
Не прызнаць нашы выбары ў ЕС хацелі з помпай і гучна — у выглядзе сумеснай заявы краін Еўрапейскага саюза. Але, як кажуць, штосьці пайшло не так: Венгрыя заблакавала прыняцце адпаведнага рашэння. Таму пазіцыю ЕС вымушаны былі агучваць толькі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі і еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства...
Тым не менш, нават у такім куцым апублікаванні заява краін ЕС не прайшла незаўважанай і атрымала годны адказ ад нашага знешнепалітычнага ведамства.
«Са шкадаваннем адзначаем працяг беспадстаўнай крытыкі Беларусі з боку асобных заходніх краін з выкарыстаннем клішаваных цэтлікаў і санкцыйных пагроз, — адзначылі ў МЗС Беларусі. — Вымушаны канстатаваць, што гэта заява наўмысна скажае факты, не ўлічвае аб’ектыўных рэалій у Беларусі і свеце. Прычым такая рыторыка выкарыстоўваецца на фоне ўласных сістэмных праблем, нарастальнай унутранай раз’яднанасці, дэградацыі пазіцый на міжнароднай арэне так званага калектыўнага Захаду».
У МЗС заявілі: «Працяг і нарошчванне санкцыйнага ціску, тупіковасць і контрпрадукцыйнасць якога ўжо даўно не выклікае сумненняў, не паўплывае на выбраны грамадзянамі Беларусі курс».
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю выданню «Известия» выказаўся з гэтай нагоды больш катэгарычна: «Яны даўно ўжо зразумелі, як развіваецца сітуацыя ў нашай краіне, наколькі праводзіцца стабільная сацыяльна-палітычная і эканамічная лінія і што ва ўмовах прадастаўлення грамадзянам рэальнага выбару пераможа дзейны кіраўнік дзяржавы. Але гэта ў іх планы ж не ўваходзіць», — заўважыў дыпламат.
«Сёння ўся матрыца прызнання або непрызнання выбараў у заходніх краінах зводзіцца да таго, ці перамаглі тыя кандыдаты, якія потым прывядуць тую ці іншую краіну ў зону кіравання або ўплыву калектыўнага Захаду. І калі гэта не праглядаецца, то адразу ж на гэтую дзяржаву накідваюць цэлую кучу ярлыкоў аб тым, што нібы выбары былі не свабодныя, не было плюралізму меркаванняў і гэтак далей. Нават калі сёння спакойная сітуацыя, нават калі заканадаўства дазваляе правесці гэтыя выбары і адміністрацыйна створаны ўсе ўмовы, паверце, там усё роўна знойдуць, за што зачапіцца», — сказаў Максім Рыжанкоў.
У той жа час ён падкрэсліў, што знешняе ўздзеянне не аказала ўплыву на беларусаў: «Мы самі бачылі, што ў людзей быў настрой прыйсці, прагаласаваць за захаванне той стабільнай сістэмы, якая ёсць у краіне. Як гаворыць Прэзідэнт, мы праводзім выбары для нашага народа. І вось самы галоўны паказчык паспяховасці выбараў — гэта наш народ. Той працэнт, які прыйшоў на ўчасткі, і той працэнт, які прагаласаваў за дзейнага Прэзідэнта нашай краіны».
Асабліва істэрычна з нагоды беларускіх выбараў і ўвогуле ў адносінах да нашай краіны ў ЕС паводзяць сябе нашы суседзі. «Польшча, Літва, Латвія — гэтыя краіны сябе паводзяць як увогуле прайграўшыя гульцы, якія пры гэтым у апошнія гады ставяць на пройгрыш Расіі і нашай рэспублікі, — ацэньвае іх паводзіны Максім Рыжанкоў. — Але штораз іх стаўка прайграе, яны ўсё больш падстаўляюць свае народы, пагаршаюць становішча сваіх краін, эканамічна адводзяць свае дзяржавы ад нармальнага развіцця, ад нармальных партнёраў, такіх як Расія, Беларусь, Кітай, краіны СНД».
Пры гэтым ступень кіпення ў Польшчы, Літве і Латвіі, заявіў міністр, кожны раз нарастае, нервовасць павялічваецца. У прыклад ён прывёў апошнія заявы міністра замежных справаў Польшчы.
«Навошта тады такі істэрызм, такі эмацыйны надрыў у вашых ацэнках сітуацыі? Значыць, не атрымліваецца нешта, значыць, ёсць у польскіх, літоўскіх, латышскіх палітыкаў разуменне таго, што рана ці позна давядзецца адказваць за страчаныя гады супрацоўніцтва з Расіяй, Беларуссю, Кітаем, якія б далі ім прыстойны імпульс у развіцці гандлёваэканамічнага становішча, у стварэнні працоўных месцаў», — перакананы кіраўнік МЗС.
Тым часам многія краіны ядра старой Еўропы праяўляюць усё большую цікавасць да аднаўлення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з нашай краінай, заўважыў Максім Рыжанкоў.
«Гэта бачна па правядзенні розных мерапрыемстваў паміж прадпрымальнікамі нашых краін. Па лініі гандлёвых і прамысловых палат, палат бізнесу». Ды і тыя, хто гучней за ўсіх цяўкае на нашу краіну з-за граніцы, у баку не застаюцца.
«Нягледзячы на ўсе санкцыі, каля $8 млрд — гэта сума нашага гандлю з Еўрапейскім саюзам, — расказаў расійскаму выданню Максім Рыжанкоў. — І самае цікавае, што ў гэтай суме большасць пазіцый належыць тым дзяржавам, якія стаяць ля асноў крытыкі Беларусі і разгортваюць антыбеларускую рыторыку ў Еўрапейскім саюзе. Гэта значыць яны там заклікаюць да санкцый, кажучы аб нелегітымнасці нашай улады, а пад шумок прыгандлёўваюць?»
Што ж, як кажуць, сабакі брэшуць, а караван ідзе. Як трапна заўважыў з гэтай нагоды адзін з кандыдатаў у Прэзідэнты, «іх трайныя стандарты тырчаць з усіх шчылін». Беларусам да гэтага, як і Прэзідэнту, якога яны выбралі, «фіялетава». А вось калі іхнія ўласныя народы гэта зразумеюць, камусьці тады не пазайздросціш...
Ссылка на источник:
Максім Рыжанкоў растлумачыў, чаму ЕС узяў курс на непрызнанне выбараў у Беларусі