Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам. Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
I "таўкачыкі" спяваюць і у скокі тнуцца:
"Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы..."
А Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,
Камарок за камарочкам да яго шыбае,
I пясняр з усіх найлепшы ўжо звініць ля вуха,
Як камарыка няўмысне загубіла муха.
І
Захісталася сасонка баравая,
Затужыла дзяўчынанька маладая,
Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,
А па імені - мушка-зелянушка:
"Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,
Што мяне і не сваталі ніколі?
А пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю і да краю,
Шчэлка у яблыні - пры ветры каб хавацца,
Лісць альховы - на ночку пакрывацца,
Ды да краю поўны мёдам кацялішча
3 жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.
Калі гэты мёд у місачку кладзецца,
Ажно сліна ў роце набярэцца".
Як пачуў тыя жаласці камарык -
Паскрабаў і насочак ён і тварык:
"А чаму бы мне ды з ёй не пажаніцца?
Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.
Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,
Дык у скоках затое жа рухавы..."
I схапіўся камарочак прыбірацца,
Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.
II
Прыляцела мушка дахаты,-
Аж у яе камарык насаты.
Сватоўя-хрушчы уссядаюць,
3 бацькам-маткай штось размаўляюць:
"Мы - стральцы, шукаем куніцу,
Не куніцу, але дзявіцу".
Гаманілі болей гадзіны
Ды гавораць так да дзяўчыны:
"Ці да смаку наш госць багаты?"
"Запытайце ў мамы і таты".
Тут гарэлкай усё змацавалі,
А пасля і заручын даждалі
Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны
Дарагі ручнік з павучыны,
Што яна на траўцы сцяліла
I на ясным сонцы бяліла.
У нядзелю будзе вяселле.
Захадзіў камар, як з пахмелля,-
I пяе, і скача паціху,
Ды як сыпне ураз "шырсцяніху":
"Шырсцяніха, шырсцяніха мая.
Пакахала камара-гультая.
А камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песні пяе".
III
Загудзела, расшумелася дубрава:
Аб вяселлі ў дубраве стала слава.
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсё навокала аж вочы праглядзелі.
А калі бацькам журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна:
"Ускланяюся татачцы і матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім у хатачцы.
I чаму ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?"
У каравайніцы вулітак запрасілі,
I яны дзяжу на продзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкай
Й рассылался дробным макам перад мушкай.
Матылькі - баяры, пчолачкі - баяркі -
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
А найстаршая баярачка-чмяліха
Так спявала, аж баяр пабрала ліха:
"Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць не шмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае - грыўняй ліча яе,
А хто грыўню паклаў - што рубля дараваў".
А як сыпнулі-урэзалі музыкі,
Дык узняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
А на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.
I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,
Што званіў-такі не кепска у цымбалы.
Лоўка конікі у скоках выціналі,
У гару стрыбалі, звонка падпявалі:
"Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногі доўгія -
Паламаюцца".
Гэтак скачуць - хто патроху, хто памногу.
Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.
Госці спорна п`юць-ядуць да размаўляюць.
А музыкі граюць, дыхту заўдаваюць.
Ўмела муха на вяселле запрашаці,
Ды над тое лепей ўмела частаваці.
Усяго стаяла досыць для гасціны:
Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны.
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.
Восы у шатах чорных з жоўтымі стракамі
Проста елі мушку злоснымі вачамі.
А яна ля мужа скромненька сядзела
I зялёненькай спаднічкай зіхацела.
Мураўёўна нізка звесіла галоўку,
Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.
Ўсё сцямнела, кроплі шпарка застукалі,
У дупло, дзе мушка жыла, пападалі
Пахаваліся ўсе госці у куточкі:
Так спынілася вяселле сярод ночкі.
А назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зрання,
Дык пайшлі да камара на баляванне.
I былі яшчэ нарэшце перазовы,
Каб не стала аб радзіне кепскай мовы.
IV
Абляцелі кветачкі
Не ў пару.
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
3 мушкай жыць -
Давялося беднаму
Патужыць.
Не умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
"Як я з гэтай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацікі,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?"
Паляцеў ён плакацца
У лясок,
Сеў на дуб зялёненькі
Пад лісток.
Пахіліў галовачку,
Уздыхнуў,
Песню сумна, жудасна
Зацягнуў:
"Выйду у поле ды разважу тое гора,
Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я смерць сваю спаткаю:
Ці ў моры, ці ў рэчцы, ці у ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабіты
I да краю буйным дожджыкам наліты?"
V
"Што за шум у бары ўчыніўся?"
"А камарык там з дуба зваліўся."
Грымнуў ён на зямлю з высакосці
I пабіў-паламаў сабе косці.
Цеслі дошкі з дубоў пілавалі,
Габлявалі, труну майстравалі,
Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,
Йстужкай чорнай з краёў адтачылі.
Гэй, кладуць камара ў дамавіну,
Сазываюць сяброў і радзіну.
Камары над труной затрубілі
Светлячкі лепей зорак свяцілі
"Вы паціху, музыкі, зайграйце,
Маё сэрца ўкрай не ўражайце!"
Горка мушка-ўдава галасіла,
Скорай смерці ў бога прасіла:
"Мой мужочак, а мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, ніхто над табой не заплача,
Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,
Толькі мушачка горкімі слязамі".
Палажылі дамоўку на мары,
Паняслі праз лугі да папары.
Ля дарогі магілу капалі
I у ёй камара пахавалі,
У сырую зямельку зарылі,
Зверху насып вялікі, зрабілі.
Людзі добрыя шляхам мінаюць,
Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:
"Не іначай вяльможны вандроўнік,-
Генерал, ці маёр, ці палкоўнік?"
"Не, ляжыць тут камар-камарочак,
У каторага з локаць насочак".
Максім Багдановіч Ссылка на источник:
Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык