Як гаворыцца ў дакладзе Цэнтра інтэграцыйных даследаванняў (ЦІД) ЕАБР "Маніторынг узаемных інвестыцый у краінах СНД — 2017", пасля трох гадоў падзення, у 2013—2015 гадах, узаемныя прамыя замежныя інвестыцыі (ПЗІ) краін ЕАЭС у 2016 годзе выраслі на 15,9% — да 26,8 млрд долараў ЗША.
Найбуйнейшымі экспарцёрамі капіталу ў ЕАЭС сталі расійскія кампаніі — на іх прыпала звыш 78% экспарту ПЗІ. На другім месцы Казахстан (13,5%), на трэцім — Беларусь (7,8%). Арменія і Кыргызстан прыкметна саступілі найбольш буйным эканомікам ЕАЭС, адзначаецца ў дакладзе.
Новая з'ява заключаецца ў тым, што Расія пачала не толькі накіроўваць свае інвестыцыі ў іншыя краіны ЕАЭС, але і атрымліваць усё больш інвестыцый ад суседзяў: назапашаны аб'ём прамых капіталаўкладанняў з іншых краін ЕАЭС дасягнуў 5 млрд долараў ЗША. Тым не менш галоўнымі атрымальнікамі ПЗІ па-ранейшаму з'яўляюцца Беларусь (8,6 млрд долараў ЗША да канца 2016 года) і Казахстан (8,2 млрд долараў ЗША да канца 2016 года).
Паводле ацэнак аўтараў дакладу, высокія паказчыкі па Расіі забяспечвае абмежаванае кола кампаній. На пачатак 2017 года на 25 найбуйнейшых расійскіх кампаній, якія інвесціруюць у краіны ЕАЭС, прыпала 71% усіх назапашаных узаемных ПЗІ ў ЕАЭС, а на 25 найбуйнейшых праектаў расійскіх кампаній — каля 61%.
Аналітыкі ЕАБР лічаць, што паглыбленне еўразійскай інтэграцыі ў ЕАЭС і будаўніцтва агульных рынкаў паступова будуць мяняць карціну карпаратыўнага ўзаемадзеяння. Пакуль жа перавагі ЕАЭС выкарыстоўваюць у асноўным буйныя кампаніі-інвестары. Для буйнога бізнесу трансгранічныя бар'еры менш адчувальныя: рэсурсы кампаній дазваляюць эфектыўна іх пераадольваць. Сярэдні бізнес пакуль за мяжу не ідзе, гаворыцца ў дакладзе.
"Кампаніі сярэдняга эшалона больш абмежаваныя як у грашовых сродках, так і ў адміністрацыйным рэсурсе. Адзіны рынак дае ім больш шырокі спектр магчымасцяў для выбудоўвання ланцужкоў дададзенага кошту і маштабавання сваёй бізнес-актыўнасці, — адзначыў дырэктар ЦІД ЕАБР Яўген Вінакураў. — Сярэдні бізнес па-ранейшаму малаактыўны. Разам з тым у 2016 годзе кампаніі сярэдняга памеру з Казахстана і Беларусі змаглі нарасціць капітал у краінах — партнёрах па ЕАЭС: выраслі іх інвестыцыі ў аграхарчовым комплексе, будаўніцтве, ІТ і гандлі".
На першым месцы сярод галін — хімічны комплекс расійскай эканомікі (35,1% аб'ёму імпартаваных ПЗІ з краін ЕАЭС па выніках 2016 года). На другім — аграхарчовы комплекс Расіі (15,8%), дзе асноўны аб'ём інвестыцый падалі казахстанскія кампаніі, якія спецыялізуюцца на раслінаводстве і вытворчасці малочнай прадукцыі. Прамыя капіталаўкладанні з Казахстана ў расійскія аэрапорты забяспечылі транспартнаму комплексу трэцяе месца (14,2%). Удзел казахстанскіх інвестараў у расійскім гасцінічным бізнесе дазволіў турыстычнаму комплексу замацавацца на чацвёртай пазіцыі (14%).
Расійскія кампаніі нарасцілі ПЗІ ва ўсіх краінах Еўразійскай саюза. На пачатак 2017 года лідарам па імпарце расійскіх ПЗІ з'яўляецца Беларусь (8,5 млрд долараў ЗША). Далей ідуць Казахстан (8,2 млрд долараў ЗША), Арменія (3,4 млрд долараў ЗША) і Кыргызстан (0,9 млрд долараў ЗША). Больш за палову расійскіх ПЗІ ў краінах ЕАЭС прыпадае на паліўны комплекс. Прыкметнае месца займаюць ПЗІ ў каляровую металургію, сувязь і ІТ, фінансавы сектар.
За першы поўны год пасля ўступлення ў Еўразійскі саюз Кыргызстан паказаў павелічэнне прытоку ПЗІ з краін ЕАЭС на 11% (да 1,5 млрд долараў ЗША да канца 2016 года), у тым ліку з Расіі — на 21% (да 0,9 млрд долараў ЗША да канца 2016 года). Эксперты ЦІД ЕАБР чакаюць, што членства ў ЕАЭС дазволіць Кыргызстану палепшыць свой інвестыцыйны імідж, і прагназуюць рост расійскіх і казахстанскіх прамых інвестыцый.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 жніўня 2017
Мінск, 21 жніўня 2017
Кoличество переходов на страницу: 630
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |