Перад адпраўленнем у царкву ў сям`і здзяйсняліся пэўныя абрады, закліканыя аказаць дабратворны ўплыў на здароўе і будучае жыццё нованароджанага, садзейнічаць яго далучэнню да сям`і і грамады. На большай частцы тэрыторыі Беларусі асноўным месцам выканання абраду быў стол як адзін з сакральных прадметаў і месцаў хаты. Адпаведна ва усходнім Палессі і Падняпроўі ў дадзеным абрадзе часта выкарыстоўваўся кажух, які клалі разам з дзіцем на стол ці падлогу, што характэрна таксама для рускіх і украінцаў.
Святкаванне радзін (хрэсьбін) было важнай падзеяй у жыцці сям`і. Звычайна урачыстасць пачыналася у суботу. Шматлікія абрадавыя элементы святкавання радзін у канцы XIX - пачатку XX ст. выяўляюць генетычную сувязь са старажытнымі звычаямі і абрадамі, але ў цэлым радзіны былі цесна звязаны з сацыяльным і гаспадарчым жыццём старажытнай беларускай вёскі, а таксама адчувалі ўплыў хрысціянскай ідэалогіі.
На хрэсьбіны прыходзілі толькі па запрашэнні. Калі збіраліся ўсе госці і кумы вярталіся разам з дзіцем з царквы, гаспадар запрашаў ўсіх прысутных за стол. Па традыцыі, самыя ганаровыя месцы належалі кумам і бабе-павітусе, якія кіравалі ходам застолля.
Канешне, радзіны нельга параўнаць з вяселлем па багацці і выразнасці абрадавых дзеянняў і сымвалаў. Аднак яны таксама прадстаўлялі сабой стройны рытуал, які быў насычаны разнастайнымі магічнымі і увесяляльнымі дзеяннямі і прыёмамі.
Вялікае значэнне на радзінах меў абмен падарункамі. 3 ім было звязана вельмі цікавае абрадавае дзеянне, якое выконвала баба-павітуха. Так, атрымаўшы падарунак, яна станавілася на ўслон і, прыгаворваючы разнастайныя пажаданні нованароджанаму, тры разы перакручвалася, а затым саскаквала з яго. Абрад гэты быў вядомы ў пауночна-ўсходніх і цэнтральных раёнах Беларусі ў сярэдзіне і канцы XIX ст.
Выконваліся на абедзе у гонар нованароджанага і абрадавыя дзеянні, якія закліканы былі садзейнічаць дзетанараджэнню ў жанчын. Для гэтага яны кідалі адна ў адну чарапкамі разбітага гаршка ці клалі іх на галаву бяздзетным жанчынам з пажаданнем: «На табе, каб і ў цябе праз год была каша» (усходняе Палессе).
У Падняпроўі, Паазер`і, центральным рэгіёне і часткова ва ўсходнім Палессі павітуха выконвала абрад ачышчэння усіх прысутных на хрэсьбінах, закліканы паўплываць на здароўе і дабрабыт гасцей.
Спарадычна на тэрыторыі Беларусі ў час хрэсьбін адбываўся і абрад ачышчэння парадзіхі і павітухі. Ў Паазер`і на гэтай сямейнай урачыстасці для бацькі нованароджанага падавалася спецыяльная абрадавая страва (сумесь рэдзькі, мёду, солі, гарэлкі і г. д.).
Для традыцыйнай радзіннай абраднасці беларускага народа, таксама як і для вясельнай, было характэрна арганічнае ўключэнне ў ход дзеяння абрадавых песень.
Пераапрананне ж толькі зрэдку сустракалася на радзінах («бусел», «дзед», «баба», «задзеланыя»).
Кульмінацыйным момантам на хрэсьбінах быў падзел спецыяльнай абрадавай стравы — «
бабінай кашы» (грэчневая, аўсяная, ячменная, прасяная каша, яечня, разнастайныя вырабы з мукі).
У пауднёва-усходніх, цэнтральных і некаторых заходніх раёнах адбываўся абрад разбівання гаршка з кашай, з якім у народнай свядомасці звязваліся шматлікія ўяўленні магічнага характару. Абрад быў насычаны разнастайнымі жартоўнымі дыялогамі, імправізаванымі сцэнамі . Госці, атрымаўшы кавалачак «бабінай кашы», выказвалі разнастайныя пажаданні для дзіцяці . У паўночна-заходніх раёнах за абрадавую страву — яечню —
госці кідалі грошы ў талерку або калыску дзіцяці. У заходнім Палессі гаршчок з кашай не разбівалі, падзел абрадавай стравы адбываўся вельмі проста і сціпла.
Падзел «бабінай кашы» азначаў канец урачыстассці, і госці пачыналі разыходзіцца па хатах, неслі па кавалачку стравы дзецям, у якіх яна лічылася вялікім ласункам, як і «хлеб ад зайца».
Трэба адзначыць, што дзеці прымалі самы актыўны удзел у святкаванні і таксама выконвалі пэўныя абрадавыя дзеянні. Так, у Віцебскай губерні, калі ставілі кашу на стол, дзеці хапалі яе і хутка ўцякалі на двор. Па народным меркаванні, гэта садзейнічала таму, каб нованароджаны, як вырасце, хутка бегаў.
У паўночна-усходніх, цэнтральных і паўднёва-усходніх раёнах Беларусі быў спецыяльны завяршальны абрад пад назвай «
цягаць бабу на баране». Ён выконваўся наступным чынам: госці выходзілі на двор, рыхтавалі санкі, калёсы, на якія клалі барану, засланую кажухом,. садзілі бабу і вазілі яе па вуліцы. У ранейшыя часы ў абрадзе выкарыстоўвалася толькі адна барана, накрытая кажухом.
На наступны дзень або праз дзень госці зноў збіраліся ў хату да бацькоў, дзе павітуха выконвала абрад ачышчэння нованароджанага, г. зн. яго купания, пасля царкоўнага мірапамазання (
жмуркі, муравінкі, зліўкі, мур змываць).
Ссылка на источник:
Радзіны (Хрэсьбіны)