Белорусский портал в Казахстане

1 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаць Дзень пажылога чалавека



Старасць называюць залатым часам, і восень, як вядома, таксама называюць залатой парой. Можа, таму ў самы разгар восеньскага сезона 1 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень пажылога чалавека.

Сёлета свет будзе святкаваць ужо 28-ы Дзень пажылога чалавека, наша краіна — 26-ы.

Беларусь адносіцца да ліку старэючых нацый. На пачатак года ў краіне пражывалі 2 млн 377 тысяч чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост, у іх ліку 696 тысяч мужчын і 1 млн 681 тысяча жанчын.

Удзельная вага пажылых сярод насельніцтва Беларусі складае 25,1 %. У сельскай мясцовасці гэты паказчык вышэйшы — 32 %, у гарадах — 23,1 %. Пры гэтым на 1 тысячу мужчын, старэйшых за працаздольны ўзрост, у Беларусі прыходзіцца 2,4 тысячы жанчын.

Таксама па стане на 1 ліпеня ў Беларусі пражывалі 396 чалавек, старэйшых за 100 гадоў, у тым ліку 41 мужчына і 355 жанчын.

Як расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, па апошніх даных, 90,1 % непрацаздольных пажылых беларусаў атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома. Сацыяльныя работнікі абслугоўваюць дома 30,5 % пажылых людзей ва ўзросце да 75 гадоў, 24,8 % — ад 75 да 80 гадоў і амаль палову — 44,7 % ва ўзросце 80 гадоў і старэй. З іх 26 % — адзінокія грамадзяне.

Аказанне сацыяльных паслуг, паводле слоў Аляксандра Румака, дыферэнцыравана. Бясплатна іх атрымліваюць адзінокія малазабяспечаныя грамадзяне, чый памер пенсіі меншы за бюджэт пражытачнага мінімуму, — гэта каля 2 % ад агульнай колькасці пажылых людзей, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі дома. Пажылыя людзі, якія маюць даход ад 1 да 2 бюджэтаў, аплачваюць каля 60 % ад кошту сацпаслуг.

Тым пажылым, якія маюць дзяцей працаздольнага ўзросту, што абавязаны ўтрымліваць бацькоў па законе, сацыяльныя паслугі дома аказваюцца на ўмовах поўнай аплаты.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны асабліва адзначае той факт, што ў нашай краіне пашыраецца кола сацыяльных паслуг, якія дазваляюць чалавеку даўжэй жыць у звыклых хатніх умовах. Калі раней адкрывалі аддзяленні дзённага знаходжання, дзе людзі маглі займацца клубнай і гуртковай дзейнасцю, то цяпер такія аддзяленні прызначаныя і для аказання дапамогі сем`ям у доглядзе пажылых.

* * *

У Беларусі створана 13 замяшчальных сем`яў для пажылых людзей. У лідарах — Мінская вобласць, дзе з`явілася сем такіх сем`яў. Замяшчальная сям`я — гэта арганізацыя сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей ва ўмовах іх сумеснага пражывання з тымі, хто гатовы ўзяць на сябе клопат аб прадстаўніках старэйшага пакалення. «Часцей за ўсё пажылых бяруць у іншыя сем`і дарослыя людзі, якія выгадавалі сваіх дзяцей, каб разам жыць і весці агульную гаспадарку», — заявіў Аляксандр Румак. Ён адзначыў, што калі пажылому чалавеку неабходны пастаянны догляд, то ў такіх выпадках замяшчальнай сям`і можа быць прызначана выплата.

* * *

У Беларусі плануецца распрацаваць Нацыянальную стратэгію ў інтарэсах пажылых людзей. Па словах Аляксандра Румака, НДІ працы Мінпрацы і сацабароны прыступіць да распрацоўкі гэтага дакумента ў 2019 годзе. Стратэгія павінна будзе прадугледжваць меры па рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей, задавальнення іх патрэб у розных сферах жыцця.

Калі пачынаецца старасць?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя распрацавала наступную ўзроставую класіфікацыю:

да 40 гадоў — малады ўзрост;
да 60 гадоў — сярэдні ўзрост;
60—75 гадоў — пажылыя людзі;
75—90 гадоў — старыя людзі;
пасля 90 гадоў — доўгажыхары.

Аўтар: Святлана Бусько
Звязда, 29 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/554/45140
Текущая дата: 16.11.2024