Белорусский портал в Казахстане

Кітай перадаў Беларусі мытны інспекцыйна-надглядны комплекс коштам прыкладна 4 млн. долараў



Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі і часовы павераны ў справах Кітая ў Беларусі Жэнь Шы падпісалі 27 снежня двухбаковы акт аб перадачы беларускім мытным органам стацыянарнага інспекцыйна-надгляднага комплексу.

Як паведамляе прэс-служба ДМК, будаўніцтва комплексу вялося ў адпаведнасці з кантрактам аб бязвыплатнай дапамозе ўрада КНР ураду Беларусі, заключаным 1 сакавіка 2011 года паміж ДМК і кампаніяй Nuctech, адным з сусветных лідараў у сферы распрацоўкі і вытворчасці рэнтгенаўскіх сканавальных сістэм.

Стацыянарны інспекцыйна-надглядны комплекс устаноўлены ў пункце пропуску "Казловічы" Брэсцкай мытні і прызначаны для рэнтгенаўскага сканавання аўтатранспартных сродкаў, якія перамяшчаюцца цераз мытную мяжу.

Усе работы па праекце выкананы кітайскім бокам пад ключ, у тым ліку будаўніцтва памяшканняў для размяшчэння абсталявання і персаналу, пастаўка рэнтгенаўскай сканавальнай сістэмы і іншага дапаможнага абсталявання, мантаж, наладка абсталявання, навучанне персаналу. Цягам трох гадоў тэхнічнае абслугоўванне і рамонт комплексу будзе выконваць кітайскі бок.

Агульны аб`ём бязвыплатнай тэхнічнай дапамогі па гэтым праекце склаў 25 млн. кітайскіх юаняў (прыблізна 4 млн. долараў ЗША).

Алякей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 27 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/262/11523
Текущая дата: 26.11.2024