Белорусский портал в Казахстане

Памёр старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі



Ва ўзросьце 52 гадоў памёр старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі. Прычыны сьмерці пакуль невядомыя.

Яшчэ ў 20-гадовым узросьце ў Анатоля Капскага выявілі рак. Першы курс хіміятэрапіі прайшоў у 1987 годзе. У 1999 годзе здарыўся рэцыдыў. Капскаму давялося прайсьці восем курсаў хіміятэрапіі за мяжой. У студзені 2013-га ў Вільні ён перанёс найскладанейшую апэрацыю на сэрцы, пасьля якой знаходзіўся ў трохдзённай коме, паведамляе tribyna.com

Зь сярэдзіны 1995 году Капскі ўзначаліў кампанію «Сталкер», празь якую прадаваў камплектуючыя на БАТЭ. Пазьней «Сталкер» стаў адным з дылераў прадукцыі завода. У 1996-м было вырашана аднаўляць завадзкую каманду БАТЭ. Кіраўніком клюбу стаў Анатоль Капскі, а галоўным спонсарам — яго прадпрыемства «Сталкер». У 2014 годзе, паводле вэрсіі «Ежедневника», Капскі стаў самым пасьпяховым бізнэсоўцам Менскай вобласьці.

Капскі быў адным з ініцыятараў стварэньня футбольнага клюбу БАТЭ, які быў заснаваны 12 красавіка 1996 году.

У 1999-м барысаўчане ўпершыню заваявалі залатыя мэдалі чэмпіянату Беларусі. З тых часоў каманда пастаянна ўваходзіць у лік лепшых беларускіх клюбаў. На яе рахунку — чатырнаццаць чэмпіёнскіх тытулаў. Акрамя таго, адзін з самых знакамітых айчынных клюбаў за 21 год свайго існаваньня тройчы перамагаў у Кубку Беларусі і сем разоў — у Супэркубку.

Радыё Свабода, 22 верасьня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-/3/45014
Текущая дата: 27.04.2024