Першая чарга ўзвядзення Рэспубліканскага пункту захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў павінна быць завершана ўжо да 2030 года, а на перапрацоўку ў Расію ядзерныя адходы пачнуць адпраўляць ужо ў 2031–2032 гадах. У стадыі прапрацоўкі таксама пытанне, ці патрэбна Беларусі яшчэ адна атамная станцыя або трэці энергаблок. Пра абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам, электратранспарт і сферы ўжытку электраэнергіі ад АЭС расказалі спецыялісты энергетычнай галіны.
Праектныя затраты і гарантыйныя тэрміны
Бяспека і надзейнасць АЭС — галоўная задача энергетыкаў у атамнай сферы, якая выконваецца. Уся электраэнергія, якая вырабляецца станцыяй, ужываецца ў краіне ў поўным аб’ёме, так што аб’ект працуе на эканоміку краіны і ўносіць адпаведныя эфекты ў выглядзе эканоміі прыроднага газу (5,8 млрд м3), скарачэння выкідаў парніковых газаў (больш за 10 млн тон) у наваколле, запэўніў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч:
— На ўласную работу БелАЭС патрэбна шмат энергіі, яна з’яўляецца адным з буйных спажыўцоў, аднак для свайго сілкавання бярэ не больш энергіі, чым гэта прадугледжана яе праектнымі характарыстыкамі. Колькасць электраэнергіі, якую БелАЭС выкарыстоўвае на ўласныя патрэбы, з’яўляецца ўдзельнай велічынёй, якая вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму энергіі, якую станцыя выпрацоўвае, і гэты параметр не перавышае праектныя.
На саму станцыю, як і на яе тэхналагічныя сістэмы і абсталяванне, існуе гарантыя, тэрміны якой абазначаны ў генеральным кантракце. Практыка работы на станцыі паказвае карэктнасць і правільнасць рэалізацыі генпадрадчыкам і заказчыкам вызначаных норм гарантыйных тэрмінаў эксплуатацыі.
— Згодна з праектам, закладзены прыкладна 11-месячны цыкл (345 эфектыўных сутак), калі паміж планава-папераджальнымі рамонтамі адзін з энергаблокаў павінен знаходзіцца ў рабоце, і гэты тэрмін вытрымліваецца. Аднак прапрацоўваецца пытанне і вывучаецца існуючая практыка адносна магчымасці выкарыстання і 18-месячнага цыкла міжрамонтнага выкарыстання і работы блокаў, — заўважыў міністр.
«Электрычныя» кааператывы
Попыт на электраэнергію ў краіне рэальным сектарам эканомікі і насельніцтвам павялічваецца (сёлета агульны аб’ём яе спажывання дасягнуў за няпоўны год ужо 37,1 млрд кВт·г электрычнасці). А з моманту прыняцця на ўзроўні кіраўніка дзяржавы стымуляцыйных тарыфаў (з 2019 года) энергетыкам паступіла 101,8 тысячы зваротаў, з якіх задаволена 90,2 тысячы (88,6%). Пры гэтым працэнт задавальнення зваротаў грамадзян штогод павялічваецца, заўважыў міністр:
— На 2021–2025 гады сфарміраваны перспектыўныя планы мадэрнізацыі электрасетак, якія ахопліваюць больш за 5,7 тысячы кіламетраў электрасетак і звыш 1500 населеных пунктаў, дзе будзе магчыма наладзіць выкарыстанне электрычнасці для падагрэву вады і ацяплення. Беларусы могуць таксама стварыць кааператыў і забяспечыць населены пункт электраэнергіяй на падагрэў вады і ацяпленне. Такая магчымасць даступная праз адміністрацыйную працэдуру або ў рамках Указа Прэзідэнта № 381 (дзеянне якога распаўсюджваецца на населеныя пункты, дзе электрасеткі не замартызаваныя).
Жыхары могуць правесці мадэрнізацыю электрасетак, аплаціўшы 30% яе кошту (70% на работу патрацяць энергазабеспячальныя арганізацыі ці бюджэт у рамках праграмы «Камфортнае жыллё»). Ёсць нават прыклады, дзе такая работа ўжо праведзеная, удакладніў кіраўнік энергетычнага ведамства.
Згодна з праграмамі ўрада, у наступным пяцігоддзі не менш за палову жылля, якое будуецца, павінна быць «электрычным», таму колькасць такіх дамоў у шматкватэрным жылым сектары расце, заўважыў Павел Дрозд, генеральны дырэктар аб’яднання «Белэнерга»:
— Будаўніцтва электрадамоў запланавана найперш там, дзе адсутнічае інфраструктура, а не там, дзе пракладзены цепласеткі. Эканамічныя разлікі паказваюць, што гэта больш мэтазгодна і па сродках, і па выкананні задачы павышэння электраспажывання ў краіне. А будаўніцтва электрадамоў у прыватным сектары скіравана найперш на паляпшэнне ўмоў жыцця людзей. Сённяшняя тарыфная палітыка таксама спрыяе гэтаму.
Для пасажыраў і ўладальнікаў
Электраэнергія ў Беларусі выкарыстоўваецца і ў іншых сферах. Цяпер праходзіць два пілотныя праекты (у Шклове і Жодзіне) па пераводзе грамадскага транспарту на электробусы, расказаў міністр:
— У Жодзіне ўжо завершаны ўсе работы па знешнім энергазабеспячэнні, якое дазваляе падключыць зарадныя прылады для наступнага выкарыстання пры зарадцы электробусаў. У Шклове гэтая работа знаходзіцца на завяршальнай стадыі і да снежня павінна завяршыцца. Налета пасажыры ўжо змогуць скарыстацца на грамадскіх маршрутах новым відам транспарту і ацаніць, наколькі гэта зручна і экалагічна.
Пашыраецца і сетка зарадных станцый (згодна з праграмай да 2025 года), якія энергетыкі забяспечваюць электраэнергіяй. У краіне ўжо дзейнічае каля 700 станцый пад брэндам Malanka.
— Сёння мы бачым, што цікавасць да такіх станцый узрастае, а праекты ў Шклове і Жодзіне яшчэ больш павялічаць колькасць зарадных станцый, налета падобны праект плануецца рэалізаваць у Наваполацку, — пацвердзіў Павел Дрозд. — У сталіцы шмат станцый раззмешчана каля гандлёвых цэнтраў, вялікіх гасцініц, і гэта зручна для людзей і цяпер, і на будучыню, калі электракараў стане больш, каб можна было камфортна зараджацца.
Яшчэ адна магчымасць выкарыстання электраэнергіі — дата-цэнтрамі для майнінгу. І асобныя праекты, якія робяць унёсак у павелічэнне энергаспажывання, ужо ёсць. Гэткая ж цікавасць праяўляецца і на будаўніцтва такіх аб’ектаў у далейшым, дадаў Віктар Каранкевіч.
«Прыватныя» электраслупы
Указам Прэзідэнта № 155 «Аб садаводчых таварыствах» мяркуецца вырашыць праблемныя пытанні, якія існуюць у гэтых суполках. У прыватнасці, дакумент дае магчымасць перадаваць на баланс дзяржаўных энергазабяспечвальных арганізацый высакавольтныя электрасеткі таварыстваў па фактычным стане незалежна ад тэрміну іх уводу ў эксплуатацыю, а таксама ўнутраныя сеткі з наступным заключэннем прамых дагавораў электразабеспячэння з грамадзянамі — членамі таварыстваў. Унутраныя сеткі пры гэтым павінны мець тэхнічна спраўны стан, а дачнікі — вынасныя прылады уліку расходу электраэнергіі.
— Перадача электрасетак на баланс дзяржавы скіравана на карысць людзей, — заўважыў Павел Дрозд. — У кожным раёне створаны групы з прадстаўнікоў арганізацый электрасетак, якія разам з кіраўнікамі садаводчых таварыстваў (СТ) выязджаюць на абследаванне электрасетак і тлумачаць, што неабходна зрабіць, каб прыняць сеткі на баланс. Згодна з указам, сёння мы прымаем на баланс сеткі напружаннем 10 кВ у фактычным стане, а 0,4 кВ — у выніку абследавання і жадання ўсіх, хто пражывае ў СТ, перадаць гэтыя сеткі на наш баланс. Мы раздалі памяткі, каб усе ведалі, што неабходна зрабіць, каб энергасістэма прыняла іх на баланс.
Энергетыкі разумеюць усе пытанні, якія з’явяцца, калі электрасеткі СТ будуць пераведзены на баланс энергазабяспечвальных арганізацый, і што трэба будзе рабіць, каб прывесці сеткі ў адпаведны стан. А калі ў СТ таксама з’явіцца магчымасць рабіць у дамах сістэму электраацяплення, то павелічэнне электраспажывання ў краіне яшчэ больш павялічыцца. Тым не менш пакуль вялікай колькасці ахвотных не назіраецца, удакладніў спікер:
— Указ уступіў у сілу 2 снежня, і ўсе ўжо раз’ехаліся з садаводчых таварыстваў на зіму. Таму будзем чакаць наступнага года, каб пабачыць працэнт зваротаў і тэндэнцыю таго, што адбываецца.
Энергасістэма гатовая, каб забраць на баланс усе сеткі 10 кВ. Электрасеткі напружаннем 0,4 кВ — пасля рэканструкцыі адпаведна з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў, якую за свой кошт павінны выканаць члены СТ, падкрэсліў гендырэктар «Белэнерга»:
— Праблема ў тым, што некаторыя апоры лініі электраперадачы знаходзяцца на прыватным участку грамадзяніна, і энергетыкі не могуць іх абслугоўваць. Гэта здарылася ў выніку таго, што ў свой час садовыя таварыствы пашыралі свае ўчасткі, і апоры, якія знаходзіліся ўздоўж вуліцы і былі на мяжы садовага ўчастка, апынуліся ў агародах людзей. Спадзяёмся, што ўказ дапаможа вырашыць гэтыя пытанні.
100 гадоў для ядзерных адходаў
Пытаннямі фармавання сістэмы доўгатэрміновага захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў займаецца кампанія, створаная ў лютым 2023-га, — Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (РАА). Пад імі разумеюцца ўсе радыеактыўныя адходы, якія ўвогуле ўтвараюцца ў краіне. Хаця адходы ад БелАЭС будуць складаць да 95% (180 м3 эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў) ад агульнай масы, гэткія ж небяспечныя адходы ўтвараюцца і ў іншых галінах. Гэта ядзерная медыцына, сельская гаспадарка, прамысловасць — усе сферы, дзе выкарыстоўваюцца крыніцы іанізацыйнага выпраменьвання.
— Рэспубліканскі пункт захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў дасць магчымасць збору, перапрацоўкі, кандыцыянавання, захоўвання і захавання ўсіх РАА, якія ствараюцца ў Беларусі, — расказаў міністр. — Вядзецца работа па выбары пляцоўкі (ідуць дадатковыя вышукальныя работы), па вывучэнні абсталявання і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў розных краінах. У далейшым паўстануць пытанні перадпраектнай, праектнай дакументацыі, будаўніцтва і ўводу аб’екта ў эксплуатацыю. Калі будуць прапанаваны розныя варыянты па пляцоўках, яшчэ правядзём грамадскія слуханні і абмеркаванні як унутры краіны, так і па-за яе межамі.
Адпрацаванае ядзернае паліва, частку якога нядаўна замянілі падчас чарговага планава-папераджальнага рамонту, цяпер фарміруецца ў басейнах вытрымкі. Цягам васьмі-дзесяці гадоў такое паліва ў цеплавыдзяляльных зборках будзе знаходзіцца непасрэдна на станцыі з мэтай паніжэння рэшткавага цеплавыдзялення і радыеактыўнасці. Пасля ў спецыяльных транспартна-ўпаковачных кантэйнерах (ТУКах) яго накіруюць на заводы ў Расію на перапрацоўку. Назад у Беларусь будзе вяртацца эквівалент — гэткая шкламатрыца ў кантэйнерах (пасля 2050 года). Усе пытанні будуць вызначацца індывідуальна па кожнай партыі, якая будзе адпраўляцца ў Расію на перапрацоўку, падкрэсліў Віктар Каранкевіч.
Рыхтавацца да задавальнення электрапатрэб
Энергасістэма адсочвае, каб усе аб’екты генерацыі энергіі ў краіне працавалі эфектыўна і надзейна, а крыніцы — гарманічна, дапаўняючы адна адну, выконваючы асноўную задачу па надзейнасці. Энергетыкі разглядаюць розныя пытанні (арганізацыйны, тэхнічныя, эканамічныя), якія звязаны не толькі з будаўніцтвам, але з магчымасцю далейшай эксплуатацыі АЭС.
— У поўным складзе работы абсталявання на БелАЭС аб’ект здольны закрыць да 40% унутраных патрэб Беларусі ў электраэнергіі (але гэта з улікам існуючых параметраў і аб’ёмаў спажывання). Аднак праводзяцца мерапрыемствы па павелічэнні выкарыстання электраэнергіі ў краіне, таму трэба аналізаваць ужо не 2030–2035 гады, а 2040-ы, — паведаміў міністр.
У далейшым у краіне працягне развівацца прамысловасць, электратранспарт, адпаведна, будуць мяняцца аб’ёмы спажывання электраэнергіі. Калі хаця б 30–40% аўтапарка пяройдзе на электрацягу. Працягнецца і перавод на электрычнасць жылля (у гэтай і наступнай пяцігодцы), будаўніцтва новага электрыфікаванага жылля, прамысловых аб’ектаў — усё гэта дадасць сур’ёзны аб’ём спажывання электраэнергіі. Да 2025 года ў планах энергетыкаў — вывесці электраспажыванне на ўзровень 44 млрд кВт·г, а да 2030-га — 47 млрд кВт·г, і сістэма павінна быць гатовая задаволіць гэтыя патрэбы. З гэтай нагоды прапрацоўваецца пытанне магчымага будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС ці трэцяга энергаблока, а таксама размяшчэння пляцовак для іх.
Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 3 студзеня 2024
Ссылка на источник:
Уся электраэнергія ад АЭС ужываецца ў краіне і працуе на эканоміку