Жыў у нашай ваколіцы ляснік. Аднойчы
ўлетку сенаваў ён непадалёку ад лесу. Цэлы дзень завіхаўся, але да
заходу сонца так і не паспеў завяршыць апошні стог. Змарыўся, а дахаты
далёка - ня хочацца ісці. Надумаўся заначаваць у сене. Памаліўся Богу,
павячэраў і заваліўся на бок. Толькі заплюшчыў вочы, чуе - ў суседняй
вёсцы шчанюк брэша. Як званок заліваецца, спаць не дае. Потым рантам па
лесе - трэсь, трэсь, трэсь - быццам хтосьці бяжыць. Падняў галаву
ляснік - аж дух заняло. Гоніць па лесе Лесавік зграю
ваўкоў. Выгнаў на луг і пытаецца:
- Чуяце, як шчанюк заходзіцца?
- Чуем, - адказваюць ваўкі.
- Дык запомніце, - кажа Лесавік, - калі да года яго ня задушыце, дык ён
вас тады ўсіх перадушыць.
Сказаў так і пагнаў далей воўчую зграю.
Пераначаваў на лузе ляснік, а назаўтра раненька
пабег у вёску. Прыбег і давай пытацца у людзей, чый гэта шчанюк ўсю ноч
навылет гаўкаў. Пытаўся, пытаўся - і дапытаўся. Прыходзіць нарэшце да
гаспадара сабакі:
- Прадай мне свайго шчанюка.
- Як жа я прадам яго, - не згаджаецца гаспадар, - калі ён такі ўдалы,
як званок заліваецца...
Доўга ўпрошваў ляснік гаспадара і купіў-такі
шчанюка - тры рублі за яго аддаў. Прывёў дахаты і адразу ў пограб
схаваў. Карміў, а на вуліцу - ня выпускаў.
Мінуў год і аднаго дня выправіўся ляснік з
маладым сабакам на паляванне. Знюхаў сабака ваўка -ўміг задушыў шэрага
разбойніка. Ўбачыў мядзведзя - і мядзведзя задушыў. Натрапіў на ласіны
след - і лася зарэзаў. Якую жыўнасць ня ўбачыць - не адпусціць жывою.
Задушыць і кіне. Надушыў дзічыны - возам не забраць!
Прысеў ляснік адпачыць, а за спіною ў яго -
трэсь, трэсь! Азірнуўся - стаіць побач Лесавік.
- Мусіць, ты летась падслухаў, - пытаецца, -
што я наказваў ваўкам зрабіць з гэтым сабакам?
Бачыць ляснік - лепш адразу прызнацца:
- Вінаваты, падслухаў...
- Мне не шкада дзічыны, калі ты яе заб`еш і спажывеш, - кажа Лесавік - А
вы ж душыце і кідаеце! Дык паслухай мяне... Каля тваёй вёскі ляжыць
вялізны камень. Пад каменем закапаны скарб. Вазьмі яго сабе. А сабаку
забі, бо ён усю жыўнасць задушыць у лесе. - Сказаў так Лесавік і
знік, быцам яго і не было.
Паклікаў ляснік сабаку. Злажыўся - бэх! бэх! - і
забіў са стрэльбы. Тады думае: дай пагляджу, адкуль у сабакі такая сіла
вялікая? Разрэзаў, паглядзеў. А ў сабакі ажно дванаццаць нырак!
Потым вярнуўся ў вёску, выкапаў ляснік пад
каменем скарб. I зажыў з таго дня прыпяваючы.
(З выдання "Заклятыя скарбы" выдавецтва фірмы "ІТЭКС" Мінск
1992)
Ссылка на источник:
Лесавік