Колькасць насельніцтва Зямлі, паводле ацэнак ААН, перавысіла 8 мільярдаў чалавек, аднак свет сутыкаецца з маштабным дэфіцытам кадраў. Недахват працоўнай сілы ўяўляе сур’ёзную праблему для прадпрыемстваў па ўсім свеце. Паводле даследавання АЭСР, які ахоплівае 40 краін, кадравы голад адчуваюць больш за 70 працэнтаў кампаній. Дэфіцыт работнікаў назіраецца ў розных сектарах, у тым ліку ў апрацоўчай прамысловасці, будаўнічай і транспартнай галінах, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, інжынерыі, навуцы і тэхналогіях, асабліва інфармацыйна-камунікацыйных. Чаму разгарнуўся глабальны кадравы голад?
«Бэбі-бумеры» на пенсіі
Кадравы голад становіцца глабальнай праблемай. Падобная сітуацыя назіраецца на рынках працы большасці вядучых краін, у тым ліку ЗША, Вялікабрытаніі і дзяржаў Еўрасаюза. Трывожная тэндэнцыя адзначаецца ў дакладзе Раскангрэса, паведаміла РІА «Новости». «Праблема нястачы працоўных рэсурсаў мае глабальны характар. На працягу многіх гадоў яна часта вырашалася шляхам пераносу вытворчасці ў краіны з больш нізкім коштам працоўнай сілы. Аднак цяпер нават такія вытворчыя цэнтры, як Кітай, Індыя, Бангладэш і В’етнам, нараўне з Аргенцінай, Калумбіяй і Турцыяй, сутыкаюцца з недахопам працоўнай сілы і неадпаведнасцю ўзроўню кваліфікацыі, што пагражае цэламу шэрагу галін», — адзначаецца ў дакладзе.
«Пры агульнасусветнай тэндэнцыі зніжэння нараджальнасці дэфіцыт працоўнай сілы будзе захоўвацца. Па некаторых ацэнках, да 2030 года ва ўсім свеце з-за недастачы кваліфікаваных спецыялістаў могуць застацца незанятымі больш за 85 мільёнаў працоўных месцаў, што прыкладна адпавядае насельніцтву Германіі», — прагназуюць эксперты Раскангрэса.
Адной з галоўных прычын дэфіцыту з’яўляюцца дэмаграфічныя фактары, найперш старэнне насельніцтва. У развітых краінах, такіх як ЗША, Канада, Італія, Германія, Японія, Аўстралія, Вялікабрытанія і Францыя, пакаленне «бэбі-бумераў» старэе і ідзе на пенсію. Акрамя таго, адукацыя людзей часта не адпавядае навыкам, якія запатрабаваны рынкам. Недахват кваліфікаваных кадраў назіраецца нават у Індыі, дзе агульная прапанова працоўнай сілы пакуль расце хутчэй, чым попыт.
Адным з галоўных фактараў узмацнення кадравага голаду па ўсім свеце стала пандэмія каранавіруса. Некалькі гадоў маштабных абмежаванняў кардынальна змянілі звычкі людзей. Дзясяткі тысяч супрацоўнікаў буйных, сярэдніх і невялікіх кампаній страцілі працоўныя месцы ў сувязі з масавымі скарачэннямі, сотні прадпрыемстваў былі вымушаны закрыцца, а тыя арганізацыі, якім удалося ўтрымацца на плаву, у большасці сваёй перавялі персанал на аддаленую працу.
У выніку пасля пандэміі рынак працы зведаў значныя змяненні. Некалькі гадоў, праведзеных па-за сценамі офісаў, прывялі да таго, што работнікі пачалі адмаўляцца вяртацца ў дзелавыя цэнтры. Выправіць сітуацыю не дапамаглі нават пагрозы звальнення. Імклівы выхад на рынак тысяч новых кампаній, у сваю чаргу, дазволіў людзям не баяцца страціць працу, бо знайсці новае месца стала значна прасцей.
Рынак саіскальніка
Нежаданне тысяч супрацоўнікаў спяшацца з выбарам новай працы ператварыла амерыканскі рынак работадаўцы (кандыдатаў больш, чым вакансій) у рынак саіскальніка (супрацьлеглая сітуацыя). Сёлета да сярэдзіны лістапада колькасць размешчаных вакансій у Злучаных Штатах значна перавысіла колькасць кандыдатаў, паведаміла lenta. ru. Дырэктар па глабальнай палітыцы занятасці і спецыяльных ініцыятывах Гандлёвай палаты ЗША Стэфані Фергюсан назвала праблему кадравага дэфіцыту беспрэцэдэнтнай. Паводле даных ведамства, да сярэдзіны мінулага месяца ў краіне было адкрыта 9,6 мільёна вакансій, у той час як сумарная колькасць беспрацоўных ацэньвалася ў 6,4 мільёна чалавек. Гэта значыць, нават калі ўсе беспрацоўныя раптоўна захацелі б знайсці новае месца, у ЗША ўсё роўна заставалася б 3,2 мільёна вакансій.
У разгар пандэміі ў ЗША закрыліся 120 тысяч прадпрыемстваў, а больш за 30 мільёнаў супрацоўнікаў засталіся без работы. Запоўніць свабодныя нішы пакуль не ўдаецца ні з дапамогай прыцягнення мігрантаў з іншых краін, як гэта рабілася раней, ні павышэннем заробкаў, ні стварэннем спецыяльных курсаў па перападрыхтоўцы кадраў. Сітуацыя пагаршаецца тым, што за час пандэміі дзясяткі тысяч амерыканцаў настолькі прывыклі да штомесячных дапамог (ад 150 да 650 долараў у тыдзень), што за некалькі гадоў абмежаванняў значная частка грамадзян змагла назапасіць дастаткова, каб не спяшацца з пошукам новага месца. Усе гэтыя фактары разам з агульным недахватам працоўных рэсурсаў пагражаюць амерыканскай эканоміцы запаволеннем тэмпаў росту і зніжэннем прадукцыйнасці працы.
Шкода на трыльён долараў
Узмацненне кадравага голаду накладваецца на масавыя звальненні супрацоўнікаў. Калі ў 2021-м звольніліся ў агульнай складанасці 47,8 мільёна амерыканцаў, то ў 2022-м — ужо больш за 50 мільёнаў. Адпаведная тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. Многія не спяшаюцца шукаць новую работу: яны спасылаюцца на неабходнасць паправіць здароўе ці клапаціцца пра дзяцей. Іх магло б матываваць павышэнне зарплаты, але на такі крок наўрад ці гатовы амерыканскія работадаўцы.
Недастача кваліфікаваных работнікаў закрануў усе ключавыя галіны амерыканскай эканомікі — ад прамысловасці да праграмавання. Найбольшы кадравы голад эксперты Гандлёвай палаты ЗША зафіксавалі ў фінансавым і дзелавым сектарах. У гэтых галінах незанятымі аказаліся больш за 60 працэнтаў вакансій. Крыху лепшая сітуацыя ў забаўляльным і гасцінічным бізнесе — тут вакантнымі застаюцца 45 працэнтаў аб’яў. У сектары апрацоўчай прамысловасці, якая страціла каля 1,4 мільёна працоўных месцаў у разгар пандэміі, па стане на жнівень незапоўненымі заставаліся ў агульнай складанасці 616 тысяч вакансій. Пры гэтым да 2030-га ў гэтым сектары незанятымі могуць аказацца да 2,1 мільёна працоўных месцаў, што нанясе амерыканскай эканоміцы шкоду ў трыльён долараў.
Справіцца з паглыбленнем кадравага дэфіцыту ў ідэале магло б больш актыўнае прыцягненне мігрантаў. Напрыклад, у адной толькі ІT-індустрыі да нядаўняга часу працавалі сотні тысяч праграмістаў і аналітыкаў з Індыі. Але ў сувязі з масавымі звальненнямі ў падвешаным стане аказаліся 60-80 тысяч выхадцаў з гэтай краіны. Масавага ж прытоку новых мігрантаў на амерыканскім рынку працы ў сярэднетэрміновай перспектыве чакаць не выпадае, падкрэслілі ў Гандлёвай палаце. Паводле даных Бюро перапісу насельніцтва ЗША, максімум быў зафіксаваны ў 2015–2016 гадах, калі ў краіну ўехала звыш мільёна мігрантаў. Аднак у 2020-м і 2021-м гэты паказчык склаў усяго 247 тысяч чалавек.
У Гандлёвай палаце падкрэсліваюць, што з улікам старэння насельніцтва, якое працягваецца, і ўсё большай тэхналагічнай аўтаматызацыі кадравы голад у ЗША будзе ўзмацняцца. Амерыканскія работадаўцы будуць адчуваць недахоп кваліфікаваных спецыялістаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Вырашыць жа гэтую праблему практычна немагчыма з прычыны натуральнага змяншэння насельніцтва і адносна малой колькасці маладых пакаленняў, прадстаўнікам якіх яшчэ толькі трэба выйсці на мясцовы рынак працы.
Голад у каралеўстве
Калі ў ЗША кадравы голад распаўсюдзіўся на ключавыя сферы эканомікі, то ў Вялікабрытаніі праблема недастачы высокакваліфікаваных кадраў закранула ў большай ступені сегмент малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП). Згодна з вынікамі даследавання Федэрацыі малога бізнесу, каля 22 працэнтаў прадстаўнікоў МСП заявілі, што кадравы голад стане «перашкодай для росту іх кампаній у 2024 годзе». Найбольш пацярпелымі галінамі аказаўся сектар інфармацыі, камунікацый і высокіх тэхналогій. У гэтай галіне на праблему з найманнем персаналу паказалі 38 працэнтаў кампаній.
За апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія, як і ЗША, сутыкнулася з рэзкім скарачэннем прытоку мігрантаў. Але калі ў Злучаных Штатах гэта шмат у чым абумоўлена негатыўнымі наступствамі пандэміі каранавіруса, то ў Брытаніі такую тэндэнцыю справакаваў выхад каралеўства са складу Еўрасаюза. Брэксіт, які ўступіў у сілу ў пачатку лютага 2020-га, пацягнуў за сабой рэзкі разрыў міграцыйных сувязяў з кантынентальнымі краінамі. Пандэмія толькі ўзмацніла дынаміку. Праблему пагаршае тое, што многія з еўрапейскіх мігрантаў былі заняты ў фінансавым і банкаўскім сектарах брытанскай эканомікі. Замяніць каштоўных спецыялістаў у гэтых галінах стала больш складана, сцвярджаюць эксперты.
Кадравы голад закрануў не толькі офісных клеркаў, але і іншыя галіны — напрыклад, будаўнічы сектар. У адрозненне ад амерыканскай, якой больш-менш удалося справіцца з крызісам мінулага года, у брытанскай будаўнічай галіне з праблемай найму новых супрацоўнікаў сутыкнуліся амаль палова працадаўцаў. Падобная сітуацыя была зафіксавана і ў вытворчым сектары — у гэтай галіне аб недахопе кадраў заявілі прадстаўнікі 28 працэнтаў кампаній. Праблем мясцоваму рынку працы дадае тое, што выпускнікі мясцовых універсітэтаў усё часцей сталі атрымліваць працу, якая не патрабуе вышэйшай адукацыі. Паводле звестак аналітыкаў Інстытута фінансавых даследаванняў, за апошнія 30 гадоў доля такіх выпускнікоў у каралеўстве ўзрасла з 31 да 42 працэнтаў. Гэта магло быць выклікана агульным паскарэннем тэмпу жыцця і павелічэннем яго кошту. Пры такіх умовах патрэба ў «хуткіх» грашах звычайна перавешвае імкненне да ўдасканалення навыкаў і атрымання профільнай працы.
Інавацыі з мінусам
Калі ў Вялікабрытаніі аб пагрозе росту з-за недастачы кваліфікаваных работнікаў заяўлялі ў асноўным прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, то ў краінах Еўрасаюза з вострым кадравым голадам сутыкнуліся і буйныя прадпрыемствы. Так, паводле вынікаў лістападаўскага апытання аналітыкаў сацыялагічнай службы «Еўрабарометр», у высокай патрэбе ў топавых кадрах прызналіся 72 працэнты прадстаўнікоў буйнога бізнесу. Падобная праблема характэрная для ўсіх катэгорый МСП: аб складанасцях з пошукамі высокакваліфікаваных кадраў заявілі 53 працэнты мікрапрадпрыемстваў, 65 працэнтаў малых кампаній і 68 працэнтаў сярэдніх фірм.
Самую вострую недастачу аналітыкі зафіксавалі ў тэхналагічным сектары. У дэфіцыце механікі, інжынеры і лабаранты. З цяжкасцямі ў пошуках такіх работнікаў сутыкнуліся 42 працэнты малых і сярэдніх еўрапейскіх кампаній. Праблемы захоўваюцца і з найманнем спецыялістаў па рабоце з кліентамі (адміністратараў, кансультантаў па продажах). Аб адсутнасці неабходнага ўзроўню навыкаў у падобных кандыдатаў заявілі 23 працэнты рэспандэнтаў. У кожнай пятай еўрапейскай кампаніі ўказалі на праблему з найманнем распрацоўшчыкаў і тэхналагічных даследчыкаў. Яшчэ 18 працэнтаў мясцовых кампаній сутыкнуліся з цяжкасцямі пры пошуку высакакласных ІT-спецыялістаў.
Як лічаць эксперты, кадравы голад, які захоўваецца ў рэгіёне, прывядзе да значнага нарошчвання нагрузкі на супрацоўнікаў, якія ўжо задзейнічаны, а вось іх заробак наўрад ці рэзка павысіцца з-за павелічэння выдаткаў у сувязі з інфляцыяй і ростам цэн на энерганосьбіты. Так, 48 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі, што іх работнікі ўжо сутыкнуліся з перапрацоўкамі. Недахоп кваліфікаваных кадраў таксама можа ўдарыць па аб’ёмах продажаў малых прадпрыемстваў. Амаль у кожнай трэцяй (31 працэнт) кампаніі заявілі аб негатыўным уплыве кадравага голаду на пашырэнне збыту прадукцыі. Сярод найбольш распаўсюджаных рызык таксама аказаліся зніжэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці (па 25 працэнтаў), рост вытворчых затрат (23 працэнты), падзенне якасці прадукцыі (22 працэнты) і скарачэнне інавацыйных распрацовак (8 працэнтаў).
Захар Бурак
Звязда, 22 снежня 2023
Ссылка на источник:
Чаму пашыраецца глабальны недахоп работнікаў?