Мы яшчэ не пажылі ў Адзінай эканамічнай прасторы, а ўжо нам прапаноўваецца Еўразійскі саюз. Для чаго такая паспешлівасць? Вырашаецца лёс народаў, і кожны крок у інтэграцыйным працэсе павінен быць вывераным. Калі і надалей такімі тэмпамі падзеі будуць развівацца, то, напэўна, Еўразійскі эканамічны саюз будзе заключаны перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі. Многія аналітыкі і палітыкі лічаць, што дакументы па АЭП рыхтаваліся на хуткую руку і сам дагавор найперш выгадны для Расіі, і не толькі ў эканамічным плане, але і палітычным.
Успомнім, які ціск рабіўся на Беларусь з боку Масквы перад прэзідэнцкімі выбарамі ў нашай краіне. Усё было прадумана і рабілася з адной мэтай — прывязаць Беларусь да АЭП. Пра нашы інтарэсы тады на Усходзе не думалі. Гэта ў Савецкім Саюзе палітыка круціла эканомікай, а сёння праз апошнюю робяць палітыку. А калі так, то ці не прывядзе гэта да таго, што неўзабаве пачнуць нарастаць дэзінтэграцыйныя працэсы?
Калі перафразаваць яшчэ не забытага Віктара Чарнамырдзіна, то чаму, калі некаму вельмі свярбіць, усе павінны чухацца? Вось Беларусь апынулася ў Мытным саюзе, і цана сала ў нас вырасла да 60 тысяч за кілаграм. Рост цэн людзі часта звязваюць з Мытным саюзам і Расіяй — куды вывозяцца нашы харчы. Кожны інтэграцыйны крок павінен несці людзям палёгку, а інакш у чым сэнс гэтых задум? Жыццём "у светлай будучыні" народ кармілі ад самай Вялікай Кастрычніцкай.
Канцэпцыя Адзінай эканамічнай прасторы вельмі прывабная. Напрыклад, "прававой асновай фарміравання і дзейнасці АЭП з'яўляюцца міжнародныя дагаворы і рашэнні органаў АЭП, якія заключаны і прымаюцца з улікам інтарэсу і заканадаўства дзяржаў-удзельніц і ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі нормамі і прынцыпамі міжнароднага права". На суверэнітэт краін ніхто не пасягае, і трэба чакаць ад такога аб'яднання толькі станоўчых вынікаў. Але калі чытаеш, што "Асноўнымі прынцыпамі функцыянавання АЭП з'яўляюцца забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы праз межы дзяржаў-удзельніц", то ёсць над чым задумацца.
"У той час, як Расія і Казахстан значна больш падрыхтаваны да інтэграцыі, інтэграцыя з Беларуссю патрабуе яшчэ вельмі вялікага аб'ёму сумеснай працы", — адзначыў на мінулым тыдні ў Алма-Аце прэзідэнт-старшыня праўлення Ашчаднага банка Расіі Герман Грэф.
Беларусь можна параўнаць з паруснікам, які дрэйфуе з абвіслымі ветразямі. А напоўніць іх могуць толькі фінансавыя патокі — валюта. І пакуль Беларусь не атрымае значны крэдыт, давядзецца плыць па цячэнні. А гэта значыць, што на Адзінай эканамічнай прасторы нас чакаюць мелі і рыфы. Інтэграцыйныя працэсы супалі з фінансавай праблемай — нестабільнасцю беларускага рубля, і гэты факт яшчэ больш ускладняе сітуацыю. Пра якое свабоднае перамяшчэнне капіталу можна весці размову? Свабоду атрымае расійскі капітал — адбудзецца гульня ў адны вароты. Якія ў Беларусі магчымасці, каб нешта набыць у Расіі? І калі даводзіцца чытаць, што "Уніфікацыя заканадаўства "тройкі" ў пэўнай ступені будзе спрыяць прытоку інвестыцый з Расіі і Казахстана ў беларускую эканоміку, якая якраз мае цяжкасці з прытокам замежных інвестыцый", то тут можна запярэчыць.
Прыватны капітал з Расіі прыйдзе, але грошы будуць укладвацца ў перспектыўныя прадпрыемствы, напрыклад, малочныя заводы, якія і без інвестыцый працуюць стабільна. Калі прыватнік нешта набывае, то хоча мець прыбытак, і як мага хутчэй. Інвестыцыі будуць выбарачныя і пагоды яны не зробяць. На плячах дзяржавы застанецца сельская гаспадарка, нерэнтабельныя прадпрыемствы... Да Мытнага саюза Беларусь сваю прадукцыю, калі не лічыць сумнавядомых санітарных перашкод і квот, даволі свабодна прадавала ў Расіі, а сёння ў нас дома здараюцца перабоі з малочнымі прадуктамі. Заглянеш пасля абеду ў краму, а смятаны ці малака няма, асартымент сыру ўпаў да аднаго-двух гатункаў. Пра цэны ўжо казаць і пісаць не хочацца — дужа банальна. А людзі не абыякавыя.
— Калі прэферэнцыі з боку Расіі былі, то гэта адна справа, а цяпер нам неабходна вызначыцца. Будзем танцаваць пад дудку Расіі без прэферэнцыі ці возьмемся за рэальную справу? — пытаецца наш чытач са Слоніма Уладзімір Валынчык.
Пра якія роўныя ўмовы і інтэграцыю можна весці размовы, калі цана на газ і нафту для сваіх спажыўцоў у Расіі адна, а для Беларусі больш высокая? Вось і ўся свабода з перамяшчэннем тавараў, паслуг, капіталу... у межах АЭП. Як ствараць Адзіную эканамічную прастору — справа ўрадаў, а калі справа датычыцца цэн на газ і нафту, то гэта павінны вырашаць суб'екты гаспадарання. Так нам тлумачыць кіраўніцтва Расіі. Праблемы ў нас не толькі з адмоўным сальда ў знешнім гандлі — гэта вяршыня айсберга. Даўно неабходна было правесці мадэрнізацыю прадпрыемстваў, удзяліць увагу канкурэнтаздольнасці нашых тавараў, разабрацца з сельскай гаспадаркай, якая "з'ядае" добрую частку бюджэту... Бяда наша і ў тым, што мы бачым сябе ў, мякка кажучы, неспрыяльным акружэнні. Паслізнуліся, і... шукаем вінаватых — не хочам прызнаць свой промах. Вось і кідаюць хвалі наш карабель, і мы чакаем, які вецер напоўніць яго ветразі — ост ці вест. А калі нам выдзеляць крэдыты, то мы зноў асядлаем хвалю... А ці не за лепшае будзе перадыхнуць у ціхай гавані, прывесці ў парадак наш карабель, разабрацца з часткай каманды...
Можна прыводзіць нямала аргументаў "за" і "супраць" тых працэсаў, што назіраюцца апошнім часам па шляху да выстройвання ўзаемаадносін з суседзямі, партнёрамі — далёкімі і блізкімі. Але ж вельмі важна, каб гэтыя працэсы былі зразумелыя людзям. Калі чалавек зразумее, што тыя ці іншыя крокі робяцца не дзеля палітычных дывідэндаў, не дзеля гульняў, а для рэальнага паляпшэння жыцця людзей — такія крокі будуць падтрыманыя. А дабіцца зрухаў да лепшага ў нашай сітуацыі можна толькі пры ўмове, паўтаруся, роўнасці ўсіх удзельнікаў пераўтварэнняў. Роўнасці найперш эканамічнай. І пры захаванні сапраўднага суверэнітэту і незалежнасці. Іначай давядзецца зноў успомніць Віктара Сцяпанавіча: "...а атрымалася як заўсёды". Хочацца верыць, што так не будзе.
Сымон Свістуновіч
Звязда, 18 кастрычніка 2011
Кoличество переходов на страницу: 1632
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |