Міністэрства адукацыі вызначылася з тэставымі баламі, якія будуць сёлета прыраўновацца на цэнтралізаваным тэсціраванні да нездавальняючай адзнакі.
Ніжні парог вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па першым профільным прадмеце вырас на 5 балаў, а па другой профільнай дысцыпліне застаўся ранейшы.
Так, па беларускай або рускай мове нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 24 балаў для філалагічных спецыяльнасцяў і ад 0 да 9 балаў — для ўсіх астатніх спецыяльнасцяў.
Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з`яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 19 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 20 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з`яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца, і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў).
Калі першай профільнай дысцыплінай з`яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 24. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба будзе набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.
Самыя нізкія парогавыя значэнні ўстаноўлены для абітурыентаў, якія будуць сёлета паступаць у ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў “Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”, “Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства”, “Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый”, “Меліярацыя і водная гаспадарка” і “Аграінжынерыя”.
Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 7 балаў па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя найноўшага часу”, “Грамадазнаўства”, “Геаграфія” і “Замежныя мовы”. Вынік ад 0 да 6 балаў будзе лічыцца нездавальняючым.
У Міністэрстве адукацыі лічаць, што павышэнне парога па профільным прадмеце павысіць значнасць гэтай дысцыпліны і дазволіць адабраць найбольш падрыхтаваных абітурыентаў. Паэтапнае павышэнне парогавых значэнняў па выніках ЦТ працягнецца і ў наступныя гады…
Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 18 сакавіка 2018
Звязда, 18 сакавіка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/15-/45/42874
Текущая дата: 26.12.2024