Сям`я і дэмаграфія
1 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Юныя беларусы складаюць 1/5 насельніцтва краіны.
Падтрымка дзяцей з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам нашай дзяржавы. Гэта не толькі бясплатная медыцына, адукацыя, праезд, але і сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі.
Сумна не будзе
У Міжнародны дзень абароны дзяцей традыцыйна праводзяцца разнастайныя святочныя мерапрыемствы, а галоўнымі іх гасцямі становяцца дзеці, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, а таксама дзеці з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Сёння ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праходзіць рэспубліканскае свята «Дзяцінства — мірная краіна». Госці мерапрыемства — больш за 350 дзяцей з усёй краіны. Яны ўдзельнічаюць у дыялогавай пляцоўцы пад назвай «Час выбраў нас» з членамі Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Для іх арганізаваны святочныя мерапрыемствы, інтэрактыўныя пляцоўкі, святочны канцэрт і віншаванне. У рамках святкавання праходзіць і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Сэрцам адданыя роднай зямлі». Ва ўсіх абласных цэнтрах таксама праходзяць рэгіянальныя святочныя мерапрыемствы для дзяцей.
Дзяржаўныя гарантыі
Як патлумачыла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай і маладзёжнай палітыкі ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, 20% дзяцей у структуры насельніцтва — традыцыйны паказчык для многіх краін і Беларусь у гэту статыстыку ўпісваецца. У абсалютных лічбах гэта выглядае наступным чынам: у краіне 1 801 383 дзіцяці, з іх 924 041 хлопчык і 877 342 дзяўчынкі.
Дзяржава аказвае падтрымку сем’ям з дзецьмі, дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, забяспечвае прыярытэт выхавання дзяцей у сям’і. Асаблівая абарона — дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама часова ці пастаянна пазбаўленым свайго сямейнага акружэння ці тым, хто аказаўся ў іншых неспрыяльных умовах.
У краіне дзецям прадастаўляецца бясплатнае медыцына, адукацыя, праезд, ільготы па аплаце за харчаванне і падручнікі, стыпендыі для студэнтаў, узнагароды для таленавітых дзяцей, дадатковая адукацыя, удзел у грамадскім жыцці краіны.
У краіне працуе створаная па ўказе Прэзідэнта Беларусі Нацыянальная камісія па правах дзіцяці. У першым квартале бягучага года яе прадстаўнікі правялі 74 прыёмы грамадзян, з іх 12 выязных. У прыёмную нацыянальнай камісіі звярнулася 40 чалавек і паступіла 13 пісьмовых зваротаў.
Падтрымка сямей з дзецьмі — нацыянальны прыярытэт у нашай краіне, адзначыла кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік. Сацыяльная абарона сям’і забяспечваецца праз дзяржаўныя дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, сямейны капітал пры нараджэнні трэцяга дзіцяці, дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, сацыяльныя паслугі, гарантыі ў сферы працы, пенсіённага забеспячэння, жыллёва-крэдытных адносінах і іншых сферах жыццядзейнасці сям’і.
— Расходы дзяржаўнага бюджэту на меры сацыяльнай абароны сямей з дзецьмі штогод складаюць звыш 3% ВУП. Усе меры садзейнічаюць таму, што колькасць шматдзетных сем’яў павялічваецца. У цяперашні час іх у краіне амаль 124 тысячы, у якіх выхоўваецца больш за 405 тысяч дзяцей, а гэта кожнае пятае дзіця, — расказала Алена Комлік.
Прыярытэт — выхаванню ў сям’і
У сістэме Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дзейнічае дзевяць інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў. У іх жыве 424 дзіцяці з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, якія маюць патрэбу ў спецыялізаваным доглядзе, 90% з іх маюць 3 ці 4 ступень страты здароўя. Асноўным крытэрыем прызначэння дзіця ў дом-інтэрнат з’яўляецца стан яго здароўя і адсутнасць па месцы жыхарства ўмоў па доглядзе і правядзенні рэабілітацыі, аказанні медыцынскай дапамогі, атрыманні адукацыі.
Паводле інфармацыі Алены Комлік, за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей-інвалідаў, якія жывуць у дамах-інтэрнатах, знізілася амаль на 30%. Кошт пражывання аднаго дзіцяці ў доме-інтэрнаце для бюджэту ў сярэднім складае 2400 рублёў у месяц. Ва ўмовах інтэрната дзецям-інвалідам аказваецца комплекс паслуг: кругласутачная медыцынская дапамога і догляд, створаны ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі ў адпаведнасці са станам іх здароўя і рэабілітацыйным патэнцыялам. Для падрыхтоўкі да самастойнага жыцця за межамі дамоў-інтэрнатаў аказваюцца паслугі суправаджальнага пражывання — у дзіцячых дамах-інтэрнатах адкрыта 10 такіх аддзяленняў.
Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дамы-інтэрнаты аказваюць паслугі сацыяльнай перадышкі. З аднаго боку, гэта магчымасць дапамагчы дзіцяці з інваліднасцю сацыялізавацца. Спецыялісты навучаюць дзіця бытавым навыкам, кантактаванню з равеснікамі, праводзяць творчыя развіццёвыя заняткі. Бацькам гэта дае магчымасць аднавіць сілы, вырашыць сямейна-бытавыя пытанні. Сацыяльная перадышка даецца на тэрмін да 56 дзён за год бясплатна, за выключэннем аплаты харчавання, што складае ад 5 да 7 рублёў за суткі. Падчас аказання гэтай паслугі за сям’ёй захоўваюцца ўсе сацыяльныя выплаты. У 2023 годзе паслугай сацыяльнай перадышкі скарысталіся 118 сем’яў з дзецьмі-інвалідамі.
Для захавання сямейных форм выхавання дзяцей з інваліднасцю ў дамах-інтэрнатах з’явілася паслуга дзённага знаходжання. Яна дапамагае забяспечыць занятасць бацькоў і догляд дзіцяці-інваліда цягам дня. У кошт гэтай паслугі таксама ўваходзіць толькі харчаванне. У цяперашні час такую паслугу атрымліваюць 34 дзіцяці на базе трох інтэрнатаў — у Гомелі, Рэчыцы і Мінску.
Адной з сацыяльных гарантый, якую забяспечвае дзяржава дзецям з інваліднасцю, з’яўляецца выдзяленне тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. З 59 найменняў сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі 51 від выдаецца дзецям-інвалідам. Трэба адзначыць, што 82% з іх, уключаючы крэслы-каляскі ўсіх тыпаў, трохколавыя веласіпеды, пратэзы, артэзы, артапедычны абутак, слухавыя апараты, выдаюцца бясплатна. Летась амаль шэсць тысяч дзяцей-інвалідаў забяспечылі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, было выдадзена дзевяць тысяч такіх сродкаў.
Першыя ўласныя грошы
Важнай мерай сацыяльнай падтрымкі з’яўляецца забеспячэнне занятасці навучэнцаў. Атрымаць працоўныя навыкі можна цягам усяго года. Так, у студзені—красавіку бягучага года для арганізацыі часовай занятаці моладзі заключаны дагаворы з 612 наймальнікамі з выкарыстаннем сродкаў бюджэту фонду і працаўладкавана 6,7 тысячы навучэнцаў, у тым ліку 213 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў, якія стаялі на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх ці ўнутрышкольным уліку.
Усяго ў 2024 годзе плануецца працаўладкаваць не менш за 40,5 тысячы маладых грамадзян. У цяперашні час органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне фарміруецца пералік арганізацый, якія без фінансавай падтрымкі дзяржавы гатовы прымаць на работу моладзь. Яны размяшчаюцца і падтрымліваюцца ў актуальным стане на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці. Асобна прадстаўлены вакансіі для непаўналетніх. Пра магчымасць забяспечыць часовую занятасць моладзі, якая вучыцца, ужо заявілі амаль 1,5 тысячы арганізацый, якія гатовы прадставіць каля 14 тысяч вакансій, у тым ліку больш за восем тысяч — для непаўналетніх.
Для моладзі рэгулярна праводзяцца кірмашы вакансій
— З 22 да 26 красавіка гэтага года ва ўсіх рэгіёнах прайшоў ІІ Рэспубліканскі кірмаш вакансій для моладзі. Усяго ж праведзена 280 кірмашоў вакансій, амаль тры тысячы наймальнікаў прапанавалі каля 34 тысяч вакансій. У іх прынялі ўдзел 46 тысяч маладых грамадзян, з іх кожны чацвёрты дамовіўся аб працаўладкаванні, — падзялілася Алена Комлік.
Інфармацыя аб магчымым працаўладкаванні размяшчаецца на інтэрнэт-сайтах мясцовых распарадчых органаў, устаноў адукацыі, у сацыяльных сетках і бацькоўскіх чатах. Атрымаць кансультацыю па пытаннях часовай працоўнай занятасці можна, патэлефанаваўшы на гарачую лінію службы занятасці ў сваім рэгіёне.
— У рэйтынгу пераваг моладзі работы па добраўпарадкаванні (азеляненне і прыбіранне тэрыторый), рамонтна-будаўнічыя работы (рамонт спартыўных пляцовак, інвентару, вучэбных дапаможнікаў і кніг, школьнай мэблі і кабінетаў), сельскагаспадарчыя работы (вырошчванне гародніны, уборка збожжавых культур, пасадка расады, праполка ўраджаю). У якасці падсобных рабочых моладзь працуе ў лясгасах, будаўнічых арганізацыях. Самае галоўнае, што патрэбна школьніку, каб уладкавацца на работу, — жаданне працаваць, а служба занятасці ў гэтым дапаможа, — рэзюмавала прадстаўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 31 траўня 2024
Ссылка на источник:
Якую падтрымку аказвае дзяржава дзецям?