https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Пралангацыя ўказа прэзідэнта № 361 прывядзе да таго, што насельніцтва стане купляць дарагія тавары за межамі Беларусі


Такое меркаванне выказалі эксперты, каментуючы ініцыятывы ўлад у дачыненні да імпарцёраў.

Летам 2014 года ў Беларусі быў прыняты ўказ № 361, згодна з якім для імпарцёраў (што ўвозяць тавары ў нязменным выглядзе) была ўстаноўленая адтэрміноўка на 90 дзён права на вылічэнне ўвазнога ПДК. Фактычна гэта азначала, што імпарцёры абавязаныя двойчы выплаціць падатак на дададзены кошт: першы раз — на мяжы пры ўвозе тавару, другі — пры выплаце падаткаў за справаздачны перыяд. Вярнуць звышвыплачаныя сумы ПДК імпарцёры могуць толькі праз тры месяцы. У выніку ў прадпрыемстваў-імпарцёраў, як яны заяўлялі, утварыўся недахоп абаротных сродкаў на суму звышвыплачанага ПДК. 

Указ № 361 дзейнічаў да канца 2014 года, аднак Міністэрства па падатках і зборах на гэтым тыдні паведаміла, што палажэнні згаданага дакумента могуць быць пралангаваныя на цяперашні год. 

"Доступ на расійскі рынак для насельніцтва Беларусі з'яўляецца абсалютна адкрытым. У выпадку працягу 361-га ўказа ў беларусаў будзе матывацыя з'ездзіць у Расію і набыць імпартны тавар па ніжэйшай цане", — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. 

Падобнай думкі прытрымліваюцца прадстаўнікі бізнесу. Паводле іх слоў, указ № 361 у 2014 годзе ўжо прывёў да скарачэння продажу беларускіх імпарцёраў, але пры гэтым стаў стымуляваць працэс куплі насельніцтвам дарагіх тавараў за межамі краіны. 

"Пасля ўвядзення ў дзеянне ўказа № 361 імпарт новых легкавых аўтамабіляў у краіну ў другім паўгоддзі вырас у два (!) разы адносна адпаведнага перыяду папярэдняга 2013 года. А вось увоз гэтых аўтамабіляў нацыянальнымі імпарцёрамі сапраўды знізіўся на 7%", — напісаў у сваім блогу намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Сяргей Варывода. 

Ён выказаў меркаванне, што працяг дзеяння ўказа № 361 у 2015 годзе прывядзе да аналагічных наступстваў і будзе стымуляваць насельніцтва купляць тавары за межамі краіны. 

"Магчыма, за батонам вы ў Смаленск не пабяжыце, а вось за аўтамабілем, бытавой тэхнікай, мэбляй і таму падобным папросту. Тым больш што інфляцыя цэн на гэтыя тавары ў Расіі яшчэ доўга будзе адставаць ад глыбіні дэвальвацыі расійскага рубля", — адзначае Варывода. 

Згодна з разлікамі эксперта, зберажэнні беларусаў сёння дазваляюць набыць не менш як 500 тыс. новых легкавых аўтамабіляў. Дзяржава, мяркуе Варывода, не павінна быць абыякавай да таго, у якой краіне насельніцтва будзе траціць валюту на набыццё імпартнага тавару. 

Улічваючы неспрыяльныя наступствы, звязаныя з працягам дзеяння ўказа № 361, гэтае пытанне неабходна пільна вывучаць, мяркуе эксперт. "Перш чым працягваць "на новы тэрмін" вельмі балючую для нашых імпарцёраў меру з "замарозкай" у бюджэце на 90 дзён увазнога ПДК, трэба дзесяць разоў пралічыць наступствы для кожнага сегмента таварнага рынку", — перакананы Варывода. 

На першы погляд, лічаць эксперты, працяг нормаў 361-га ўказа дазволіць атрымаць дзяржаве дадатковыя прыбыткі, аднак на самой справе сітуацыя можа быць іншай. "Зразумела, што дзяржава хоча пакарыстацца грашыма імпарцёраў, аднак нормы, замацаваныя ў 361-м указе, могуць прывесці да скарачэння бізнесу імпарцёраў, і тады бюджэт недаатрымае грошы", — лічыць Аляксандр Чубрык. 

На думку эканаміста, такі сцэнарый верагодны, улічваючы, што імпарцёры ў выпадку працягу дзеяння 361-га ўказа будуць вымушаныя закладваць падатковыя выдаткі ў цэны. Адпаведна, лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ, з-за падаражання продаж імпарцёраў можа знізіцца, і іх бізнес будзе згортвацца. 

"Калі дзяржава вырашыла забраць грошы ў імпарцёраў, спачатку трэба было даведацца, ці змогуць яны іх зарабіць", — рэзюмаваў Чубрык.

Дзмітрый Заяц
БелаПАН, 24 студзеня 2015

Кoличество переходов на страницу: 1037


Комментарии