На сёння ў большасці выпадкаў пры пераездзе грамадзян з адной краіны СНД у іншую пенсія прызначаецца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, інакш кажучы, паводле заканадаўства той краіны, дзе пражывае пенсіянер цяпер. Сутнасць прапарцыянальнага прынцыпу іншая — паводле гэтага прынцыпу пенсія ці яе частка павінна выплачвацца той краінай, дзе чалавек працаваў і зарабіў стаж.
Дарэчы, заўважыла Ларыса Яшкова, прапарцыянальны прынцып ужо дзейнічае ў адносінах з дзвюма постсавецкімі краінамі — Літвой і Латвіяй. Пенсіі ў выпадку міграцыі з Расіяй могуць выплачвацца паводле тэрытарыяльнага прынцыпу або паводле прынцыпу прапорцый — на выбар чалавека. У адносінах з Украінай, Малдовай, Арменіяй, і краінамі Сярэдняй Азіі дзейнічае тэрытарыяльны прынцып. Пры гэтым на сёння пытанні пенсійнага забеспячэння ў выпадку пераезду застаюцца неўрэгуляванымі з трыма постсавецкімі дзяржавамі — Эстоніяй, Азербайджанам і Грузіяй.
Сяргей Грыб
Звязда
5 студзеня 2011