Указ
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
№ 466
Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь
У мэтах развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі, з якімі ў Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць мытны кантроль і мытнае афармленне, стварэння ўмоў для рэалізацыі ў гэтых краінах тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь:
1. Устанавіць, што:
1.1. банкам – нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь кампенсуецца Рэспублікай Беларусь частка працэнтаў па крэдытах, што выдаюцца імі не больш як на 5 гадоў (далей - банкаўскія крэдыты) і выкарыстоўваюцца крэдытаатрымальнікамі - нерэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь у 2009-2010 гадах для набыцця ў дзяржавах, з якімі ў Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць мытны кантроль і мытнае афармленне, тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на гэтыя мэты (далей - кампенсацыя працэнтаў);
1.2. кампенсацыя працэнтаў ажыццяўляецца на падставе дагавороў, што заключаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь у асобе ўпаўнаважанага рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання з кожным з банкаў - нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь. У гэтых дагаворах вызначаюцца ўмовы крэдытавання, працэнты, што спаганяюцца банкам - нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь за карыстанне банкаўскімі крэдытамі, парадак кампенсацыі працэнтаў. Пры гэтым гранічны памер працэнтаў, што кампенсуюцца, не можа перасягаць стаўкі рэфінансавання (пры яе адсутнасці - стаўкі, якая яе замяняе), устаноўленай у дзяржаве, на тэрыторыі якой набываюцца тавары, вырабленыя ў Рэспубліцы Беларусь, што дзейнічае на дату, вызначаную ў дагаворах, якія заключаюцца;
1.3. кампенсацыя працэнтаў ажыццяўляецца шляхам пералічэння Міністэрствам фінансаў банкам - нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь грашовых сродкаў праз спецыяльныя рахункі банкаў - рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь (банкаў-агентаў) з выплатай ім узнагароджання ў памерах, што прадугледжваюцца ў дагаворах, якія заключаюцца ў адпаведнасці з падпунктам 1.2 гэтага пункта, але не больш за 0,02 працэнта сумы, што падлягае кампенсацыі Рэспублікай Беларусь;
1.4. пералік арганізацый і тавараў, што вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, на набыццё якіх у дзяржавах, з якімі адсутнічаюць мытны кантроль і мытнае афармленне, выдаюцца банкаўскія крэдыты, пералік банкаў - рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь (банкаў-агентаў), праз спецыяльныя рахункі якіх Міністэрствам фінансаў ажыццяўляецца пералічэнне банкам - нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь грашовых сродкаў для кампенсацыі працэнтаў, а таксама палажэнне аб парадку ўзаемадзеяння рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і банкаў пры рэалізацыі гэтага Указа зацвярджаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;
1.5. сумы кампенсацыі працэнтаў не адносяцца на знешні дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь;
1.6. сумы кампенсацыі працэнтаў банкам - нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, што прадугледжваюцца ў дагаворах, якія заключаюцца ў адпаведнасці з падпунктам 1.2 гэтага пункта, і няўстойкі ў выпадку затрымкі яе пералічэння не абкладаюцца падаткам на даходы.
2. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
зацвердзіць палажэнне аб парадку ўзаемадзеяння рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і банкаў пры рэалізацыі гэтага Указа;
пры падрыхтоўцы нарматыўнага прававога акта аб удакладненні асобных паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту на 2009 год і фарміраванні рэспубліканскага бюджэту на 2010-2015 гады прадугледжваць сродкі для кампенсацыі працэнтаў у адпаведнасці з гэтым Указам і выплаты ўзнагароджання банкам - рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (банкам-агентам);
прыняць іншыя меры па рэалізацыі гэтага Указа.
3. Гэты Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Прэзідэнт
Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка.
24 верасня 2009 г.
г.Мінск.
Ссылка на источник:
Указ аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь