У 8–12 гадоў гэтыя суадносіны складаюць 10/20 хвілін, у 12–14 — 30/60, у 14–18 — 45/45.
Прадмет бацькоўскага гонару
Дзецям да двух гадоў, паводле рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, увогуле не рэкамендуюцца ні камп’ютары, ні тэлефоны. Ад двух гадоў — да гадзіны агульнага часу, але чым менш, тым лепш.
Парушэннямі фізічнага здароўя, на жаль, уплыў гаджэтаў не абмяжоўваецца. Яны вядуць да фармавання залежнасці.
— Маецца шмат тэрмінаў — інтэрнэт-залежнасць, залежнасць ад гульняў, экранная залежнасць, але сутнасць усіх іх зводзіцца да аднаго: немагчымасць кантраляваць узаемаадносіны падлетка з носьбітам інфармацыі. У цэлым гэта адносіцца да залежнасці па сусветнай класіфікацыі хвароб, — тлумачыць загадчыца лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця», прафесар, доктар медыцынскіх навук Маргарыта Дзевялтоўская.
Залежнасць ад гаджэтаў мае ўсё тыя ж прыкметы, што і іншыя залежнасці. Асноўная яе прыкмета — няздольнасць кантраляваць сваё карыстанне гаджэтам.
— Залежнасць ад інтэрнэту ці гаджэтаў выклікае змяненні ў структурах галаўнога мозгу, у першую чаргу ў лобных долях, і яны такія ж, як пры залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў. Гэта структурныя змяненні мозгу, і яны прыводзяць да больш глыбокіх змяненняў псіхікі, чым проста псіхалагічныя праблемы, — кажа Маргарыта Дзевялтоўская.
Мозг дзіцяці актыўней за ўсё развіваецца да трох гадоў, і сёння ў многіх сем’ях гаджэты становяцца спадарожнікам дзіцяці ў такі ўразлівы перыяд.
— Чым большы ў гэты час уплыў, тым горш растуць нейроны. Пасля трох гадоў уздзеянне экрана таксама ідзе, але не ў такой ступені. Сёння нярэдкія сітуацыі, калі маленькае дзіця глядзіць мультфільмы, і гэта з’яўляецца прадметам гонару бацькоў. Яму 9-10 месяцаў, а яно разумее, што на кнопкі тэлефона варта націскаць. А калі яму 1,5 года і яно можа самастойна ўключыць мультфільмы, бацькі лічаць, што гэта прыкмета яго высокага кагнітыўнага ўзроўню і разумовых здольнасцяў. На жаль, сітуацыя мае і зваротны бок, калі атрыманне інфармацыі праз экран уплывае не толькі на структуры галаўнога мозгу і псіхіку дзіцяці, але і на інтэлектуальныя функцыі. Уплыў экрана прыводзіць да кагнітыўнай дэзарганізацыі, — адзначае спецыяліст.
Трэба сказаць, што ўплыў тых жа мабільных тэлефонаў дзіця адчувае ўнутрывантробна.
— Калі нашы маладыя маці, будучы цяжарнымі, кантактуюць з такімі ж сяброўкамі анлайн, дзіця ўнутрывантробна пазбаўлена тактыльнай, сенсорнай, аўдыявізуальнай стымуляцыі. Калі кажам пра рост выпадкаў аўтызму, заўсёды пра гэта трэба памятаць. Аўтызм пачынаецца з таго, што ўнутрывантробна ў дзіцяці няма адэкватнага кантакту са знешнім светам. Далей, калі яно атрымлівае ўсю інфармацыю праз экран, развіваецца ўспрыманне візуальнае, аўдыяльнае, але абсалютна адсутнічае сенсорнае або тактыльнае, няма і камунікатыўных навыкаў, звязаных з жывым кантактаваннем, — дадае Маргарыта Дзевялтоўская.
Залежнасць вядзе да таго, што дзіця знаходзіцца ў камфортным для сябе свеце, дзе ўсе сітуацыі вырашаюцца простым націсканнем кнопак. Калі ж узнікаюць складаныя сітуацыі ў рэальным жыцці, яно імкнецца вярнуцца ў зручны для яго свет інтэрнэту.
— Дзіця адчувае эйфарыю, і ў яго камфортны стан, калі яно ў сваім любімым свеце, і ўсе спробы яго адлучыць выклікаюць раздражненне і агрэсію. Але сітуацыя такая, што дзіця мусіць уступаць ва ўзаемадзеянне з рэальнасцю і навакольнымі. І гэта дастаткова часта прыводзіць да дэпрэсій, стрэсавых расстройстваў і суіцыдальных паводзін, бо мадэлі паводзін, якія вядуць да адсутнасці адказнасці перад рэаліямі жыцця, дзеці таксама бяруць у інтэрнэце. У інтэрнэце лёгка кагосьці забіваюць, на новым узроўні ён ажывае, і ў дзяцей нівеліруецца паняцце смерці. Карані падлеткавай дэпрэсіі і суіцыдаў палягаюць у тым, што дзіця не можа знайсці сябе ў рэальным свеце, — рэзюмуе Маргарыта Дзевялтоўская.
Як вызначыць залежнасць?
Педагог-псіхолаг аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Дзмітрый Сеннікаў вылучыў дзве асноўныя прычыны, па якіх развіваецца залежнасць. Першая — знешняя, гэта звычка вырашаць любую праблему з дапамогай гаджэтаў. Другая — унутраная, гэта недастатковая задаволенасць умовамі рэальнага жыцця.
— Безумоўна, калі мець на ўвазе падлетка, то ўсе індывідуальныя, ва ўсіх ёсць сваё разуменне адэкватных умоў рэальнага жыцця. І тут часта неабходна разам з псіхолагам гэта прапрацоўваць.
Выкарыстанне гаджэтаў нясе і такія небяспекі, як праблема з самаацэнкай, стрэсаўстойлівасцю, неразуменне сябе, свайго эмацыянальнага складніка і эмацыянальнага праяўлення навакольных. Сярод небяспек можна вылучыць і рызыку стаць ахвярай кібербулінгу і махлярства.
На пачатковым этапе вызначыць залежнасць няпроста. Але ёсць шэраг праяў, якія могуць даць бацькам падставы задумацца і прыняць канкрэтныя меры. У першую чаргу, замкнёнасць і літаральна невыпусканне гаджэта з рук. Часта спроба бацькоў забраць гаджэт суправаджаецца праяўленнем агрэсіі дзіцяці ці падлетка, падману, непаслухмянасці. Кантактаванне з сябрамі таксама вядзецца анлайн.
— Часта ёсць спробы дамовіцца: зраблю дамашняе заданне, калі дагуляю. І гэта «дагуляю» зацягваецца, пакутуе дамашняе заданне, рэжым дня, сон, — расказвае Дзмітрый Сеннікаў.
Які выхад з сітуацыі?
Найперш гэта кантроль дзіцяці і гаджэта.
— Бацькі, якія маюць даверлівыя адносіны са сваімі дзецьмі, у якіх наладжаны ў сям’і традыцыі і рытуалы, маюць больш шанцаў на кантакт са сваімі нашчадкамі, чым тыя, хто з’яўляюцца толькі назіральнікамі іх жыцця, — адзначае псіхолаг.
Але кантроль таксама павінен быць правільны.
— Адна справа: я сказала — значыць, так і будзе, бо я твая маці. І іншая — дзе існуе момант дамоўленасці з дзіцем. Ведаючы, што яно робіць у інтэрнэце, бацькі могуць папярэдзіць спробы махлярства, кібербулінгу, нават вызначыць, дзе знаходзіцца іх дзіця, — кажа педагог-псіхолаг.
Калі вы гатовы зрабіць падарунак дзіцяці ў выглядзе гаджэта, адразу дамоўцеся аб правілах яго выкарыстання: як, колькі і дзе. Увядзіце звычку, што сняданак, абед і вячэра праходзяць без гаджэтаў, увядзіце «разгрузачны дзень»: калі ўся сям’я не выкарыстоўвае гаджэты. Памятайце, што асабісты прыклад бацькоў мае значна большую вагу, чым проста словы ці забароны.
Алена Кравец
Звязда, 1 кастрычніка 2023
Ссылка на источник:
Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў