Перад шлюбам
здзяйсняўся адзін з самых драматычных і эмацыянальных абрадау — пасад
маладых, кожнага паасобку ў яго роднай хаце. Раніцай нявеста разам са
старшай шаферкай абыходзіла вёску, заходзячы ў кожную хату, кланялася
прысутным і прасіла у іх блаславення. Пасля яна са сваццяй накіроўвалася
ў асобны пакой ці камору рыхтавацца да шлюбу. Прыбраную маладую вёў на
пасад
яе брат, прывязаўшы да рукі сястры-нявесты доўгі ручнік, які яна
сама ткала і вышывала.
Сват звяртаўся да бацькоў маладой, усіх
прысутных: «Ацец, маці, добрыя людзі, старыя і маладыя,, блаславіце
дзіця на пасад завесці». У адказ тры разы гучалі словы: «Бог
блаславіць». Пасля гэтага ўся працэсія ўваходзіла ў хату: сват нёс
кветку або каравай, маладая, трымаючыся разам з братам за ручнік,
абходзіла тры разы вакол стала, нізка кланялася кожнаму з прысутных
гасцей, цалавалася з імі. Калі яна да шлюбу захоўвала цнатлівасць («
была
чэсная»), то садзілася на хлебную дзяжу, накрытую кажухом, ў якой
ляжалі хлеб-соль, або на лаву ці зэдлік, на якія сыпалі жыта, а зверху
рассцілалі ручнік. На пасад нявесту садзіў брат ці бацька, пры гэтым два
разы яна адмаўлялася, а толькі за трэцім садзілася.
Ў некаторых
месцах маладая не садзілася на дзяжу, а станавілася на калені і
абапіралася на яе. Затым брат, а калі яго няма, два другія сваякі (
закоснікі)
распляталі нявесце касу, заплеценую ў апошні раз у суботу яе
сяброўкамі. У некаторых месцах усе прысутныя, падыходзячы па адным,
расчэсвалі ёй валасы грэбнем, змочаным у мёдзе або масле, і дарылі
маладую. Пасля расплятання касы брат абносіў запаленую грамічную свечку
тры разы вакол нявесты і падсмальваў ёй валасы крыж-накрыж. Пасля гэтага
шаферкі ўбіралі галаву маладога вянком, прыгатаваным у суборную суботу,
маці накрывала яе наміткай, а на Віцебшчыне — старшы шафер маладога
пакрываў маладую прыгожай хусткай, найчасцей чырвонага колеру. У час
пасаду нявеста трымала ў руках кубачак вады, або яго ставілі на падлогу
каля яе ног, на калені клалі хлеб, соль, воўну, лён, часта галінку
яблыні ці
вішні.
Нявесту, што не захавала цнатлівасць (у чым
яна сама прызнавалася), садзілі проста на лаве. Калі б нявеста, будучы
нецнатлвай, села на дзяжу, гэтым самым яна б наклікала розныя няшчасці:
неўраджай, хваробы, смерць на сваю будучую сям`ю і сям`ю сваіх бацькоў.
У
канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў страх перад гэтым пакараннем быў
настолькі вялікі, што амаль усе «нячэсныя» нявесты прызнаваліся ў сваім
граху, як бы ім сорамна ні было.
Трэба адзначыць, што кожнае
дзеянне суправаджалася абрадавай песняй, якая дапаўняла і тлумачыла яго.
Для нявесты-сіраты ў дадзеным выпадку і на працягу усяго вяселля
спяваліся спецыяльныя песні.
Пасад маладога, што з`яўляўся
адметнай рысай беларускага вяселля, адбываўся аналагічным чынам. Толькі
застрыганне жаніха часцей за ўсё ажыццяўляла яго сястра, зрэдку маці ці
старшы сват. У Вілейскім павеце жаніху на галаву клалі накрыж дзве пасмы
льну, пасярод іх - пярсцёнак і крыху мёду, якім свацця тры разы мазала
вусны жаніху. Затым яна з чатырох бакоў падпальвала свечкай кончыкі
валасоў разам з ільном.
Ссылка на источник:
Пасад