Белорусский портал в Казахстане

Дзе працаваў, там і заплацяць?




На працягу некалькіх бліжэйшых гадоў могуць змяніцца ўмовы выплат пенсій грамадзянам, якія пераязджаюць з адной краіны СНД у іншую на пастаяннае месца жыхарства. У прыватнасці, паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларысы Яшковай, цяпер эксперты краін СНД вывучаюць пытанне аб магчымасці пераходу з тэрытарыяльнага на прапарцыянальны прынцып прызначэння пенсій.

На сёння ў большасці выпадкаў пры пераездзе грамадзян з адной краіны СНД у іншую пенсія прызначаецца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, інакш кажучы, паводле заканадаўства той краіны, дзе пражывае пенсіянер цяпер. Сутнасць прапарцыянальнага прынцыпу іншая — паводле гэтага прынцыпу пенсія ці яе частка павінна выплачвацца той краінай, дзе чалавек працаваў і зарабіў стаж.

Дарэчы, заўважыла Ларыса Яшкова, прапарцыянальны прынцып ужо дзейнічае ў адносінах з дзвюма постсавецкімі краінамі — Літвой і Латвіяй. Пенсіі ў выпадку міграцыі з Расіяй могуць выплачвацца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу або паводле прынцыпу прапорцый — на выбар чалавека. У адносінах з Украінай, Малдовай, Арменіяй, і краінамі Сярэдняй Азіі дзейнічае тэрытарыяльны прынцып. Пры гэтым на сёння пытанні пенсійнага забеспячэння ў выпадку пераезду застаюцца неўрэгуляванымі з трыма постсавецкімі дзяржавамі — Эстоніяй, Азербайджанам і Грузіяй.

Сяргей Грыб
Звязда
5 студзеня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/13-/54/3624
Текущая дата: 16.11.2024