Белорусский портал в Казахстане

У свеце з 320 трансгенных ліній 25 відаў генетычна мадыфікаваных культур масава вырошчваецца ўсяго чатыры культуры: соя, кукуруза, бавоўнік і рапс



Пра гэта паведаміў кіраўнік Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра біябяспекі Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Драмашка 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ён расказаў, што ўсяго генна-мадыфікаваную прадукцыю вырошчваюць 28 краін. З 2008 года генна-мадыфікаваную бульбу перасталі вырошчваць Германія і Швецыя пад уплывам грамадскай думкі з-за праблем са збытам. Трэцяя краіна, якая перастала апрацоўваць ГМ-культуры, — гэта Польшча. Але тут праблемы ўзніклі з-за розначытанняў ва ўнутраным і знешнім заканадаўствах ЕС і ўнутраным заканадаўстве па частцы выдачы дазволаў на выхад ГМА ў навакольнае асяроддзе.

Сярод рызык ад ГМА Драмашка назваў таксічнасць і алергеннасць — у прадуктаў харчавання, у раслін — небяспека ператварыцца ў пустазелле. Аднак, адзначыў спецыяліст, усе гэтыя рызыкі і небяспекі ўлічаныя ў беларускім законе "Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці", прынятым у 2006 годзе.

БелаПАН, 14 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/984/19888
Текущая дата: 18.11.2024