Пра Нёман расказваюць так. Даўно гэта было. Недалёка ад вёскі Забалацце, што на нашай Уздзеншчыне, з-пад вялікага лазовага куста выбілася крынічка. Вада ў ёй была халодная, як лёд, а чыстая, як дзявочая сляза. Вада тая ўсё прыбывала, большала, аж пакуль не пабегла па двух ручайках. Так вось нарадзіліся рэкі Нёман і Лоша.
Нёман быў шчыры і крэпкі хлапец, а Лоша ціхая, лянівая і хітраватая дзеўка. Яшчэ больш падужэўшы, Нёман аднойчы сказаў Лошы:
- Раздолля трэба мне, волі захацелася. Буду як мага прабівацца да мора.
Нічога не сказала на гэта Лоша, толькі сама сабе надумалася навыперадкі бегчы з Нёманам і першай выскачыць к мору.
Назаўтра, яшчэ не развіднела, яна ціхенька ўстала і пайшла па нізінах ды па далінах да мора.
Прачнуўся Нёман, угледзеў, што Лошы няма, ну й кінуўся наўздагон, не разбіраючы дарогі, напрасткі.
3 таго часу ён так і ляціць, паспяшае да мора, магутны і шырокі, а Лоша плыве сабе ціха, хаваючыся ды туляючыся па кустах і нізінах.
***
Кажуць, нібы нейкі даўні князь Віт, ці Віток, праходзіў са шматлікім войскам праз лясы цяперашняй Лошніцы. Яго ўначы заспела моцная бура, і ён загадаў сваім воінам расчысціць лес і зрабіць начлег на высокай гары каля ручая.
І нібы воіны выкапалі на вяршыні гары яму, абклалі яе шкурамі і зрабілі Віту ложа. Ад таго гару назвалі Ложніцаю, а ручай ці рэчку Ложай, або Лошай.
Лошніцкія старажылы ўказваюцъ месца начлегу каля рэчкі Лошы, на гары, што за могілкамі, яно і цяпер завецца Вітагор`ем.
Ссылка на источник:
Як нарадзіліся Нёман і Лоша