https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Расея ніколі не пагодзіцца стварыць саюзную дзяржаву нароўні зь Беларусьсю"


Кіраўнік ураду Рэспублікі Ічкерыя Ахмэд Закаеў у мінулыя выхадныя быў затрыманы ў Польшчы паводле запыту Расеі і выпушчаны судом на свабоду. Закаеў вярнуўся ў Ангельшчыну і заявіў, што хутка прыедзе ў Польшчу для ўдзелу ў працэсе аб экстрадыцыі. Мы зьвязаліся з Ахмэдам Закаевым у Ангельшчыне.

Абламейка: Вы заявілі, што зьбіраецеся вярнуцца ў Польшчу. Значыць, спадзеяцеся на станоўчы для вас вырак польскага суду? Які Ваш прагноз, чым скончыцца судовы працэс ў Польшчы адносна запыту Расеі аб Вашай экстрадыцыі?

Закаеў: Улічваючы інтарэсы - найперш свае інтарэсы - ў гэтым расьсьледаваньні, у гэтай справе, я не магу рабіць нейкіх камэнтараў ў гэтых пытаньнях. Тое, што сёньня расейская пракуратура перадала дадатковыя дакумэнты ў пытаньні маёй экстрадыцыі - гэта чыста працэдурныя моманты. Я цьвёрда ведаю адно: Польшча і польскае кіраўніцтва ніколі не адступяцца ад прынцыпаў дэмакратыі і ніколі не адыдуць ад прынцыпаў вяршэнства закону. Я ўпэўнены, што ў гэтай справе Расея пацерпіць чарговую паразу, як гэта было ў Капэнгагене, у Лёндане і сёньня ў Варшаве. Гэта маё прадчуваньне ў гэтым пытаньні.

Абламейка:
Сёньня Вы зьяўляецеся прэм’ер-міністрам Рэспублікі Ічкерыя ў выгнаньні. Як вы ацэньваеце цяперашняе агульнапалітычнае становішча ў Чачні?

Закаеў:
Не зусім правільна называць наш урад урадам у эміграцыі. Бо ў нас дома, на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі, ва ўмовах падпольля таксама знаходзяцца міністры і выконваюць свае абавязкі ва ўмовах падпольля.

Што тычыцца сытуацыі, дык я разумею тыя справаздачы і рэклямныя ролікі адносна "адбудовы і аднаўленьня" Чачэнскай Рэспублікі. Насамрэч нішто гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Вайна перакінулася на ўсе рэспублікі Паўночнага Каўказу. У 1990-я гады вайна ішла на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі, а сёньня яна ідзе ў Дагестане, Інгушэтыі, Кабардзіна-Балкарыі, Карачаева-Чаркесіі - практычна ва ўсіх рэспубліках Паўночнага Каўказу. Таму нельга казаць пра стабільнасьць ці пра ваенную перамогу Расеі. Наконт няспыннага гвалту, зьнікненьняў людзей, катаваньняў працягваюць гаварыць праваабарончыя арганізацыі. Гэта не мая прапаганда. Я ўпэўнены, што міграцыйныя службы ў Эўропе адчуваюць гэта на сабе, бо кожны дзень павялічваецца колькасьць уцекачоў з рэспублікі.

Што тычыцца гэтых аднаўленчых работаў, якія ўражваюць эўрапейцаў, што прыяжджаюць у Чачню - я сам жыхар Грознага і вельмі добра ведаю, якім быў горад Грозны да ўсіх гэтых разбурэньняў. Калі казаць пра аднаўленьне гораду, дык я вас магу ўпэўніць: нават 5 працэнтаў гораду не адноўлена. Расейскае кіраўніцтва ня ставіць задачы аднавіць горад. У свой час гэта быў прамысловы цэнтар для ўсяго Каўказу, зь вялізным патэнцыялам, з заводамі, з фабрыкамі, які там працавалі. А сёньня аднавілі некалькі плошчаў, дабудавалі тую мячэць, якую мы ў 1997-98 яшчэ пры Масхадаве пачалі будаваць, да другой акупацыі.

Калі сказаць двума словамі пра гэтыя "інтэнсіўныя праграмы аднаўленьня Чачні", дык гэта інтэнсіўная спроба замесьці сьляды злачынстваў, зробленых Пуціным і пуцінскімі катамі на тэрыторыі Чачэнскай Рэспублікі. Ні пра якое аднаўленьне інфраструктуры гутаркі няма. Яны адчайна спрабуюць замесьці сьляды. Але мы так ці інакш маем матэрыялы па ўсіх гэтых злачынствах. Усё роўна рана ці позна за гэта давядзецца адказваць.

Абламейка: Вы ўзначальваеце ўрад Ічкерыі. Улічваючы факт, што аб Вашай дзейнасьці грамадзяне Беларусі даведваюцца пераважна з афіцыйных расейскіх тэлеканалаў, раскажыце, калі ласка, аб дзейнасьці ўраду Ічкерыі ў выгнаньні.

Закаеў: Я магу сказаць пра абавязкі прэм'ер-міністра і тых некалькіх міністраў, што цяпер знаходзяцца ў Эўропе. Абавязак прэм'ер-міністра - даводзіць праўдзівую інфармацыю да міжнародных інстытутаў у Стасбуры і Брусэлі, сустракацца зь вядучымі эўрапейскімі палітыкамі. У міністэрстве замежных спраў у нас сёньня сфармаваны дэпартамэнт па сувязях з дыяспарай. Абавязак дэпартамэнту – вызначыць, у якіх ВНУ і на якіх спэцыяльнасьцях навучаюцца чачэнскія студэнты. Мы разумеем, што рана ці позна дзяржаўнае будаўніцтва, разьвіцьцё чачэнскай дзяржавы ляжа на плечы гэтых маладых людзей. Ужо сёньня мы спрабуем іх уцягнуць у гэтыя працэсы і рыхтуем тую зьмену, якая насамрэч будзе несьці гэты груз.

Як кажуць, няма ліха без дабра. Пуцін у свой час, у 99-м годзе абяцаў "замачыць усіх чачэнцаў у сарціры", і Ельцын яму даручыў, калі прызначыў прэм'ер-міністрам, а потым перадаваў ўладу, як выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта, канчатковае рашэньне чачэнскага пытаньня. І Пуцін тады за гэта ўзяўся. Але дзякуй Богу, дзякуй Усявышняму, яму гэта не ўдалося і чачэнцы выжылі, нягледзячы на ўсё кашмарныя страты. У гэтых двух войнах чачэнцы згубілі больш за 250 тысяч толькі цывільнага насельніцтва. Зь іх 40 тысяч дзяцей. Дзясяткі тысяч калек, інвалідаў. Дзясяткі тысяч сіротаў. Больш за 25 тысяч маладых чачэнцаў цяпер знаходзяцца ў расейскіх канцлягерах, паводле сфабрыкаваных матэрыялаў. Гэта велічэзная цана.

Але нягледзячы на ўсё гэта, той патэнцыял, які цяпер знаходзіцца ў Эўропе, дае ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Бо нашая моладзь
атрымоўвае адукацыю ў найбольш прэстыжных ВНУ сьвету. І празь дзясяткі гадоў чачэнскай нацыя будзе размаўляць практычна на ўсіх мовах сьвету. Але за ўсё гэта заплачана велічэзная цана. І наш абавязак, абавязак чачэнскага ўраду – каб гэтая цана не была заплачана марна. Мы прынцыпова захоўваем прававыя падмуркі чачэнскай дзяржавы і я ўпэўнены, што ў самой Расеі непазьбежныя палітычныя рэформы, і пасьля гэтага свабода Чачні будзе пытаньнем часу.

З гісторыі мы ведаем, што Польшча на нейкім этапе вызвалілася ад Расеі і аднавіла сваю дзяржаўнасьць. Фінляндыя аднавіла сваю дзяржаўнасьць пасьля развалу расейскай імпэрыі. Іншыя саюзныя рэспублікі - Грузія, Украіна, Беларусь - ці тры прыбалтыйскія рэспублікі аднавілі сваю дзяржаўнасьць пасьля развалу СССР. Я не прадказваю і не жадаю развалу расейскай імпэрыі. Але ў тых формах, у якіх яна існуе цяпер, яна ня можа існаваць. Пры найменшых трансфармацыях расейскай дзяржавы Чачня атрымае незалежнасьць.

Прыбалтыйскія дзяржавы знаходзіліся пад расейскай акупацыяй больш за 40 гадоў. Ёсьць палітыкі, які сёньня спрабуюць паставіць пад сумнеў легітымнасьць нашых урадавых структур. Я б хацеў ім нагадаць на прыкладзе Другой Ўсясьветнай вайны - Францыя, Польшча апынуліся пад акупацыяй нацыстаў і іх урады знаходзіліся за мяжой, у прыватнасьці ў Ангельшчыне, і ніхто ня ставіў пад сумнеў іх легітымнасьць.

Спробы паставіць нас сёньня ва ўмовы нелегітымнасьці, гэта спробы фліртаваць з Пуціным, і гэта вельмі небясьпечная гульня. Гісторыя не даруе тым, хто забывае пра сябе. Мы павінны памятаць, што было ў 1940-я гады, і якія наступствы перажывала чалавецтва пасьля гэтага пэрыяду.

Абламейка:
Калі б Вас папрасілі зрабіць прагноз адносна становішча ў Чачэніі ў наступныя 10-20 гадоў, што Вы адказалі – застанецца там статус-кво і рэспублікай будзе далей кіраваць Кадыраў, або выбухне чарговая вайна за незалежнасьць? А можа нейкі трэці варыянт?

Закаеў: На будучыню Чачэнскай рэспублікі я гляджу зь вялікім аптымізмам. Чачня рана ці позна будзе свабоднай. Мы сёньня павінны рыхтавацца да таго, што мы будзем рабіць. Мы ня маем права на чарговыя экспэрымэнты ні над нашым народам, ні над самімі сабой. Мы павінны ясна ўяўляць у якім кірунку будзе разьвівацца наша дзяржава. Для гэтай мэты мы сёньня фармуем каманду маладых людзей, якія будуць несьці гэты груз.

Абламейка: І яшчэ адно пытаньне – як вядома, цяпер беларускі рэжым перажывае пэўны крызіс у дачыненьнях з Расеяй. Раней гэта было даволі шчыльнае сяброўства і нават так званая "саюзная дзяржава". Як бы вы пракамэнтавалі сёньняшні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў?

Закаеў: Расея ніколі ня ставілася да сваіх калёніяў, як да раўнапраўных суб'ектаў. Я адразу ж быў упэўнены што гэтаму флірту паміж Беларусьсю і Расеяй было наканавана тое, што мы сёньня бачым. Я ўпэўнены, што Беларусь ніколі не захоча саступіць свой сувэрэнітэт і незалежнасьць, а Расея ніколі не пагодзіцца стварыць нейкую саюзную дзяржаву нароўні зь Беларусьсю, на роўных правах.

Гэта быў ад самага пачатку асуджаны на няўдачу праект. Магчыма Беларусь на нейкім этапе нешта і выйгравала эканамічна, але палітычна гэта нанесла Беларусі вялікія страты. Бо Беларусь выстаўляла сябе перад міжнароднай супольнасьцю нейкім паўфабрыкатам. Ці то гэта незалежная дзяржава, ці то гэта дзяржава, якая спрабуе прадаць сваю незалежнасьць Расеі як мага даражэй. Калі сёньня гэты разрыў адбыўся, я думаю гэта найперш на карысьць Беларусі, якой варта адкінуць усялякія гульні і весьці курс на інтэграцыю з Эўропай, разьвіцьцё дэмакратыі і станаўленьне сапраўднай прававой дзяржавы.

Сяргей Абламейка
Радыё Свабода, 20 верасьня 2010

Кoличество переходов на страницу: 1474


Комментарии