Белорусский портал в Казахстане

Алесь Карлюкевіч пра ролю кнігі: Яна працягвае заставацца крыніцай ведаў і гарманічнага жыцця



Кніга працягвае заставацца крыніцай ведаў і гарманічнага жыцця. Такім меркаваннем на адкрыцці XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу падзяліўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначыў, што ўжо ў першыя гадзіны працы выстава сабрала велізарную колькасць людзей. «І я спадзяюся, што так будзе не толькі ў дзень адкрыцця, але і ва ўсе дні працы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу», — сказаў ён.

Аляксандр Карлюкевіч упэўнены: такая цікавасць сведчыць, што кніга ў сучасным свеце ўсё яшчэ адыгрывае важную ролю. «Сёння пісьменная і прыгожая кніга працягвае заставацца крыніцай ведаў і гарманічнага жыцця», — падкрэсліў ён.

Старшыня таксама звярнуўся да гасцей выставы: «хацелася б пажадаць усім новых чытацкіх адкрыццяў. У вас ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з кнігамі з 20 дзяржаў. Так што жадаю ўсім добрага чытання і выдатных знаходак».

XXXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіць у адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Яе ўдзельнікамі сталі каля 20 краін, а адной з галоўных тэм — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У праграме выставы-сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі, прэзентацыі замежных і айчынных кніг і многае іншае. Выстава працягнецца да 16 сакавіка.

Звязда, 12 сакавіка 2025


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/1/77435
Текущая дата: 13.03.2025