2024 год быў для краіны няпростым. Але мы пераадолелі ўсе цяжкасці і сустракаем Новы год з упэўненасцю ў заўтрашнім дні і пад мірным небам. Адзіны народ на чале з моцным агульнанародным лідарам — менавіта так цяпер успрымаецца Беларусь і беларусы ў міжнароднай супольнасці.
2024-ы быў багаты на яркія падзеі ў жыцці краіны і грамадства. Адбыліся значныя змены ў палітычнай сістэме дзяржавы: запрацавалі змяненні, унесеныя ў Канстытуцыю на ўсенародным рэферэндуме. Самому Асноўнаму Закону споўнілася 30 гадоў. Першы грамадзянін незалежнай Беларусі паляцеў у космас. Мы адзначылі самае важнае свята — юбілей вызвалення ад фашыстаў. З узмацненнем санкцыйнага ціску на Беларусь з боку калектыўнага Захаду ў нашай краіны з’явілася неабходнасць аб’ектыўна даносіць да сусветнай грамадскасці сваю пазіцыю і ўзаемадзейнічаць на альтэрнатыўных пляцоўках. Новымі пунктамі апоры Беларусі ў свеце сталі буйныя інтэграцыйныя аб’яднанні.
Згадаем гэтыя падзеі праз іх храналогію і цытаты кіраўніка краіны. Нам ёсць чым ганарыцца. Нам ёсць куды ісці наперад па гэтым шляху — шляху развіцця і стваральнай працы.
Роля парламента будзе павышацца. Штомесяц, штогод. Частку паўнамоцтваў мы ўжо перадаём парламенту і іншым органам улады. Ідзе пэўная перабудова, пакаленні мяняюцца. Мы заўсёды казалі, што ўсюды ўсе працэсы павінны насіць эвалюцыйны характар. Калі пайсці рэзка — таксама можна зараз, але гэта рэвалюцыя. Мы спакойна ідзём, мадэрнізуючы сваю сістэму.
Адзіны дзень галасавання. 25 лютага 2024 года
Унікальны выпадак: канкрэтная дата — 25 лютага 2024 года — запісана ў новай рэдакцыі нашай Канстытуцыі, прынятай на ўсенародным рэферэндуме ў лютым 2022-га. Дата, якая знамянуе значную рэфармацыю палітычнай сістэмы Беларусі, дата адзінага дня галасавання. У гісторыі нашай незалежнай дзяржавы ён праводзіўся ўпершыню — калі адначасова грамадзяне краіны выбіралі дэпутатаў усіх ступеняў прадстаўніцтва — ад Палаты прадстаўнікоў да сельскіх Саветаў. Выбары былі незвычайныя нават у практычным плане: замест аднаго бюлетэня людзі атрымлівалі па два, па тры, а жыхары сельскай мясцовасці — па чатыры (па колькасці заканадаўчых органаў, у якія выбіралі сваіх прадстаўнікоў).
Выбары і галасаванне забяспечвалі 6805 выбарчых камісій. У іх склад уключаны 66 692 чалавекі. У краіне працавалі 45 505 нацыянальных і 294 замежныя (міжнародныя) назіральнікі.
У адзіны дзень галасавання выбрана 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 12 511 дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яўка выбаршчыкаў склала 73,1 %. Яўка сярод моладзі, якая галасавала ўпершыню, склала каля 77 %.
30-годдзе Канстытуцыі Беларусі і інстытута прэзідэнцтва. 15 сакавіка 2024 года
Упэўнены, захаванне канстытуцыйных норм і прынцыпаў, адказнасць кожнага беларуса за лёс Айчыны будуць і надалей спрыяць дынамічнаму развіццю нашай дзяржавы.
Сёлета споўнілася 30 гадоў, як была прынята першая ў перыяд незалежнасці Беларусі Канстытуцыя, якая стала сапраўды народным дакументам. Дзякуючы Асноўнаму Закону, удасканаленаму на рэферэндумах воляй большасці беларусаў, створаны ключавыя інстытуты дзяржаўнай улады, гарантаваны правы і свабоды грамадзян.
Гэты дакумент сапраўды лёсавызначальны для нашай краіны і шмат у чым вызначае ход нашай гісторыі. Ён — голас народа, аддадзены за пераемнасць найлепшых традыцый мінулай эпохі, — стаў залогам захавання міру і згоды ў грамадстве. Беспрэцэдэнтны давер грамадзян Беларусі палітычнай сістэме даў магчымасць пабудаваць стабільную і незалежную дзяржаву.
А замацаваныя ў Асноўным Законе фундаментальныя каштоўнасці, такія як сацыяльная справядлівасць, традыцыйная сям’я, гістарычная праўда, дапамагаюць нам пераадольваць сучасныя выклікі і ўпэўнена глядзець у будучыню.
Юбілей Канстытуцыі — гэта адначасова і 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў краіне. За час яго існавання грамадзяне Беларусі з’ядналіся як нацыя і адчуваюць адзінства з усімі жыхарамі краіны, у тым ліку прыезджымі. Таксама ў грамадстве склалася разуменне сутнасці дзяржаўнага ладу з выразным размеркаваннем функцый галін улады. Важна і тое, што акрэсліліся найбольш эфектыўныя каналы ўзаемадзеяння па лініі «ўлада — грамадства».
Менавіта праз інстытут прэзідэнцтва выбудавалася стаўленне да дзяржавы як да гаранта справядлівасці, забеспячэння роўных правоў і магчымасцяў для ўсіх грамадзян, абаронцы ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Пры гэтым у фармаце дзяржаўнага кіравання моцная персаніфікаваная ўлада ментальна бліжэй для беларускіх грамадзян: сацыялагічныя апытанні сведчаць, што галоўныя надзеі на дабрабыт і паспяховае развіццё краіны беларусы звязваюць у першую чаргу з Прэзідэнтам, а потым ужо з рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады.
Палёт Марыны Васілеўскай — першага касманаўта незалежнай Беларусі. 23 сакавіка — 6 красавіка 2024 года
Марына сярод дзвюх імперый — расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы. Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны. Народ наш гэта заслужыў.
За палётам у космас Марыны Васілеўскай два вясновыя тыдні з цікавасцю і хваляваннем сачыла без перабольшвання ўся краіна. Чаго быў варты адменены аўтаматыкай за некалькі секунд да старту пуск ракеты, які быў перанесены на два дні пазней. Але наша Марына паводзіла сябе надзвычай спакойна і вытрымана ў гэтай няштатнай сітуацыі. Пасля яна два тыдні працавала на МКС нароўні са сваімі таварышамі па экіпажы Героем Расіі ўраджэнцам Беларусі Алегам Навіцкім і астранаўткай NASA амерыканкай Трэйсі Дайсан.
А мы ўжо з гонарам гаварылі аб тым, што Беларусь цяпер — паўнапраўная касмічная дзяржава. За прызямленнем экіпажа таксама сачылі з хваляваннем, ведаючы, што гэта, як і ўзлёт, адзін з самых небяспечных момантаў. Прэзідэнт Беларусі назіраў за адстыкоўкай карабля ў прамым эфіры, а пасля на пытанне журналісткі, ці хваляваўся ён, адказаў так: «Калі твае дзеці будуць у космасе, зразумееш, што такое грамадзянка Беларусі, грамадзянін Беларусі ў космасе»... Марына адчувала, што на Радзіме ганарацца і перажываюць за яе, і першыя словы, якія яна вымавіла на зямлі, былі: «Беларусь, дзякуй за падтрымку!»
Гэты палёт не мог спраўдзіцца без айчынных напрацовак і тэхналогій у гэтай сферы. «Калі б не было развіцця космасу ў Беларусі, з намі ніхто б не размаўляў. Нам бы ніхто і не прапанаваў ляцець у космас», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі, на якой уручаў першаму касманаўту нашай незалежнай краіны найвышэйшую ўзнагароду — Зорку Героя Беларусі.
VІІ Усебеларускі народны сход. 24–25 красавіка 2024 года
Сённяшняя падзея фактычна дзеліць гісторыю палітычнага жыцця краіны на да і пасля. І гэта — эвалюцыйны рух і развіццё.
Гістарычнасць моманту вызначаюць не толькі новы статут, новыя функцыі, новыя паўнамоцтвы дэлегатаў. Важна не што, а як мы робім — як удасканальваем мадэль палітычнага ладу. Не ламаючы ўклад, не адмаўляючыся ад традыцый — эвалюцыйна, па-беларуску ўзважана, без рэзкіх рухаў, абапіраючыся на меркаванне большасці.
Хоць Усебеларускі народны сход, які адбыўся вясной гэтага года, і лічыцца намінальна сёмым, яго, не баючыся памыліцца, можна назваць першым, а дні яго правядзення — гістарычным. Упершыню пасяджэнне сходу праходзіла ў яго новым канстытуцыйным статусе — найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, якому падпарадкоўваюцца ўсе галіны ўлады, меркаванне якога павінен улічваць і кіраўнік дзяржавы. Рашэнні Усебеларускага народнага сходу з’яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў. Як трапна заўважыў Прэзідэнт: «Славянскае веча ў яго сучасным абліччы». Сярод 1200 дэлегатаў сходу, якія будуць у гэтым скліканні працаваць пяць гадоў, — прадстаўнікі ўсіх галін улады, мясцовых Саветаў, грамадзянскай супольнасці.
Менавіта падчас правядзення сходу прагучалі і шырока распаўсюдзіліся словы «Час выбраў нас!»
Старшынёй Усебеларускага народнага сходу быў выбраны дзеючы Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Дэлегатамі сходу былі прыняты найважнейшыя для жыцця і бяспекі краіны дакументы — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. «У гэтых дакументах нашы памкненні і спадзяванні, беларускі шлях у сучасным вельмі небяспечным і неспакойным свеце», — адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка.
Праект Канцэпцыі да яго прыняцця абмяркоўваўся на 80 дыялогавых пляцоўках. Тэкст Канцэпцыі быў абноўлены на 70 працэнтаў. З’явілася абсалютна новае паняцце — «электаральны суверэнітэт». Вызначэнне нацыянальных інтарэсаў дапоўнена прыярытэтным палажэннем Канстытуцыі аб грамадскай згодзе, непахіснасці асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы. Адкарэктаваны паняцці пагрозы і крыніцы пагрозы нацыянальнай бяспецы, упершыню дадзены вызначэнні рызыкі і выкліку нацыянальнай бяспецы. Сярод пераліку сфер, з якіх складаецца наша нацыянальная бяспека, з’явілася новая — біялагічная бяспека.
80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 3 ліпеня 2024 года
Роўна 80 гадоў таму, 3 ліпеня 1944 года, адгрымелі апошнія баі за сталіцу нашай Беларусі. Але гэтыя залпы і цяпер адгукаюцца рэхам у нашай гістарычнай памяці. І мы ведаем, што павінны зрабіць усё, каб пранесці гэтую памяць праз стагоддзі.
У ёй шмат болю і пакут, цярпення і мужнасці, подзвігаў і ўрачыстасці справядлівасці. У ёй сотні тысяч імёнаў герояў. У ёй сіла нацыі спадчыннікаў пераможцаў.
Увесь адыходзячы год прайшоў пад знакам 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад «карычневай» чумы. Гэта сапраўды вялікая дата і вялікая падзея. Бо тут, на беларускай зямлі, вырашалася будучыня многіх народаў. У гэтай лёсавызначальнай бітве сышліся фашысты з усёй Еўропы і воіны вялікай шматнацыянальнай Чырвонай Арміі. Гэта была бітва за свабоду і будучыню нашага народа, за свабоду і будучыню народаў усяго кантынента. Гэта быў значны і ўпэўнены крок да Вялікай Перамогі.
І, адзначаючы гэтую дату, мы аддаём абавязак памяці савецкім салдатам, якія стаялі да смерці ў Брэсцкай крэпасці, пад Мінскам і Магілёвам, Полацкам і Гомелем, Оршай і Быхавам... Мы схіляемся перад подзвігам савецкіх жанчын, старых і дзяцей, якія змагаліся нароўні з мужчынамі і працавалі ў тыле. Мы схіляем галовы перад светлай памяццю мірных ахвяр і загінулых герояў. Гэта мільёны людзей. Страшная цана нашай свабоды і незалежнасці.
Сёння як ніколі важна памятаць самы галоўны ўрок Вялікай Айчыннай вайны: нацызм — гэта абсалютнае зло. Злачынствам нацыстаў няма і не можа быць апраўдання і прабачэння. Ні тады, ні цяпер, ні ў будучыні. Пра гэта павінны памятаць тыя, хто зноў сее варожасць паміж народамі, спрабуючы ўцягнуць іх у новую крывавую бойню.
Цяперашняе пакаленне будуе сваю будучыню, абапіраючыся на мужнасць ветэранаў, якія сталі прыкладам самаахвярнага служэння Радзіме, сімвалам адданасці Беларусі. Сёння ў краіне пражывае каля 8,4 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў канцлагераў, членаў сем’яў ваеннаслужачых (партызан, падпольшчыкаў), якія загінулі ў гады вайны. Усе яны ахоплены клопатам з боку дзяржавы: у краіне дзейнічае эфектыўная сістэма льгот і адраснай сацыяльнай падтрымкі ветэранаў. Гэта дзяржаўныя льготы ў сферы аховы здароўя і санаторна-курортнага лячэння, па праездзе, у жыллёвай сферы і шэраг іншых.
Паўнавартаснае членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 4 ліпеня 2024 года
Найлепшым адказам на выклікі ў глабальнай палітыцы будуць нашы адзінства і згуртаванасць. Для гэтага мы павінны кансалідавацца на той прасторы, якая з’яўляецца зонай адказнасці арганізацыі (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва). Менавіта такі падыход вызначае неабходнасць стварэння вялікай Еўразіі.
Адпаведнае рашэнне было падпісана падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Астане. Такім чынам, Беларусь стала паўнавартасным, дзясятым па ліку членам «сям’і ШАС».
Аналагічным статусам у арганізацыі валодаюць Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.
«ШАС для Беларусі не проста міжнародная арганізацыя. Гэта стратэгічная перспектыва. Перш за ўсё ў гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным узаемадзеянні, развіцці транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры», — падкрэсліў на саміце Аляксандр Лукашэнка.
З уступленнем Беларусі ў ШАС пашыраецца не толькі геаграфія гэтай арганізацыі, але і сфера яе ўплыву. Краін-заснавальніц было шэсць, і ў момант станаўлення былі толькі пытанні бяспекі. Зараз на парадку дня вялікі блок эканамічных кірункаў сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва — гэта ўсе тыя сферы, якія актуальныя і для Беларусі. Для краіны адкрываюцца вельмі сур’ёзныя гарызонты.
Цяпер Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва аб’ядноўвае 10 дзяржаў-членаў з тэрыторыяй каля 36 млн кв. км, насельніцтвам звыш 3,4 млрд чалавек. Доля арганізацыі ў сусветным ВУП складае каля 1/4, у міжнародным гандлі — перавышае 15 %.
Беларусь — краіна-партнёр БРІКС. 24 кастрычніка 2024 года
БРІКС — гэта супольнасць будучыні. Па сваім патэнцыяле яна можа наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду, які аказаўся няздольным несці адказнасць за цывілізаванае развіццё міжнародных адносін. У сілах дзяржаў — удзельніц БРІКС зрабіць так, каб рэальныя рычагі ўплыву перайшлі ў рукі прагрэсіўнай сусветнай большасці.
На саміце БРІКС у расійскай Казані ў кастрычніку 2024 года была прапанавана новая катэгорыя дзяржаў, якія маюць дачыненне да БРІКС, — 13 дзяржаў, у іх ліку Беларусь, атрымалі статус «краін — партнёраў БРІКС».
Зараз у аб’яднанне ўваходзяць дзевяць дзяржаў (Саудаўская Аравія пакуль не пацвердзіла свой статус): Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднева-Афрыканская Рэспубліка, Іран, ААЭ, Егіпет, Эфіопія. Асноўнай мэтай міждзяржаўнага аб’яднання можна назваць развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, умацаванне палітычных сувязяў паміж краінамі-ўдзельніцамі і садзейнічанне рэформам у міжнародных фінансавых інстытутах.
Доля краін БРІКС у сусветным валавым унутраным прадукце (ВУП) ужо перавышае паказчык Групы сямі (G7) і працягвае расці.
Доля краін БРІКС па выніках 2023 года ў сусветнай эканоміцы склала рэкордныя 35,7 працэнта, павялічыўшыся за год на 0,6 працэнтнага пункта. У 2006 годзе з моманту стварэння аб’яднання ўдзельная вага яго вырасла на 10,2 працэнтнага пункта ў эканоміцы.
Дарэчы, як паведамляе МЗС Расіі, з 1 студзеня 2025 года Беларусь афіцыйна стане партнерам БРІКС. Да арганізацыі далучаюцца таксама Балівія, Інданезія, Казахстан, Куба, Малайзія, Тайланд, Уганда, Узбекістан. Акрамя гэтых дзевяці краін, яшчэ чатыры дзяржавы атрымалі запрашэнне стаць партнёрамі БРІКС.
Старшынство ў Еўразійскім эканамічным саюзе. 26 снежня 2024 года
Наш саюз яшчэ досыць малады, але ў яго развіццё ўжо ўкладзена вельмі шмат сіл, энергіі і сродкаў. Мы ў адказе за тое, каб ён і далей развіваўся на карысць нашых народаў і на справе стаў бы сапраўдным полюсам эканамічнага прыцягнення ў сучасным свеце. Я абсалютна перакананы, гэта нам па сілах.
Менавіта ў гэты дзень пад Санкт-Пецярбургам адбылося пасяджэнне Вышэйшага савета Еўразійскага эканамічнага саюза, на якім старшынство перайшло Беларусі. Адзначым, что ў складе саюза — пяцёрка асноўных удзельнікаў — Беларусь, Расія, Казахстан, Арменія, Кыргызстан — і некалькі краін-назіральнікаў — Азербайджан, Куба і Малдова.
Да канца першага дзесяцігоддзя свайго існавання ЕАЭС падышоў са значнымі якаснымі і колькаснымі паказчыкамі. Сёння саюз — гэта агульны рынак, які аб’ядноўвае пяць краін з насельніцтвам больш за 184 мільёны чалавек. За час свайго існавання сукупны ВУП краін Саюза вырас з 1,6 да 2,5 трыльёна долараў у эквіваленце. У два разы — аб’ём узаемнага гандлю, а тавараабарот з трэцімі краінамі павялічыўся на 60 працэнтаў — з 579 да 923 мільярдаў долараў.
Ссылка на источник:
Беларусь-2024: на шляху ўпэўненага развіцця