Яны хацелі паляваць у беларускіх лясах, але іх затрымала міліцыя.
На Магілёўшчыне, у Хоцімскім раёне, затрымалі двух грамадзян Расеі, якія завіталі ў мясцовыя лясы, каб папаляваць. Ліцэнзіі на паляваньне, як перадаюць афіцыйныя крыніцы, у іх не было. Дазволу на ўвоз у Беларусь зброі — таксама.
Беларускай дзічыны расейцы набіць не пасьпелі. Намер незаконна папаляваць у Беларусі патлумачылі тым, што ў Расеі стала менш дзічыны. Супраць расейцаў па факце незаконнага пераходу мяжы са зброяй распачата крымінальная справа.
Хоцімскі паляўнічы з трыццацігадовым стажам Валеры Каранкевіч зазначае, што расейцы на паляваньні часам пераходзяць беларускую мяжу, але ня часта. Іншым разам у паляўнічым запале, кажа Каранкевіч, нехта зь іх і апынецца ў суседняй краіне. Тое самае здараецца і зь беларусамі.
Што да выпадку з затрыманьнем расейцаў, то Каранкевіч называе іхныя паводзіны абуральнымі:
Гэта сьведчыць, што яны ігнаруюць і не паважаюць беларускія законы. «Гэта сьведчыць, што яны ігнаруюць і не паважаюць беларускія законы. Я перакананы: яны ведалі, што парушаюць закон, але ўсё адно прыйшлі да нас незаконна ды са зброяй. Лічу, што з маёй пазыцыяй пагодзяцца беларускія паляўнічыя», — кажа Валеры Каранкевіч.
Паводле суразмоўцы, у расейскіх лясах напраўду замала засталося дзічыны — у Беларусі яе прыкметна болей.
Пагатоў вялікіх лясных масіваў на Браншчыне блізу расейска-беларускай мяжы няма. Валер Каранкевіч жартам падкрэсьлівае, што беларускае зьвяр’ё ў Бранскую вобласьць ходзіць як на выгул, а хаваецца ў беларускіх лясах.
Радыё Свабода
12 студзеня 2015, Менск
12 студзеня 2015, Менск
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/12-402/25/29011
Текущая дата: 28.11.2024