Агульныя грошы, суд і мытня. Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падчас візыту ў Берасьце 13 сьнежня акрэсьліў, якой інтэграцыі хоча Расея ад Беларусі.
«Хачу асабліва падкрэсьліць: Расея гатовая і далей прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дамовай аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 8 сьнежня 1999 году», — сказаў Мядзьведзеў.
У гэтым выпадку, паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, можна праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня.
Два варыянты інтэграцыі
Паводле словаў кіраўніка расейскага ўраду, ёсьць два варыянты разьвіцьця расейска-беларускага інтэграцыйнага праекту. Адзін зь іх — кансэрватыўны.
«У выпадку захаваньня контураў той Саюзнай дзяржавы, якая была створана на сёньняшні момант, (ажыцьцяўляць праект) без павышэньня ўзроўню інтэграцыі да тых межаў, якія ўстаноўлены ў Дагаворы ад 8 сьнежня 1999 году, без фармаваньня ўсіх інстытутаў, якія закладзены ў гэтай дамове», — сказаў Мядзьведзеў.
Пры гэтым разьвіцьцё ЕАЭС і іншыя праекты будзе, вядома, працягнутыя.
Другі ж варыянт разьвіцьця інтэграцыі зь Беларусьсю, паводле Мядзьведзева, заснаваны на павышэньні яе ўзроўню да межаў, азначаных у Дамове «з адначасовым павышэньнем ўзаемазалежнасьці эканомік, магчымасьці аказаньня дапамогі і падтрымкі ў ходзе саюзнага будаўніцтва, рашэньні самых розных пытаньняў інтэграцыі», — сказаў Мядзьведзеў.
«Які з гэтых варыянтаў выбраць — можна абмяркоўваць тут, на Вышэйшым дзяржсавеце на ўзроўні прэзідэнтаў дзвюх краін У любым выпадку мы адкрытыя да абмеркавання гэтых пытанняў...
Саюзны праект можа быць зусім інакш выкананы, калі мы прыкладзем намаганьні для таго, каб рэалізаваць Дамову, падпісаную ў сьнежні 1999 году, уключаючы стварэньне тых структур, якія да гэтага часу ня створаныя, але якія гэтай дамовай прадугледжаныя. Гэта адкрые абсалютна новую старонку ў інтэграцыі паміж нашымі краінамі і дазволіць нам вырашаць самыя розныя пытаньні, уключаючы пытаноні фінансава-эканамічнага ўзаемадзеяньня, палітычных кансультацый і масу іншых пытаньняў», — заявіў Д. Мядзведзеў журналістам пасьля паседжаньня Саўміна Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ў Берасьці.
Камэнтар аглядальніка Свабоды Юрыя Дракахруста
Часам яны вяртаюцца — гэтак называлася стужка-хорар пра тое, як у сучаснасьці зьяўляюцца монстры зь мінулага.
Нешта падобнае адбылося падчас выступу прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева на саюзным саўміне ў Берасьці. Размова ідзе пра рэалізацыю паўзабытай дамовы аб Саюзнай дзяржаве — адзіная валюта, адзіны суд, адзіная мытня.
Пакуль толькі пра гэта. Але варта нагадаць, што дамова прадугледжвала і далейшыя крокі ў інтэграцыі — прынамсі шлях да адзінага парлямэнту і адзінага прэзыдэнцтва.
Аднак па структуры цяперашняя прапанова Мядзьведзева падобная на прапанову Ўладзіміра Пуціна ад 2002 году, на так званае «аддзяленьне мух ад катлет». Ці Беларусь банальна ўступае ў склад Расейскай Фэдэрацыі ці менш адказнае збліжэньне, «кшталту як у Эўразьвязе», паводле тагачасных словаў Пуціна.
І цяпер Мядзьведзеў таксама кажа пра два шляхі далейшага разьвіцьця інтэграцыі — ці рэалізацыя палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы ці «кансэрватыўны шлях». Выбар як бы пакідаецца за Беларусьсю. Але ня трэба забываць кантэкст.
На парадку дня ў двухбаковых адносінах — цана на газ, зьніжэньня якой дамагаецца Беларусь, і падатковы манэўр, кампэнсацыі за які хоча Менск.
Днямі расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітры Козак адмовіўся размаўляць на гэтыя тэмы зь беларускай урадавай дэлегацыяй да вызначэньня далейшага шляху інтэграцыі.
І з гэтага дэмаршу, і зь сёньняшняй заявы Мядзьведзева можна зразумець, што беларускі бок пастаўлены перад дылемай — альбо больш глыбокая інтэграцыя, рэалізацыя дамовы аб саюзнай дзяржаве ад 1999 году, і тады пажаданьні Менску па газу і нафце будуць задаволеныя, альбо інтэграцыя застаецца на цяперашнім узроўні, і тады асабліва на саступкі Расеі Беларусі разьлічваць не даводзіцца.
*** *** ***
Дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы 1999 году прадугледжвала, сярод іншага, наступнае:
* агульную грашовую адзінку (валюту) выдае адзіны эмісійны цэнтар;
* забараняецца ўвядзеньне і эмісія іншай валюты ў Саюзнай дзяржаве;
* нацыянальныя валюты выкарыстоўваюцца да ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі.
Паводле пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю ад 30 лістапада 2000 году агульная валюта і адзіны эмісійны цэнтар Саюзнай дзяржавы павінны былі зьявіцца ад 1 студзеня 2005 году. Ролю адзінай валюты меўся выконваць расейскі рубель.
Намесьнік Мядзьведзева Дзьмітры Козак 11 сьнежня не захацеў абмяркоўваць нафтагазавыя пытаньні зь беларускай дэлегацыяй, якая ўжо прыбыла ў Маскву. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Козак не палічыў магчымым абмяркоўваць эканамічныя пытаньні да «прыняцьця прынцыповых рашэньняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы».
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр — зьмена спагнаньня экспартнага мыта на падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
Раней і да канца 2018 году ў Расеі экспарт сырой нафты абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны.
Мыта не спаганялася зь паставак у Беларусь на 18-20 мільёнаў тон у год.
Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Беларускі бюджэт па розных ацэнках можа недаатрымаць да 12 мільярдаў даляраў у 2019-2024 гадах — у параўнаньні з сытуацыяй, калі б Расея захавала як цяперашні ўзровень экспартнага мыта, гэтак і абʼёмы бязмытных паставак нафты ў Беларусь.
Міністар фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што ў 2019 годзе Беларусь страціць праз падатковы манэўр 630 млн рублёў (каля 296,2 млн даляраў на момант заявы).
Міністар фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што ў 2019 годзе Беларусь страціць праз падатковы манэўр 630 млн рублёў (каля 296,2 млн даляраў на момант заявы).
У якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля 405 млн даляраў.
Радыё Свабода, 13 сьнежня 2018
Радыё Свабода, 13 сьнежня 2018
Кoличество переходов на страницу: 484
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |