Сваё першае знаёмства з паэткай згадвае аўтарытэтны літаратуразнаўца, прафесар, доктар філалагічных навук Адам Іосіфавіч Мальдзіс.
" Я жахнуўся, калі Караткевіч сказаў: " Ты добрая дзеўка, Ларыса!"— Першы раз я пабачыўся з Ларысай Геніюш дзесьці ў сярэдзіне студзеня 1968 года, — згадвае Адам Мальдзіс. — Тады яна прыехала да Уладзіміра Караткевіча і нейкі час жыла ў яго ў нядаўна заселенай двухпакаёвай кватэры (з павешанай "перагародкай") па вуліцы Веры Харужай, 26. Гэта было зусім побач з маім жытлом (Чарвякова, 18), і мы часта абменьваліся па-суседску візітамі. Раз ці два Караткевіч з маці і Ларыса Антонаўна прыйшлі да нас дамоў, жонка пачаставала іх вясковымі стравамі. Па просьбе Максіма Танка Валодзя тады дапамагаў паэтэсе рыхтаваць да друку ("пазбаўляць ад падводных мінаў") тэкст яе першага ў БССР вершаванага зборніка "Невадам з Нёмана" (на назве, здаецца, спыніўся таксама сам Танк, у якой з Геніюш былі даверлівыя адносіны, чым паэтэса ганарылася). І вось неяк тады ў Валодзі быў "хлапешнік", застолле вечарам сабралася гучнае. Але гучней за ўсіх паводзіў сябе сам віноўнік урачыстасці, які раздаваў усім фігі. Яго панібрацкая фраза "Ты добрая дзеўка, Ларыса!" (Геніюш была старэйшая за Караткевіча на 20 гадоў. — Рэд.) прывяла мяне ў жах. Але, здаецца, звычную і не да такога паэтэсу яна не дужа шакіравала. Памятаецца яшчэ, што за сталом вялася крытычная гаворка пра тагачасны стан беларускага тэатра і ўвогуле пра тое, ёсць ён ці няма, на што Геніюш, падводзячы рысу спрэчкам, сказала: "Для мяне няма слова "няма", для мяне існуе слова "будзе"!"
Адам Іосіфавіч прыгадвае, як пісаў рэцэнзію на зборнік вершаў Геніюш "Невадам з Нёмана" для... газеты "Звязда"!
— Кніжка "Невадам з Нёмана" выйшла з друку і хутка раскуплялася. Наш "грэшны" Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР правярала спецыяльная камісія на чале з інструктарам ЦК КПБ... На спецыяльным партсходзе яна нібыта лёгенька папракнула літаратуразнаўцаў, што засяроджваюцца яны на другасным, неістотным матэрыяле: не паспела Ларыса Геніюш, паэтэса з сумнеўным мінулым, скласці кнігу, як загадчык сектара дакастрычніцкай літаратуры Юльян Пшыркоў напісаў да гэтай кніжкі хвалебную прадмову, супрацоўнік таго ж сектара Адам Мальдзіс — станоўчую рэцэнзію для "Звязды", а другі супрацоўнік, Мікола Прашковіч, падаў заяўку на цэлую кніжку пра гэтую "нацыяналістку". І вось — вынік праверкі: абмеркаванне работы Інстытута літаратуры на бюро ЦК КПБ. З дакладам аб выхаваўчай рабоце ў ім выступаў не дырэктар, а сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іван Шамякін. Тон яго быў прыхільны: у кожнай рабоце можна знайсці і станоўчае, і недахопы. Памяркоўна вёў пасяджэнне і Пётр Міронавіч Машэраў...
25 гадоў канцлагера за "супрацоўніцтва з сусветнай буржуазіяй"
У Ларысы Геніюш быў пакутны лёс, які не кожны мужчына-волат вытрымаў бы. Ларыса Антонаўна (дзявочае прозвішча Міклашэвіч) нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы, што ў цяперашнім Ваўкавыскім раёне. Друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх перыядычных выданнях, праз тры гады выйшаў яе першы зборнік "Ад родных ніў". Перад гэтым яна выйшла замуж за лекара Янку Геніюша, пераехала за ім у Прагу, дзе Янка вучыўся, а затым працаваў. У сакавіку 1948 года Янку і Ларысу Геніюшаў арыштавалі на загад савецкіх спецслужбаў і выслалі ў СССР. Дапытваў Ларысу Геніюш вядомы кат, тагачасны наркам унутраных спраў БССР Лаўрэнцій Цанава. Геніюшам інкрымінавалася "супрацоўніцтва з сусветнай буржуазіяй" і "здрада радзіме". Раўнацэнна, калі б сёння нейкі беларус пазнаёміўся і пасябраваў з якім палякам ці чэхам, а пасля пераехаў туды жыць. Аднак у савецкі час па такіх артыкулах распраўляліся з многімі вальнадумцамі. Па гэтых артыкулах у 1937 годзе была знішчаная практычна ўся беларуская інтэлігенцыя... Суд даў Геніюшам па 25 гадоў сталінскіх канцлагераў у Комі і Мардовіі. Сем гадоў паэтка насіла лагерны бушлат з нумарам на спіне 0-287. У 1956 годзе, калі пасля смерці Сталіна такія справы пачалі пераглядаць, іх часткова рэабілітавалі і выпусцілі. Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, у Янкавай роднай хаце. Тут Ларыса Антонаўна і жыла да сваёй смерці ў 1983 годзе, так і не захацеўшы прыняць савецкае грамадзянства за тую несправядлівасць, што была з ёй учыненая. Пасля вызвалення паэтку працягвалі цкаваць, жыла яна вельмі сціпла. Але ёй апекаваліся многія сябры, у тым ліку Максім Танк, тагачасны кіраўнік Саюза пісьменнікаў. З яго дапамогай была выдадзеная і першая пасля зняволення кніга Геніюш "Невадам з Нёмана".
* * *
Ля царквы ў Зэльве стаіць помнік Геніюш, які з`явіўся ў 2003 годзе з асабістага благаславення Мітрапаліта Філарэта.
Там у гэтыя дні якраз святкавалі 100 гадоў з дня нараджэння вядомай
беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Ганаровым удзельнікам святкавання стаў унук Ларысы Геніюш спадар Міхась, які жыве ў Беластоку (цяперашняя Польшча), ён спецыяльна прыехаў у Зэльву, хоць не быў тут ужо каля дваццаці гадоў. Міхась Геніюш адмовіў у інтэрв`ю многім журналістам — у Зэльве яму хацелася ціха і спакойна пабыць у родных мясцінах, а не раздаваць інтэрв`ю. Але для "Звязды" было зробленае выключэнне.
" Бабуля заўжды рабіла мне неверагодныя па тым часе прысмакі..."Спадар Міхась не вельмі хоча размаўляць пра сваё прыватнае жыццё, сваю сям`ю, працу. Ён хоча размаўляць толькі пра сваю бабулю. І калі бабуля — Ларыса Геніюш, то зразумець яго лёгка.
— Спадар Міхась, ці добра вы запомнілі сваю бабулю?— Так, вельмі. Гэта быў самы важны, калі не сказаць найважнейшы чалавек у маім жыцці, які вельмі многа мне пераказаў, перадаў, навучыў жыць, навучыў думаць, навучыў любіць.
— Вы жылі разам з бабуляю?— Я нарадзіўся ў Зэльве, у Беларусі. І жыў з бабуляй да чацвёртага ці пятага года майго жыцця. Мой бацька вучыўся ў Польшчы, у Беластоку ў медыцынскай акадэміі, а мая мама жыла і працавала ў Зэльве. Школу яна таксама скончыла тут. Так што Ларыса Антонаўна прысвячала мне шмат часу і ўвагі, і можна сказаць, што гэтыя першыя крокі на свеце яна мне дапамагала рабіць. Пасля мы пераехалі ў Польшчу, і да бабулі ў Зэльву я прыязджаў на летнія вакацыі кожныя два гады.
— Якой яна была як паэтка, мы можам адчуць з яе вершаў. А якой яна была як бабуля?— Яна была вельмі цёплая і мілая, мудрая, старалася выхаваць мяне вартым чалавекам, вучыла мяне, як рабіць тое ці гэта. Я заўсёды вельмі-вельмі чакаў, каб прыехаць сюды да бабулі. Яна сілкавала мяне адначасова і духоўна, і інтэлектуальна. Яна вучыла мяне любові, каханню — каб людзі любілі сябе ды іншых, каб людзі казалі праўду, і гэтая праўда была даступная для ўсіх. Нічога кепскага яна не вучыла, нічога кепскага не пісала ў сваіх вершах, выступала толькі супраць тых, хто кажа няпраўду.
— Не ў кожнага чалавека бабуля піша вершы, а тым больш — такая слынная паэтка. Ці адчувалі вы гэта?— Тое, што яна слаўная паэтка, адчуваў — асабліва ў яе дзень народзінаў, калі ў Зэльву прыязджала вельмі многа паэтаў з цэлай Беларусі, таксама з Украіны, Расіі. Яе дзень народзінаў заўсёды праходзіў два дні. у штодзённым жыцці бабуля таксама часта чытала мне свае новыя вершы, прозу — тое, што яна пісала, яна часта выпрабоўвала, як гэта гучыць, чытаючы мне. Не толькі яна пісала, мой бацька таксама пісаў вершы, ён таксама мне іх чытаў. Так што я ў гэтым духу выхоўваўся. Ларыса Антонаўна была для мяне вельмі добрай бабуляй, таму што яна мяне крышку распешчвала. Тады было вельмі складана дастаць некаторыя прадукты. Але яна ведала, што я люблю, і нейкім цудам гэта знаходзіла. Я прыязджаў — і з`яўляліся мае любімыя стравы: сушаная вяндліна, сялянская каўбаса, кумпячок, кампоцікі, варэнні...
— Хіба Ларыса Антонаўна мела нейкую свойскую жывёлу?— Не, толькі калісьці, даўно-даўно, як я яшчэ быў маленькі, яна заўсёды трымала свінку. А іншыя жывёлкі былі для мае забавы: як я прыязджаў, яна заўсёды мела ці трусіка, ці марскую свінку, ці ката, ці сабаку. Толькі таму, што я любіў жывёлаў — яна гэта рабіла для мяне.
— Ваша бабуля правяла 8 гадоў у сталінскіх канцлагерах, не была цалкам рэабілітаваная. Ці адчувалі вы гэта, ці вяліся пра гэта размовы?— Я быў тады малы, таму не вельмі разумеў яшчэ, што дзеецца. Яна мне расказвала, што мусіць ісці ў міліцыю прасіць дазволу, калі некуды хоча ехаць. Што прысылаюць дахаты розных людзей — я ведаю гэта толькі з яе расказаў, на свае вочы гэтага ніколі не бачыў. Можа быць, калі я прыязджаў, пра гэта асабліва не размаўлялі. Лагернае зняволенне было вельмі цяжкай тэмай для яе. Гутарка пра гэта заўжды выклікала ў бабулі вельмі моцнае ўзрушэнне, відавочна, гэта было цяжка ёй прыгадваць.
— Як бы вы апісалі сваю бабулю чалавеку, які яе не ведае?— Я сказаў бы, што Ларыса Геніюш зрабіла шмат для Беларусі, для беларускасці, для беларускай мовы, для беларускіх людзей. Яна можа быць прыкладам прыстойнага добрага чалавека і беларуса. Спадзяюся, што яна будзе больш гучаць у Беларусі, што з яе творамі зможа знаёміцца моладзь, дарослыя людзі, пра яе будуць гутарыць, яе памяць будзе ўшаноўвацца.
— Перад сённяшнім днём калі вы былі апошні раз у Беларусі?— Каля дваццаці гадоў таму.
— Якія вашы ўражанні?— Мае эмоцыі вельмі пазітыўныя. Я прыпамінаю сябе, як калісьці пераязджаў цераз мяжу... Гэта была зусім іншая мяжа... Цяпер я пераехаў свабодна, усе былі ветлівыя, усе мне ўсміхаліся, заняло ў мяне гэта 15 ці 20 хвілін. Вуліцы шырокія, зручныя, усё чыста... Пасля дваццаці гадоў я ўяўляў сабе гэта крышачку іначай. Нічога кепскага, нічога дрэннага я тут не спаткаў. Калі гляджу на святкаванне 100-годдзя маёй бабулі, на людзей, якія прыехалі сюды, адзінае, чаго мне бракуе — гэта эмоцый. Я не бачу, каб гэтыя людзі ўсміхаліся, каб яны былі крыху больш усхваляваныя, гэта ўсё такое ціхае, спакойнае, крышку закрытае...
— А вам не здаецца, што гэта такі характар беларуса? Няўжо ваша бабуля не была такой?— Не мне разважаць пра характар беларуса, мая бабуля была зусім іншая. Яна была вельмі эмацыйным чалавекам, яна гэтых сваіх эмоцый не хавала, гэта ішло з яе. Гэта відаць у яе вершах — яе эмоцыі.
— Ці ёсць у вас нейкія любімыя радкі бабулі?— Ёсць. Але не буду пра іх гаварыць — гэта радкі, якія я сам часам сабе чытаю. Некаторыя вершы яна напісала для мяне, на маю просьбу. Але ніколі яна не рабіла гэта літаральна так, як я гэтага хацеў. Заўсёды яна пашырала гэта на любоў да Беларусі, да свайго народа, да свае мовы.
***
Як Адам Мальдзіс уратаваў архіў Ларысы ГеніюшАдам Іосіфавіч — сціплы чалавек. Аднак менавіта яму мы павінны сказаць дзякуй за тое, што цяпер у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі захоўваецца архіў Ларысы Геніюш. Адам Мальдзіс прыгадвае, як гэта было.
— Назаўтра пасля пахавання Ларысы Геніюш у 1983 годзе раздаўся трывожны званок з Зэльвы. Аказваецца, мэр горада вырашыў выявіць усю крамолу ў доме Геніюшаў самастойна. Заявіўся туды з цэлым штатам машыністак і натарыусаў, якія спешна пачалі складаць вопісы ўсіх кніг і рукапісаў. Пачуўшы пра ўсё гэта, я ліхаманкава пачаў кеміць, што ж рабіць. Ламалася задума выратаваць архіў паэтэсы! Прыйшло ў галаву: трэба паведаміць нашаму сумленню Алесю Адамовічу — ён сябруе з сакратаром ЦК па ідэалогіі Аляксандрам Трыфанавічам Кузьміным! Толькі той у стане даць дзейсную каманду ў Зэльву. Адначасова праз прэзідэнта АН БССР Мікалая Барысевіча, таксама сябра Адамовіча, паднялі на ногі акадэмічную бібліятэку і гараж. Неўзабаве нас ужо чакаў маленькі аўтобус... І вось мы заходзім у пачарнелую ад часу і дажджоў хату Геніюшаў. Работа — у поўным разгары: на падлозе валяюцца рукапісы і здымкі, бо як іх апісваць — не ведаюць, сардэчныя. Мэр, пабачыўшы чужынцаў, скамандаваў:
— А ну, вон отсюда, здесь совершается серьезное разоблачение!
У адказ на гэта я, стрымліваючы сябе, спакойненька кажу яму:
— Перш чым мы выйдзем, пазваніце, калі ласачка, свайму першаму сакратару райкама партыі. Яму ўжо паступіла ўказанне ад сакратара ЦК. Спецыяльна для вас, шаноўнейшы!
Нешта ў маёй інтанацыі ўсё ж прымусіла яго набраць нумар першага. Спачатку кіпеў, потым пачаў згодна ківаць галавой. Урэшце прамармытаў:
— Все, девчата, пошли по свом местам. Оказывается, они тоже советские, только с высшим заданием.
Усе кнігі і рукапісы ўмясціліся ў сямі мяхах, пазначанымі па кутках лакавымі, ужо райвыканкамаўскімі, а не пасялковымі пячаткамі. І хоць спыніў на выездзе нас грозны міліцыянер, кінуўся правяраць нелегальны груз. Але я ўпэўнена сунуў яму пад нос членскі білет Саюза пісьменнікаў. На ім тады буйнымі літарамі красавалася: СССР. І дадаў:
— Со спецзадания возвращаемся. Торопимся.
У той жа дзень мяхі былі згружаны ў сховішча акадэмічнай бібліятэкі. Для карыстання даследчыкаў. Значная частка іх ужо апублікавана.
Глеб Лабадзенка
Звязда
14 жнiўня 2010 года.
Ссылка на источник:
Ларыса Геніюш