Белорусский портал в Казахстане

Пракат мастацкага фільма "Не гульня" стартуе ў кінатэатрах Беларусі 12 красавіка



Прагэта паведамілі на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Пракат мастацкага фільма "Не гульня", створанага на кінастудыі "Беларусьфільм" і прысвечанага 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, стартуе ў кінатэатрах краіны 12 красавіка.

Новая карціна - поўнаметражны ігравы фільм у жанры драмы. Паводле сюжэта, малады амбіцыйны праграміст Аляксей Кузьмянкоў, які распрацоўвае камп`ютарныя гульні, перажывае прафесійную няўдачу. Каб напісаць рэалістычны сцэнарый гульні, ён вырашае пайсці ў армію, у танкавыя войскі.

Праходзячы службу, Аляксей развітваецца з ілюзіямі адносна лёгкіх перамог і хуткіх дасягненняў, пераадольвае ўласныя слабасці і спакусы, сустракае надзейных і верных сяброў, становіцца сапраўдным мужчынам і адкрывае новыя перспектывы ўласнага жыцця.

Рэжысёр мантажу - Ігар Пашкевіч. Аўтары сцэнарыя - Яўген Амельчанка, Канстанцін Гагарын, Дзяніс Нупрэйчык. Аператар-пастаноўшчык Віктар Бандаровіч. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Тоўсцік. Кампазітар - Максім Кашавараў. Галоўныя ролі выконваюць маладыя акцёры Павел Паўлюць, Мікіта Лубянько, Барыс Шумілін, Эльдар Данільчык. Таксама ў карціне задзейнічаны Святлана Анікей, Таццяна Янкевіч, Ігар Сігаў, Пётр Юрчанкаў, Дзмітрый Глазачаў, Андрэй Новік. Для Пятра Юрчанкава роля ў гэтым фільме стала апошняй. Здымкі прайшлі ў Мінску, на "Лініі Сталіна", Кургане Славы, у ваенным гарадку ў Печах.

Кансультантамі карціны выступілі прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі. У карціне знайшлося месца каханню, сяброўству, здрадзе, мэтанакіраванасці, пераадоленню сябе, гераізму, подзвігу.

А таксама стральбе, пагоням, выбухам, танкавым бітвам і рэканструкцыі баёў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мастацкі фільм "Не гульня" створаны на кінастудыі "Беларусьфільм" па заказе Міністэрства культуры Беларусі пры ўдзеле Міністэрства абароны.

30 сакавіка 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-/3/42982
Текущая дата: 07.05.2024