У Мінску падае попыт на другасным рынку жылля, што вядзе да зніжэння коштаў, зазначае ў аналітычным аглядзе намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля групы кампаній "Твая сталіца" Святлана Кудзелка.
Паводле яе слоў, колькасць выстаўленых на продаж кватэр працягвае расці (з пачатку кастрычніка колькасць кватэр павялічылася на 5% да 7 тыс.), аднак актыўнасць пакупнікоў з пачатку восені пастаянна зніжаецца. Спецыяліст гэтую тэндэнцыю тлумачыць тым, што асноўная хваля продажу ў бягучым годзе прыпала на лета. "Колькасць зарэгістраваных здзелак стала рэкорднай за апошнія 10 гадоў, і цяпер попыт моцна аслабеў. Але варта заўважыць, што па-ранейшаму ёсць пакупнікі, арыентаваныя на набыццё самых танных кватэр коштам каля 30 тыс. долараў. Падобных заявак на куплю зараз больш за 30%", — сказала намеснік дырэктара групы кампаній.
На яе думку, у найбліжэйшы час чакаецца захаванне падобнай сітуацыі. "Колькасць выстаўленых на продаж кватэр будзе расці, а аб`ектыўных перадумоў для актывізацыі пакупнікоў няма. Ужо зараз шырокі выбар на рынку падштурхоўвае пакупнікоў як да разгляду большай колькасці варыянтаў кватэр (10 кватэр не мяжа), так і да большага торгу. Усе гэта непасрэдна ўплывае на кошты — паступова яны пачынаюць зніжацца. У лістападзе сярэдняя цана здзелкі ўжо знізілася на 2%", — адзначыла Кудзелка.
Паводле яе слоў, сёння сітуацыя на рынку нерухомасці вельмі падобная на аналагічную канца 2008-га — пачатку 2009 года. Тады за некалькі месяцаў цэны на кватэры ўпалі на 30%. "Такога зніжэння цэн мы не прагназуем, але перад- і постнавагодняе зацішша пачнецца раней і скончыцца пазней, чым гэта было ў папярэднія гады", — лічыць эксперт.
Яна зазначыла: калі летам попыт быў на кватэры розных класаў якасці і цэнавых катэгорый, то цяпер пакупнік аддае перавагу жыллю, якое не патрабуе вялікіх грашовых укладанняў, тэрытарыяльна размешчанае ў раёнах з развітай транспартнай даступнасцю.
Больш за ўсё здзелак з кватэрамі ў дамах 1971—1999 гадоў пабудовы (гэта самая вялікая група дамоў з прадстаўленых на рынку). "Але ў любым выпадку пры ўсталяванні аб`ектыўнай цэны прадаўцам падобных кватэр можна разлічваць на стабільны інтарэс з боку пакупнікоў", — адзначыла Кудзелка.
Паводле інфармацыі групы кампаній, сярэднія цэны здзелак з кватэрамі стандартных спажывецкіх якасцяў у лістападзе сфармаваліся на ўзроўні 1.140 долараў за 1 кв. м для аднапакаёвых кватэр, 1.050 — для двухпакаёвых і 960 — для трохпакаёвых кватэр.
"Разам са зніжэннем цэнаў асаблівую цікавасць пакупнікі сталі праяўляць да каркасных і цагляных дамоў, пабудаваным пасля 2000 года. Цяпер яны сталі значна больш даступнымі па цане, іх кошт толькі трохі вышэйшы за кошт панэльных дамоў. Многія пакупнікі называюць кватэры ў падобных дамах найбольш аптымальным выбарам. У той час як сучасныя панэльныя дамы асаблівай папулярнасцю не карыстаюцца", — рэзюмавала Кудзелка.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 28 лістапада 2016
Мінск, 28 лістапада 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/667/37759
Текущая дата: 27.12.2024