
Дзякуючы распрацоўкам медыкаў і ўкараненню некаторых навацый смяротнасць ад гэтай сасудзістай катастрофы ўдалося знізіць удвая — з 20 да 10 %. У прыватнасці, тут было адкрыта адзінае ў краіне аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання, куды хворыя з інсультам трапляюць адразу з прыёмнага пакоя. Такая рэарганізацыя дазволіла не толькі дасягнуць зніжэння паказчыка лятальнасці, але і дапамагла сэканоміць каля 300 тысяч рублёў у год.
Трапіць у «тэрапеўтычнае акно»
Штогод у стацыянары з вострым інсультам паступае звыш 40 тысяч чалавек. У краіне гэта адна з трох асноўных прычын смяротнасці. Акрамя таго, захворванне часта становіцца прычынай інваліднасці. У сталіцы штогод каля 7,5-8 тысяч пацыентаў з інсультамі.
У асноўным пераважаюць ішэмічныя — іх пераносяць каля 35 тысяч чалавек, каля пяці тысяч штогод атрымліваюць гемарагічныя інсульты, каля тысячы — разрыў анеўрызмы. Распрацоўкі беларускіх медыкаў дазваляюць дапамагаць большасці з іх, пастаянна зніжаючы смяротнасць.
Каля дзвюх тысяч пацыентаў з інсультам штогод паступаюць у Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, акрамя таго, мінчан лечаць яшчэ ў дзвюх сталічных клініках. Усе ўстановы — экспертнага ўзроўню, а значыць, прымяняюць усе магчымыя спосабы лячэння вострага інсульту.
— За апошнія гады мы зрабілі вырашальны крок наперад і з’яўляемся драйверам росту для ўсёй краіны, — адзначае загадчык аддзела неўралогіі і нейрахірургіі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па ангіянеўралогіі Міністэрства аховы здароўя Сяргей Марчанка. — Толькі 30 % пацыентаў звяртаюцца па медыцынскую дапамогу своечасова, хацелася б, каб іх было больш. На жаль, людзі дрэнна ведаюць сімптомы гэтага захворвання.
Калі брыгада хуткай дапамогі падазрае інсульт, і пацыент знаходзіцца ў так званым тэрапеўтычным акне — ад пачатку захворвання прайшло не больш за 4,5 гадзіны — адпаведнае паведамленне паступае на службовы тэлефон дзяжурнаму ўрачу-неўролагу, які сустракае пацыента ў прыёмным аддзяленні. Там яго абследуюць, у тым ліку праводзяць КТ, лабараторныя аналізы і максімальна хутка пачынаюць лячэнне.
Далей пацыента пераводзяць у аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання. Па колькасці і якасці абсталявання яно, дарэчы, падобнае на аддзяленне рэанімацыі. Тут пацыент знаходзіцца ад 24 да 72 гадзін, кваліфікаваны персанал сочыць за яго станам і аказвае дапамогу. Гэта аддзяленне на базе МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі пакуль адзінае ў краіне. Пілотны праект быў рэалізаваны Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
— Усе пацыенты, нават тыя, у каго неўралагічныя сімптомы ўжо зніклі, шпіталізуюцца ў гэта аддзяленне. Яны ўсё роўна маюць патрэбу ў медыцынскім назіранні, бо рызыка, што сімптаматыка на працягу найбліжэйшых дзён вернецца, на жаль, велізарная. Хворыя пры неабходнасці адразу атрымліваюць трамбалітычную тэрапію і застаюцца жывымі. За два гады існавання аддзялення смяротнасць удалося знізіць удвая. У 2021 годзе колькасць тромбаэкстракцый і трамбалізісаў пры інсультах складала 3,3 %, летась ужо — 26,5 %. Наш праект літаральна на мінулым тыдні прызнаны паспяховым, і хочацца спадзявацца, што такія аддзяленні з’явяцца па ўсёй краіне, — адзначае Сяргей Марчанка.
Летась у краіне тромбаэкстракцыі атрымалі 653 пацыенты, у тым ліку 330 — у бальніцах Мінска, 130 — у МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Яшчэ некалькі гадоў таму іх было ўсяго некалькі дзясяткаў на ўсю краіну.
— Гэта сур’ёзная дынаміка, менавіта таму мы лічым сябе драйверамі росту і запрашаем да сябе на павышэнне кваліфікацыі калег з іншых клінік, — адзначае Сяргей Марчанка.
Адны суткі знаходжання ў рэанімацыі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі каштуюць ад 950 да 2500 рублёў. Дзякуючы функцыянаванню аддзялення кароткатэрміновага знаходжання, удаецца сэканоміць каля 300 тысяч рублёў у год.
Чаму ўзнікае парушэнне кровазвароту?
Інсульт не здараецца ў здаровых людзей. Да вострага парушэння кровазвароту ў галаўным мозгу пацыент ідзе ўсё сваё жыццё, нездаровае харчаванне — у ліку тых фактараў, якія прыводзяць да негатыўных вынікаў.
Як адзначыў намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Калачык, фарміраванне паталогій сасудаў галаўнога мозгу адбываецца кожны дзень пры невыкананні пэўных правіл, патрабаванняў нармальнай жыццядзейнасці.
— Паверце мне, ні ў адной краме, ні ў адным супермаркеце маркетолагі, расстаўляючы тавары на паліцах, не думаюць аб прафілактыцы паражэння сасудаў галаўнога мозгу і недапушчэнні інфаркту галаўнога мозгу. На бачных месцах на паліцах супермаркета стаяць не самыя карысныя прадукты, ежа з высокім утрыманнем солі і тлушчаў, — адзначыў Алег Калачык.
Ён звярнуў увагу, што ў адрозненне ад інфаркту міякарда, інсульт часта не баліць. Пацыент можа нейкі час не звяртаць увагу, што аслабла канечнасць, з’явіліся праблемы з маўленнем, «мушкі» перад вачыма. А пасля нярэдка наступае такі стан, калі хворы ўжо не можа самастойна выклікаць хуткую дапамогу.
Можа здарыцца і ў маладых
Сярод асноўных сімптомаў інсульту — перакошанасць твару, парушэнне маўлення, якія ўзнікаюць раптоўна, слабасць у руцэ ці назе. Аднаго з гэтых сімптомаў дастаткова, каб забіць трывогу і звярнуцца па дапамогу, ну а ўсе адразу амаль стапрацэнтна сведчаць пра сасудзістую катастрофу.
Каля 95 % пацыентаў з інсультам — гіпертонікі, кожны другі мае цукровы дыябет, парушэнні рытму сэрца ці парушэнні ліпіднага абмену (высокі халестэрын). Каб засцерагчыся ад інсульту, такія хворыя павінны сачыць за ўзроўнем ціску, цукру, халестэрыну.
Пераважная большасць пацыентаў з інсультамі — людзі непрацаздольнага ўзросту, каля 5 % — да 45 гадоў. Самай юнай пацыенткай МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі была 15-гадовая дзяўчынка.
— Гэта цяжкая гісторыя для ўрачоў. Пацыентка паступіла з парушэннямі маўлення, слабасцю ў канечнасцях, і на вачах урачоў гэта сімптаматыка нарастала. Ні ў адным пратаколе не прапісана прымяненне рэперфузійнай тэрапіі ў непаўналетніх. Выхадны дзень — параіцца няма з кім.
Аднак нашы ўрачы зрабілі ўсё як і належыць, у выніку дзяўчынка выжыла і выпісалася ад нас здаровай, — расказаў Сяргей Марчанка.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 2 сакавіка 2025
Ссылка на источник:
Беларускія медыкі ўдвая знізілі смяротнасць ад інсульту