Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў вялікіх гарадах на электрычны



Пра гэта паведаміў 23 верасня на прэс-канферэнцыі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Беларусь стала паўнапраўным бокам Парыжскага пагаднення па клімаце першай з краін СНД і 30-й у свеце. Краіна ўзяла на сябе абавязацельствы да 2030 года на 28 працэнтаў зменшыць выкіды парніковых газаў (у параўнанні з 1990-м).

У адпаведнасці з патрабаваннямі пагаднення, Беларусь не пазней за люты 2020 года прадставіць свой другі нацыянальна-вызначальны ўклад, які змяшчае яшчэ больш амбіцыйныя абавязацельствы. Урадам зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення па клімаце.

"Адным з рашэнняў, што садзейнічаюць пераходу краіны да вугляроднай нейтральнасці, з`яўляецца пераход ад вуглевадароднага транспарту да электрычнага, - сказаў Аляксандр Корбут. - Краіна прыняла рашэнне аб развіцці электратранспарту як нацыянальнага прыярытэту, прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць гэту сферу. Распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў вялікіх гарадах на электрычны".

У краіне актыўна развіваецца пасажырскі электратранспарт - электробусы, тралейбусы і трамваі, электрапаязды. Ёсць уласныя інавацыйныя распрацоўкі ў сферы вытворчасці электрамабіляў.

"Сёння ў Беларусі эксплуатуюцца 83 электробусы вытворчасці кампаніі "Белкамунмаш". Прадпрыемства распрацоўвае новы від электробуса, які будзе адпавядаць патрабаванням ЕС, і мы спадзяёмся, што ён будзе экспартавацца ў гэтыя краіны. У развіцці нацыянальнай інфраструктуры для электратранспарту краіна кіруецца тым, што наша геаграфічнае становішча фарміруе своеасаблівы калідор для такога транспарту. Неабходна каардынацыя намаганняў дзяржаў у гэтай сферы, адзіныя падыходы да зарадных станцый, станцый тэхабслугоўвання. Беларусь можа выступіць каардынатарам фарміравання інфраструктуры для электратранспарту ў рэгіёне, а таксама надзейным пастаўшчыком, можа перадаваць веды і вопыт суседнім краінам, прыцягваць партнёраў і інвестыцыі для вытворчасці", - адзначыў намеснік міністра.

Беларусь імкнецца стаць нізкавугляроднай краінай да 2050 года. Сярод магчымых мер для дасягнення гэтай мэты - больш шырокае выкарыстанне ўзнаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва энергаэфектыўнага жылля, развіццё электратранспарту, укараненне ў эканоміку нізкавугляродных і безвугляродных тэхналогій, увядзенне вугляроднага падатку і стварэнне нацыянальнага вугляроднага рынку.

23 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-411/78/49936
Текущая дата: 16.11.2024