Частка стала, дзе будуць сядзець маладыя, павінна арыентавацца на ўсход.
Агульны святочны стол можа складацца з асобных невялікіх столікаў. Маладыя не павінны апынуцца за рознымі сталамі, на стыку (разрыву) сталоў.
Пажадана, каб і сядзелі маладыя не на асобных крэслах, а на агульнай лаўцы. Крэслы можна "аб`яднаць" агульнай посцілкай, напрыклад, вывернутым кажухом, звязанымі ножкамі, што будзе сімвалізаваць багацце і яднанне жаніха і нявесты.
Часам стол ставяць літарай П. Бывае так, што гасцям пры гэтым прапануюць сесці і па ўнутраным перыметры стала. У такім выпадку атрымліваецца, што прадстаўнікі кожнага роду селі тварам да твару, а два роды ў цэлым — спінай адзін да аднаго. Замест першапачатковай ідэі аб`яднаць прадстаўнікоў родаў, мы закладваем перспектыву супрацьстаяння.
Аптымальнай з`яўляецца форма вясельнага стала ў выглядзе літары Г. Пры гэтым маладых варта пасадзіць на кут (але ні ў якім разе праз кут стала), а па абодва бакі ад іх рассаджваюцца прадстаўнікі іх родаў.
Побач з нявестай садзіцца яе дружка (сведка, шаферка). Незразумела, чаму побач з нявестай усаджваюць часам ганаровага сведку жаніха — хлопца, прадстаўніка чужога роду. Следам за сведкамі садзяцца хросныя бацькі нявесты, сваты. Побач з жаніхом садзіцца яго лепшы сябар (шафер, ганаровы сведка), затым яго хросныя бацькі, сваты.
Далей дзейнічае ўніверсальны прынцып пасадкі гасцей — у адпаведнасці з узростам. У чырвоным куце побач з маладымі — моладзь, чым далей ад чырвонага кута, тым старэй. Самыя пажылыя людзі павінны сядзець у процілеглым ад маладых канцы стала. Такім чынам, людзі пажылога ўзросту будуць сядзець ля парога, які ў народнай культуры сімвалізаваў рытуальную зону смерці. За памінальным сталом, як мы памятаем, у чырвоным куце садзяцца найстарэйшыя.
Прадстаўнікоў двух родаў неабходна пасадзіць так, каб госці з боку жаніха сядзелі ў дачыненні да яго правым плячом, а сваякі і сябры нявесты — левым плячом у дачыненні да яе. У народнай культуры правая частка прасторы сімвалізуе мужчынскі пачатак, левая — жаночы (маладая ў храме падчас шлюбу — злева ад уваходу, перад выявай Божай Маці, ён — справа ад уваходу, перад выявай Ісуса Хрыста).
Аксана Катовіч, Янка Крук.
ЗвяздаСсылка на источник:
Вясельны стол