Свеціць сярэбраны месяц з чыстага неба і святлом сваім залівае лясы і горы, рэчкі і ўзгоркі. Песціцца і млее ўся зямля, і мацней пануе на ёй палкая, гарачая любоў. Гучней стукае сэрца ў чалавека, гарачэйшая робіцца кроў, рукі цягнуцца для пяшчотных абдымкаў, вусны шукаюць пацалунка.
Сядзіць пад запаветным дубам добры малойца Машэка, глядзіць у сярэбраную даль і думае думу пра сваю любу, пра мілую Прадславу. Запёрта яна, бедная, цяпер у душным палацы за сямю замкамі, і не выйсці ёй адтуль. Баліць ў яе сэрцайка, ірвецца да дружка сардэчнага, і не ведае яна, што сядзіць ён недалёка ад яе палаца і думачку думае сваю:
«Ах, люба, люба мая, Прадслава, сонейка краснае, каб ты была тут побач, каб прыйшла ды суцешыла мяне, сіраціначку».
Раптам, нібы светлая хмарачка на небе, выплыла з бліскучай імглы белая здань жанчыны. Ўскочыў Машэка: пазнаў ён сваю Прадславу, і вокліч захаплення гатовы быў ужо зляцець з яго вуснаў. Але ў гэтае імгненне з той самай імглы паказалася іншая постаць, чорная, з бліскучым шышаком на галаве. Пацямнела ў вачах у Машэкі. Нібы ў сне ўбачыу ён, як кінулася Прадслава ў абдымкі да чорнага рыцара і як вусны іх зліліся ў пацалунку.
Падскочыў ён да здрадніцы і толькі тады схамянуўся, калі кроў суперніка пралілася на зямлю. Бледная, дрыжучы, стаяла перад ім Прадслава, і такой бездапаможнаю здалася яна Машэку, што ён не пажадаў нават забіць яе і, адвярнуўшыся, пайшоў у белы свет.
Ішоу ён доўга, і чым далей ішоў, тым усё зласнейшы рабіўся супраць усяго роду чалавечага, усё мацней разгаралася ў ім прага да помсты.
І гатовы ён ужо быў затапіць увесь свет крывёю людской. Так дабрыў да правага берага Дняпра, да Гваздоўкі, страшнага логава разбойніка Гвазда. Укленчыў перад ім і сказаў:
- Вазьмі мяне, Гвозд, да сябе, не пасрамлю цябе і твайго рамяства. Прывяла мяне сюды злоба лютая і помста страшэнная, і даю я табе зарок вялікі - не шкадаваць ніводнай душы жывой, а калі пашкадую каго, дык няхай я ад таго і загіну.
- Добра, - сказаў Гвозд, - ідзі за роў і працуй.
Пайшоў Машэка на другі бераг рова, заснаваўтам свае логавішча, назваў яго Машэкаўкаю і стаў наводзіць жах на ўвесь край. Мучыў і забіваў ён няшчасных падарожнікау, рагатаў з іх просьбаў, здзекаваўся з іх слёз, не шкадаваў нікога: ні старых, ні дзяцей, ні мужчын, ні жанчын. Памёр даўно ўжо Гвозд, а Машэка за абодвух працягваў паліць і рабаваць, забіваць і мучыць. Але не мог крывёю затапіць сваіх пакут: любы вобраз часта паўставаў перад ім у начной цішы, і плакаў тады люты Машэка, бы малое дзіця, і праклінаў свой злы лёс.
Раз была такая месячная ноч, як тады, калі апошні раз ён бачыў сваю мілую. Сядзеў Машэка на камені, журботна звесіўшы галаву на грудзі, лёгкі ветрык гуляў над пасівелымі яго валасамі, і слёзы адна за другою буйнымі дыяментамі падалі на зямлю і зліваліся з расою.
Раптам пачуліся конскі тупат, галасы і шум, і праз хвіліну яго зграя прывяла двух новых палоннікаў.
- Як іх пакараць? - пытаюць ў яго малойцы.
Але Машэка маучаў і няўцямнымі вачыма глядзеў на жанчыну, што стаяла перад ім. Гэта была яна, Прадслава. Нарэшце, нібы апрытомнеўшы, правёў леваю рукой па лбе, правай махнуў на спадарожніка Прадславы і, абняўшы сваю любу, павёў яе ў будан. Тут укленчыў перад ёю і пачаў цалаваць яе рукі, і плакаць, і смяяцца, і папракаць.
- Не палюбоўніка майго забіў ты, - сказала яна, - а забіў брата майго, які быў пасварыўшыся з бацькам і патаемна са мною бачыўся. Але я даравала табе, мой любы. Доўга я чакала цябе. Кінь свой страшэнны занятак, і ўцякайма. Ўцякайма туды, дзе ніхто нас не ведае.
- Бяжым, бяжым, мая люба. Бяжым заўтра, а сёння дай адпачыць з табою разам ад столькіх жахаў і пакут.
- Добра, - сказала Прадслава.
Але не доўга адпачываў Машэка. Толькі салодкі сон заплюшчыў яго павекі, як каварная люба ўткнула яму з усмешкаю ў горла востры нож.
- Памры, сабака, - прамовіла яна. - Хоць і загіну ад тваёй подлай чэлядзі, але я ведаю, што адпомсціла табе за сябе і за усіх.
Прадслава не памылілася: закапалі яе жывую разам з забітым ёю Машэкам, а насыпаны над імі курган быў названы
Магілаю Льва. Адсюль і горад, які узнік потым на гэтым месцы, пачаў называцца Магілёвам.
Ссылка на источник:
Паданне пра Магілёў