https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Сурыкаў: "Летась мы вырашылі ў асноўным усе эканамiчныя пытаннi"


З першых вуснаў

Пра вынiкi супрацоўнiцтва i асаблiвасцi адносiн Расii i Беларусi ў 2011 годзе карэспандэнт Звязды гутарыць з Надзвычайным i Паўнамоцным паслом Расiйскай Федэрацыi ў Рэспублiцы Беларусь А. А. Сурыкавым.
______________________________________

- Аляксандр Аляксандравiч, якiя, на ваш погляд, галоўныя палiтычныя i эканамiчныя вынiкi развiцця беларуска-расiйскiх адносiн у 2011 годзе? Чым ён быў характэрны?

- Гэты год быў знамянальным у многiх адносiнах. Назаву толькi вузлавыя моманты. Важнейшым палiтычным вынiкам года стала агульнае пацяпленне ў адносiнах памiж Расiйскай Федэрацыяй i Беларуссю. Адсюль i рашучыя зрухi ў справе iнтэграцыi нашых краiн. У iх кiраўнiкоў пераважала жаданне захаваць усё тое станоўчае i карыснае, што было дасягнута за ўсе гады будаўнiцтва Саюзнай дзяржавы. І гэта атрымалася. Мы таксама сталi больш цесна i эфектыўна працаваць i ў мiжнародных арганiзацыях: ААН, АБСЕ, СНД i iншых. Там мы выступаем з адзiнай пазiцыяй, агульнай аргументацыяй i ўзгодненымi падыходамi да вырашэння глабальных i рэгiянальных праблем.

Летась мы вырашылi ў асноўным усе эканамiчныя праблемы. Напрыклад, у такой адчувальнай сферы як пастаўкi энерганосьбiтаў. Па прыродным газе сёння поўная яснасць. Сёлета тысяча кубаметраў газу для Беларусi каштуе 165,5 долараў. Гэта, лiчу, вельмi добрая навiна для ўсiх беларусаў, як для радавых спажыўцоў, так i для вытворцаў. Гэта дазволiць iм выпускаць больш канкурэнтаздольную прадукцыю. Вырашаны таксама ўсе пытаннi, звязаныя з коштам транзiту газу, аб'ёмамi яго перапампоўкi. Гэтаму спрыяла i тая акалiчнасць, што ў 2011 годзе Газпрам стаў уладальнiкам 100 % акцый Белтрансгаза. Зараз Газпрам зацiкаўлены ў поўнай загрузцы газаправода, а гэта значыць, што Беларусi гарантавана рэгулярнае паступленне прыбыткаў ад транзiту блакiтнага палiва, захаванне тысяч працоўных месцаў. У канцы мiнулага года мы дамовiлiся i аб пастаўках нафты. Яе Беларусь таксама будзе атрымлiваць на выгадных умовах, што дазволiць вашым нафтаперапрацоўчым заводам павялiчыць прыбытак.

Важным дасягненнем 2011 года лiчу вырашэнне комплексу стратэгiчных пытанняў, звязаных з будаўнiцтвам АЭС у Беларусi, у прыватнасцi, з выдзяленнем расiйскiх крэдытаў. Яны складуць вельмi значную суму: каля 10 мiльярдаў долараў. Засваенне гэтых велiзарных сродкаў дазволiць стварыць тысячы працоўных месцаў, укаранiць найноўшыя ядзерныя тэхналогii, атрымлiваць высокiя прыбыткi ад экспарту энергii, наогул палепшыць эканамiчныя паказчыкi краiны.

- З 1 студзеня гэтага года мы жывём у рамках Адзiнай эканамiчнай прасторы (АЭП) Беларусi, Расii i Казахстана. На вышэйшым узроўнi неаднаразова заяўлялася, што зараз свабодна i без якiх-небудзь абмежаванняў па тэрыторыi гэтых краiн будуць перамяшчацца тавары, капiталы, людзi. Як усё гэта можа i павiнна паўплываць на паляпшэнне нашага жыцця?

- Падкрэслю самае галоўнае: АЭП будзе садзейнiчаць захаванню i ўмацаванню эканомiкi кожнай з трох краiн, стварэнню новых галiн, выхаду на знешнiя рынкi iх тавараў, а не правакаваць лiквiдацыю асобных вытворчасцяў. Як гэта, напрыклад, здарылася ў некаторых краiнах-навiчках Еўрасаюза, дзе больш магутныя заходнiя канкурэнты "задушылi" вытворцаў аналагiчнай прадукцыi на ўсходзе. А будзе здаровай эканомiка -- будуць расцi i прыбыткi, узровень i якасць жыцця грамадзян Беларусi, Расii i Казахстана.

- У нашых чытачоў вялiкую цiкавасць выклiкае стварэнне Еўразiйскай эканамiчнай камiсii (ЕЭК). Можаце паведамiць якiя-небудзь падрабязнасцi пра гэты наднацыянальны орган: яго паўнамоцтва, персанал, колькасць "камiсараў" (па аналогii з ЕС), прынцып прыняцця важных рашэнняў i т. д.?

- Гэтая вялiкая структура робiць толькi першыя крокi. Яе штаб-кватэра ў Маскве, туды падбiраецца квалiфiкаваны персанал, дзесьцi каля 1200 чалавек. Усе яны -- расiяне, беларусы i казахстанцы -- будуць прымацца на працу толькi па вынiках адкрытага конкурсу на замяшчэнне пэўнай пасады. Зразумела, перавагу атрымаюць прафесiяналы з вялiкiм досведам. Трапiць у ЕЭК па пратэкцыi на "хлебнае" месца, думаю, будзе наўрад цi магчымым. Ды i "хлебным" месцам працу ў Камiсii не назавеш: работы будзе вышэй даху, бо вельмi шмат чаго прыйдзецца пачынаць з белага лiста. А задачы ў персаналу камiсii вельмi адказныя: забяспечыць бездакорнае i своечасовае выкананне ўсiх стратэгiчных рашэнняў Савета кiраўнiкоў дзяржаў. Ён, па сутнасцi, стане вышэйшым орган АЭП. Бягучай працай Еўразiйскай эканамiчнай камiсii будзе кiраваць яе калегiя, куды ўвойдуць па тры прадстаўнiкi ад Беларусi, Расii i Казахстана.

- Чым будзе займацца ў Камiсii член калегii ЕЭК Сяргей Сiдорскi, у нядаўнiм мiнулым прэм'ер-мiнiстр беларускага ўрада?


- Як раз пытаннямi дзейнасцi аграпрамысловага комплексу i прамысловасцi.

- I як будзе аплочвацца складаная праца члена калегii ЕЭК?


- Кожны з дзевяцi членаў калегii ЕЭК будзе атрымлiваць зарплату прыкладна такую, як i мiнiстр ураду Расiйскай Федэрацыi. Гэта, зразумела, прыстойная аплата працы. Але i, паўтаруся, адказнасць на кожным члене калегii будзе ляжаць велiзарная. Яму прыйдзецца нярэдка прымаць няпростыя рашэннi па складаных пытаннях. Бо ў ЕЭК перадаецца прыкладна 175 нацыянальных паўнамоцтваў, напрыклад, мытныя i iнш. Камiсiя будзе выконваць гэтыя паўнамоцтвы ўжо ў якасцi наднацыянальнага органа.

- У выпадку ўзнiкнення рознагалоссяў, спрэчных момантаў (а яны, вядома, будуць перыядычна даваць пра сябе знаць - справа ж новая) хто выступiць у ролi арбiтра?


- Савет Еўразiйскай эканамiчнай камiсii, куды ўвойдзе па адным вiцэ-прэм'еры ад кожнай краiны. На гэты Савет ускладзеная адказнасць па аналiзе вострых сiтуацый (калi такiя будуць узнiкаць) i пошуку выхаду з iх, вырашэнню праблемных пытанняў.

- Як вы ацэньваеце заявы асобных палiтолагаў i аналiтыкаў аб тым, што АЭП уяўляе сабой прыладу па цiхай i нiбы добраахвотнай iнкарпарацыi (уключэнне меншых аб'ектаў у склад большага) Беларусi ў склад Расiйскай Федэрацыi?

- Як выдумкi нядобразычлiўцаў i зласлiўцаў. Гэта пустыя гутаркi, якiя не маюць пад сабой нiякiх падстаў.

- На фоне вялiкiх перспектыў Адзiнай эканамiчнай прасторы цi не сыходзiць паступова на другi план i губляе актуальнасць iдэя пабудовы Саюзнай дзяржавы?

- Я так не думаю. Патэнцыял Саюзнай дзяржавы па-ранейшаму вялiкi. Узнiкненне Саюзнай дзяржавы стала добрым прыкладам iнтэграцыi для ўсiх краiн, якiя з'явiлiся на постсавецкай прасторы пасля развалу СССР. Вядома, стварэнне Саюзнай дзяржавы iшло не без цяжкасцяў, спрэчак i непаразуменняў, але, тым не менш, у Беларусi i Расii атрымалася iстотна прасунуцца наперад у дасягненнi пастаўленых мэт. Асаблiва ў галiне ўзаемнага захавання правоў грамадзян Беларусi i Расii ў розных сферах: адукацыi, медыцынскiм абслугоўваннi, пенсiйным забеспячэннi i iншых. Таму мне рэальнай бачыцца такая перспектыва: Адзiная эканамiчная прастора Беларусi, Казахстана i Расii развiваецца як "тройка", а Саюзная дзяржава Беларусi i Расii - як "двойка".

- На якой стадыi знаходзiцца работа па паступовым пераходзе расiйскага рубля ў разрад паўнавартаснай рэзервовай рэгiянальнай валюты?

- Гэтая задача па-ранейшаму з'яўляецца актуальнай для нас. Але тут трэба ўважлiва паглядзець, а цi гатовая банкаўская сiстэма Расii, яе фондавыя рынкi да такога адказнага кроку? Бо статус рэзервовай рэгiянальнай валюты да многага абавязвае, ёй павiнны карыстацца не толькi Расiя, Беларусь i Казахстан, а большае кола краiн. Таму, перш чым аб'яўляць рубель рэзервовай валютай, трэба моцна падумаць аб верагодных наступствах такога рашэння, яго плюсах i мiнусах.

- Як вы думаеце, цi варта ўводзiць адзiную валюту "Тройкi"?


- Пакуль такое пытанне не ставiцца кiраўнiцтвам Расii, Беларусi i Казахстана. Магчыма, яно паўстане пасля завяршэння фармiравання Еўразiйскага саюза. Тады, вiдаць будуць важкiя аргументы i прычыны гаварыць аб стварэннi валютнага саюза краiн-удзельнiц АЭП. А пакуль, як вядома, не да канца вычарпана пытанне аб стварэннi адзiнай валюты ў рамках Саюзнай дзяржавы. На гэты конт былi прынятыя адпаведныя рашэннi, яны пакуль не адменены. Але калi раптам Беларусь зноў апынецца ў складанай валютна-фiнансавай сiтуацыi, як гэта здарылася ў 2011 годзе, то тады, магчыма, варта будзе падумаць аб пераходзе на агульную з Расiяй валюту.

- Нядаўна была агучана iнфармацыя аб тым, што ў Беларусi разглядаецца пытанне аб магчымым выпуску на базе аднаго з заводаў кiтайскiх легкавых аўтамабiляў. Як у Расii паставяцца да гэтага?

- Мякка кажучы, без вялiкага энтузiязму. Глядзiце, мы стварылi Мытны саюз якраз для абароны сябе ад нядобрасумленнай канкурэнцыi iншых краiн. А Кiтай, як вядома, не ўваходзiць у Мытны саюз. Таму я не выключаю, што Расiя, якая мае значныя магутнасцi па выпуску легкавых аўтамабiляў, будзе настойваць на iстотным абмежаваннi ўвозу кiтайскiх камплектных частак для наступнай зборкi з iх машын у Беларусi. Гэта права Расii i такое пытанне можа паўстаць.

- У працяг аўтамабiльнай тэмы. Чаму затармазiлася, скажам так, аб'яднанне актываў КамАЗа i МАЗа?


- Не па вiне расiян. Беларускi бок не пагадзiўся з ацэнкай замежнай незалежнай кампанii актываў МАЗа i настояў на правядзеннi паўторнай ацэнкi. Вось i ўся прычына. Не думаю, што новая ацэнка iншай кампанii будзе моцна па лiчбах адрознiвацца ад папярэдняй ацэнкi. Бо методыка гэтай працы ўвогуле аднолькавая.

- У сувязi са стварэннем АЭП цi з'явяцца ў Расii новыя стымулы пракласцi другую нiтку нафтаправода Ямал -- Еўропа праз Беларусь?

- Не думаю. А навошта? Будаўнiцтва другой нiткi - гэта не толькi пытанне беларуска-расiйскiх адносiн. Яно тычыцца i Польшчы. А з ёй у гэтай справе могуць паўстаць самыя розныя праблемы, якiя Расii абсалютна не патрэбны. Таму мы i пайшлi на будаўнiцтва "Паўночнага патока" адразу ў Германiю.

- Падчас сустрэч з журналiстамi вы не раз адзначалi, што адзiнства народаў Беларусi i Расii -- гэтая фундаментальная з'ява. Якую ролю ў iх зблiжэннi адыгрываюць культурныя сувязi, кантакты пiсьменнiкаў, мастакоў, дзеячаў мастацтваў?


- На гэтую тэму можна доўга разважаць. Скажу толькi, што нашы народы звязвае багатае культурнае мiнулае. I гэта дарагога каштуе. Прыемна адзначыць, што ў апошнi час развiццю культурных сувязяў надаецца вялiкае значэнне. Знакавай падзеяй стала адкрыццё ў Мiнску расiйскага культурнага цэнтра, правядзенне сумесных акцый i мерапрыемстваў. Вырас абмен гастролямi. Актыўней сталi супрацоўнiчаць i лiтаратары. У прыватнасцi, створаны сумесны саюз пiсьменнiкаў Саюзнай дзяржавы. У яго блiжэйшых планах -- выпуск шматтомнага выдання твораў расiйскiх i беларускiх аўтараў. Гэтыя кнiгi папоўняць фонды бiблiятэк нашых краiн. Сёлета запланавана правядзенне многiх цiкавых мерапрыемстваў i значных культурных праектаў.

- Дарэчы, некаторыя вашы пiсьменнiкi актыўна праявiлi сябе ў час нядаўнiх мiтынгаў у Маскве. Зразумела, чаму шумiць i бунтуе Нямцоў, але чаму ў першых шэрагах пратэстуючых апынуўся папулярны i запатрабаваны пiсьменнiк Акунiн, шмат iншых вядомых прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi? Нешта не тое ў расiйскай дзяржаве? Гэта не пустое пытанне. Бо чым цясней узаемадзейнiчаюць нашы краiны, тым больш уважлiва мы сочым за падзеямi ў вас, суседзяў i саюзнiкаў. Таму некалькi слоў аб унутрыпалiтычнай сiтуацыi ў Расii.


- Не толькi ў расiйскай iнтэлiгенцыi з'явiлiся пытаннi пасля выбараў у Думу. Гэта, лiчу, нармальная рэакцыя людзей на iх вынiкi. Падкрэслю, не апазiцыянераў, што заклiкаюць да звяржэння дзейнай улады, а тых, хто неабыякавы да лёсу Расii, а таму патрабуе палiтычных рэформаў. Напрыклад, людзi хочуць выбiраць самiм губернатараў, дэпутатаў па акругах, надзяляць iх правам рэальнага кантролю за дзейнасцю выканаўчай улады, каб дэпутаты выконвалi наказы выбаршчыкаў. Сярод актыўных грамадзян Расii i вядомы пiсьменнiк Барыс Акунiн, па маiм перакананнi, сумленны i прыстойны чалавек. Мiкрафон на мiтынгу ён выкарыстаў для таго, каб выказаць сваю пазiцыю, а не з жадання пакрасавацца перад тэлекамерамi. Такiя, як ён, ад няма чаго рабiць не iдуць на плошчу.

I вельмi важна тое, падкрэслю, што ўлада пачула гэтых неабыякавых людзей, зрабiла высновы i, думаю, прыме правiльныя рашэннi i захады па выпраўленнi недахопаў, у прыватнасцi, у выбарчым працэсе. Прэзiдэнт Расii ў сваiм пасланнi ўжо агучыў прапанаваныя захады па мадэрнiзацыi палiтычнай сiстэмы. Хацелася б, каб i ў Беларусi ўлада чула прадстаўнiкоў грамадзянскага грамадства, а не апазiцыю, у якой адна мэта: любой цаной прадзерцiся да рычагоў кiравання краiнай. А наогул, нам трэба на розных узроўнях менш верыць палiттэхнолагам, а больш абапiрацца на iнiцыятыву людзей, iх iнтуiцыю, на энергiю грамадзянскага грамадства. Бо палiтычная дэмакратызацыя заўсёды вядзе да разнявольвання iнiцыятывы грамадства i бiзнэсу, у цэлым народа.

- Аляксандр Аляксандравiч, што б вы пажадалi нашым чытачам у 2012 годзе?

- Шчыра зычу беларускаму народу ўсяго самага найлепшага, шчасця, здароўя, выканання ўсiх жаданняў, паляпшэння ўзроўню жыцця ў новым годзе.

Гутарыў Леанiд Лахманенка
Звязда, 4 студзеня 2012

Кoличество переходов на страницу: 1492


Комментарии