Белорусский портал в Казахстане

Чатыры візавыя цэнтры Польшчы адкрыюцца ў Беларусі 1 сакавіка



Пра гэта паведаміў 25 лютага на прэс-канферэнцыі часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас.

Візавы цэнтр у Мінску адкрыецца па адрасе вул. Чыгуначная, 33. Гэта часовы адрас - праз два-тры тыдні цэнтр пераедзе на пяты паверх ГЗЦ Galileo каля чыгуначнага вакзала. Там будуць працаваць 50 вокнаў для прыёму і выдачы дакументаў.

Яшчэ тры цэнтры 1 сакавіка адкрыюцца ў трох абласных гарадах - Брэсце (вул. Маскоўская, 208A-1), Гродне (вул. Горкага, 89), Гомелі (вул. Пушкіна, 2).

Пры падачы дакументаў трэба заплаціць консульскі збор 60 еўра і сэрвісны збор за паслугі цэнтра - ён складзе 15 еўра (візавыя цэнтры розных краін устанаўліваюць розныя сумы).

Аплачваць сэрвісны збор трэба ў беларускіх рублях. Браніраваць час падачы дакументаў трэба загадзя - зрабіць гэта можна на сайце візавага цэнтра або па тэлефоне кол-цэнтра. Пры гэтым звяртацца па візу па-ранейшаму можна ў пасольства або генеральныя консульствы Польшчы.

Пазней візавыя цэнтры Польшчы з`явяцца ў Магілёве, Пінску, Баранавічах і Лідзе. "Аб канкрэтных датах будзе паведамлена пазней. Спадзяёмся, што гэта адбудзецца ўжо ў хуткім часе", - адзначыў Міхал Хабрас.

Кіраўнік консульскага аддзела пасольства Польшчы ў Беларусі Марак Пендзіх нагадаў, што Польшча ў гэтым годзе будзе прымаць Сусветны дзень моладзі, які плануе наведаць у тым ліку Папа Рымскі. Краіна разлічвае сабраць на гэтым мерапрыемстве каля 2,5 млн чалавек, сярод якіх, як чакаецца, будуць і тысячы беларусаў.

"Таму мы так спяшаліся з адкрыццём візавых цэнтраў", - растлумачыў Марак Пендзіх.

Мэта ўвядзення візавага аўтсорсінгу - спрашчэнне працэсу атрымання віз, змяншэнне чэргаў і часу чакання рэгістрацыі візавых анкет. За работу пунктаў прыёму візавых анкет у Беларусі будзе адказваць кампанія VFS Global, якая выйграла тэндар на аказанне гэтых паслуг.

25 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/204/34459
Текущая дата: 12.05.2024