Бадай, няма чалавека ў Любані, які б не ведаў Сяргея Выскварку. Ён даволі вядомы і ў творчых колах Беларусі як аматар традыцыйных беларускіх танцаў, этнахарэограф, этнапедагог.
Сяргей Георгіевіч ужо дваццаць пяць гадоў кіруе ўзорным дзіцячым фальклорным ансамблем «Верабейкі». Сёння ў ім займаюцца пяцьдзясят выхаванцаў, якія дзеляцца на старшую і малодшую групы. Акрамя таго, ён узначальвае гурт народнага гумару «Смехаўё», дзе ўдзельнічаюць работнікі культуры, якія ствараюць на мясцовым матэрыяле гумарыстычныя праграмы, прадстаўляюць цікавыя гісторыі з жыцця і побыту землякоў. Кіруе фалькларыст і танцавальнай групай «Напарачка». Гэты калектыў ўзяў назву ад аднайменнага танца, які быў калісьці распаўсюджаны на Любаншчыне.
«Я ведаю, як яго танцаваць, — кажа Сяргей Георгіевіч. — Але, на жаль, няма да яго музычнага матэрыялу. У фальклоры ўсё павінна быць правільна і праўдзіва. Мы не можам тут нічога выдумляць, праяўляць сваю творчасць, як, напрыклад, у сцэнічным мастацтве. У фальклорным гурце ідзе аднаўленне таго, што было раней. І вельмі хочацца, каб была праўда ў сцэнічнасці, строях, манеры выканання».

— Сяргей Георгіевіч, наколькі ведаю, танцы, якія выконваюць «Верабейкі», — гэта фальклорны матэрыял, здабыты падчас экспедыцый?
— Так, раней я шмат ездзіў па вёсках Любанскага раёна і па ўспамінах бабуль запісваў розныя танцы. Паколькі я не харэограф па спецыяльнасці, то запісваў іх, як разумеў. Цяпер стала прасцей: калі ўдаецца знайсці нешта новае, то здымаем на відэа і захоўваем у архіве, — кажа суразмоўнік.
Дарэчы, на Любаншчыне дзейнічаюць дваццаць фальклорных гуртоў, сем з іх — аўтэнтычныя. Гэта больш, чым ва ўсёй Мінскай вобласці. А адроджана больш за 105 танцаў, якія былі раней папулярныя ў рэгіёне. У прыватнасці, Сяргею Выскварку пашчасціла аднавіць рэдкі танец «Каваля». Даведаўся фалькларыст аб ім ад Аўдоцці Чэкан з вёскі Старыя Юрковічы. На той час жанчыне было 102 гады. Гэты танец ілюстрацыйны, удзельнікі аб`яўляюць фігуры, што майстраваў каваль, выбудоўваюць іх сваімі целамі і імітуюць працэс іх вырабу. Напрыклад, серп, лямеш, абруч, замок, ключ.
— Якія танцы для вас самыя яркія, любімыя?
— Калі запытаць у маці, якое дзіця ў яе самае любімае, то яна адкажа, што любіць усіх аднолькава. Так і для мяне яны ўсе любыя сэрцу. Для гледачоў фальклор нецікавы, таму што гэта мастацтва для ўдзелу. Калі ты танцуеш сам, то працэс зацягвае, захапляе. І тады табе няважна, ці складаныя там каленцы або больш-менш простыя. Гледачам цікава назіраць збоку за кадрыляй, бо тут вельмі шмат перастройванняў і людзям смешна, калі нехта заблытаецца і не туды пойдзе, — разважае спецыяліст. — А ёсць складаныя танцы, як «Субота», дзе даволі цяжкія рухі. Нашым сучаснікам многія матывы фальклору не зразумелыя: мы людзі іншага стагоддзя. Калі да мяне прыходзяць новыя ўдзельнікі, то я заўсёды ім кажу: забудзьце тое, што ведаеце з сучаснасці, і ўявіце сабе жыццё сваіх дзядоў і бабуль. Цяпер, напрыклад, не носяць доўгіх спадніц, у якіх можна заблытацца. А яшчэ пры гэтым раней жанчыны танцавалі, ды танцавалі так, каб не заварочвалася ліштва звонку, бо гэта лічылася непрыстойным. Неабходна было таксама ўмець стаяць у пары. З дарослымі артыстамі, вядома, лягчэй. А дзецям кожны раз трэба ўсё расказаць і паказаць. Хочацца, каб яны праз фальклор спасцігалі вопыт натуральнай гаспадаркі, якую вялі нашы продкі.
— А дзе шукаеце малых удзельнікаў гурта? Магчыма, бацькі прыводзяць за руку сваіх дзяцей?
— Усяк бывае. І за руку водзяць, але найчасцей іду сам у школу. Галоўнае правіла — не адбіраць толькі здольных хлопчыкаў і дзяўчатак. Фальклорным мастацтвам можа валодаць любы. Звычайна бяру цэлы клас. Рэпетыцыі ў нас ладзяцца два разы на тыдзень, — расказвае пра свае метады работы Сяргей Выскварка.
А ці лёгка навучыць дзяцей фальклорнаму мастацтву? Па словах майстра, напачатку яго выхаванцы цяжка спасцігаюць трайны рытм, тое, што ўласціва народным танцам: раз-два-тры, раз-два-тры. Сучасная музыка вельмі простая, заснаваная на двайным рытме: раз-два, раз-два. Бывае, дзеці не разумеюць з першага разу, куды яны прыйшлі. Але з цягам часу растуць, развіваюцца. І да дзясятага класа становяцца такімі зухаватымі артыстамі, якія выступаюць на фестывалях.
«Я не стаўлю перад сабой мэту, каб усе яны займаліся фальклорам. Напэўна, трэба, каб быў дзікі лес і прыбраны сад, — упэўнены Сяргей Георгіевіч. — Сцэнічная культура — гэта прыбраны сад, а дзікі лес — гэта якраз фальклор. І ён не для сцэны, а для жыцця. Я бачу, як мае дзеці на вяселлях, на любым вялікім свяце, дзе гучыць народная музыка, свабодна і звыкла танцуюць. Яны гэта робяць дзеля таго, каб працягнуць гэтае фальклорнае жыццё, а не для таго, каб паказаць сябе. Гледзячы на іх, многія людзі не саромеюцца стаць у круг».

З дня заснавання калектыў выступіў на шмат якіх фестывалях у Беларусі, за мяжой. Было шмат перамог, безліч дыпломаў і прызоў. Традыцыйнымі сталі і майстар-класы, якія ладзяць удзельнікі гурта ў розных гарадах краіны.
«Мая вучаніца Насця Кухарэнка прыдумала новы праект «Пятровіца», які доўжыцца тыдзень — ад свята Купалля 7 ліпеня да свята Пятра і Паўла, якое адзначаецца 12 ліпеня. Маладыя людзі збіраюцца ў вёсцы Шыпілавічы на радзіме Паўла Шпілеўскага. Сюды прыязджаюць удзельнікі з усіх куткоў Беларусі, госці з Польшчы, Літвы, Германіі, Расіі. «Верабейкі» жывуць у палатках, харчуюцца тым, што прыгатавалі самі. І кожны дзень з ранку да вечара танцуюць любаньскія танцы і вучаць ім іншых. Дарэчы, тыя, хто прыязджае на фестываль, часцей за ўсё не маюць ніякага дачынення да культуры. Гэта інжынеры, праграмісты, супрацоўнікі розных арганізацый» — канстатуе Сяргей Выскварка.

— На працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў я імкнуўся не проста навучыць дзяцей танцаваць, бо сама па сабе харэаграфія фальклорнага танца простая. Стараюся, каб яны авалодалі сапраўднай манерай танцаваць, без свавольства ў паводзінах, лішніх рухаў плячыма, рукамі, нават вачыма. Гэта сістэма, якой неабходна адпавядаць. Да танца трэба падрыхтавацца, каб выканаць яго правільна, згодна з традыцыяй, — лічыць фалькларыст.
— І ўсё ж, Сяргей Георгіевіч, не хацелася б вам перабрацца ў сталіцу? Тут іншыя маштабы, магчымасці для творчасці.
— Я закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, застаўся ў аспірантуры. На апошняй акалічнасці настойваў мой добры знаёмы і выдатны беларускі фалькларыст Васіль Ліцвінка. У мяне гатовая дысертацыя. Але, відаць, з-за пастаяннай занятасці або ляноты не магу яе абараніць, — жартуе Сяргей Выскварка. — Калі б у сутках было больш за дваццаць чатыры гадзіны, то, магчыма, давёў бы справу да канца. Але для мяне не гэта галоўнае, я не ганюся за славай. Калі ўбачу, што сваёй навуковай дзейнасцю не ўдаецца прыўнесці нешта новае ў беларускую фалькларыстыку, як кажуць у народзе, злезу з даху і не стану псаваць гонты.
У якасці вядучага я ўдзельнічаў у праекце «Спявае Беларусь» на тэлеканале «Беларусь 3». Пасля чаго мяне сустракалі землякі і здзіўляліся, што я не перабраўся на новае месца жыхарства. А я хачу жыць нават не ў райцэнтры, а ў вёсцы Пласток на Любаншчыне, дзе нарадзіўся, у дзедавай хаце. Неяк давялося пажыць ва Украіне. Але заўсёды цягнула на малую радзіму. І пры пад`ездзе да Любанскага раёна адразу падымаўся настрой: вось яна — родная зямля, непрыкметная, ціхая, але такая любая сэрцу. Магчыма, у Мінску сапраўды для мяне адкрываліся б новыя гарызонты. Але і тут хапае працы. Хто ж будзе апекавацца фальклорным мастацтвам маёй Любаншчыны, ладзіць тут па-сапраўднаму народныя святы, збіраць фальклорны і этнаграфічны матэрыял, шыць у мясцовых традыцыях народныя строі, на каго ж я пакіну маіх бабуль-спявачак, народных майстроў, танцораў...
Сяргей Выскварка напісаў некалькі кніг, выйшла шмат артыкулаў па фальклорным мастацтве, выдаў зборнік «Казка з быллю напалову» — гэта казкі, запісаныя ў Любанскім раёне. Выйшла ў свет кніжка «Маляваныя сны Паўла Марціновіча». Гэты мастак займаўся маляванымі дыванамі. Выдадзены фотаальбом «Традыцыйная Любаншчына», для якога зрабіў здымкі Альфрэд Мікуса. Асаблівым гонарам з`яўляецца кніжка «Беларускі танцавальны фальклор. Методыка працы з дзіцячым фальклорным калектывам». Да выпуску рыхтуецца альбом традыцыйнага народнага адзення.
Аўтар: Таццяна Лазоўская
Звязда, 3 красавіка 2019
Звязда, 3 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/521/47466
Текущая дата: 29.12.2024